“Беларускія міфы” — гучыць не тое каб звыкла. Пра легенды і паданні чулі, а вось пра міфы… Аднак беларуская міфалогія не толькі існуе, але і не саступае міфалогіям іншых краін, так, тут мы не горшыя. А з нядаўняга часу спрычыніцца да міфалогіі цяпер можна ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, дзе адкрыўся Цэнтр міфалагічнага турызму.
Карэспандэнты Budzma.by наведалі Цэнтр, даследавалі экалагічную сцяжыну “У краі міфаў” і наведалі Музей міфічных істотаў.
- 5 кіламетраў міфаў
Экалагічная сцяжына “У краіне міфаў” доўжыцца пяць кіламетраў — прырода запаведніка настолькі некранутая, што часам можна выпадкова згубіць, уласна кажучы, сцяжыну, а пасля гэтак жа выпадкова зноў на яе трапіць.
Цягам усіх пяці кіламетраў вам сустрэнуцца беларускія міфічныя істоты агульнай колькасцю ў 17 штук. І калі наконт лесавіка вы хутчэй за ўсё ў курсе, то такія персанажы, як аржавень ці пушчавік, вядомыя не ўсім.
- Дызайнерскі балотнік і ўсе-ўсе-ўсе
Менавіта, усе персанажы, якіх вы сустрэнеце, створаныя Саюзам дызайнераў Беларусі. І выглядаюць яны вельмі сучасна — балотны аржавень нагадае пра існаванне жанру стымпанк, а пушчавік — пра амерыканскі фестываль Burning Man. Некласічны падыход да міфалогіі падаецца плюсам, бо “тыповага” лесавіка, здаецца, можа сабе ўявіць любы з нас, а вось паспрабуйце паразважаць на тэму, чаму вужыны кароль пляскаты, а ягоная жонка — не? Да таго ж пра кожнага персанажа можна прачытаць на адпаведнай шыльдзе побач. У тым ліку на англійскай мове. Ці ведалі вы, напрыклад, што наш міфічны “Баравы” па-англійску гучыць як Pine Forrest Goblin?
- Сцеражыцеся трасцы
Як будуць выглядаць экскурсіі па экасцяжыне ў будучыні, можна ўбачыць у найбліжэйшы час. На адкрыцці экскурсантаў сустрэлі акцёры-аніматары, якія і ўвасаблялі міфічных персанажаў. Калі так будзе і надалей, то вось вам колькі папярэджанняў: а) сцеражыцеся трасцы; б) калі прапаноўваюць спець ці станчыць — лепей спець ці станчыць; в) усе персанажы страшна перажываюць за экасістэму лесу, таму маюць кепскі характар.
А, і ледзь не забыліся: беларускія русалкі сухапутныя, што робіць міфы пра іх больш рэалістычнымі, бо спакушальныя здольнасці жанчыны з хвастом рыбы замест ног часам выклікаюць пытанні.
- Балота
Ну і, канечне, перлінай сцяжыны робіцца балота — заглыбляцца ў яго мы, зразумела, не раім, аднак паглядзець варта. Асабліва са спецыяльнай агляднай пляцоўкі — балоту запаведніка некалькі тысяч гадоў, і час ля яго таксама, здаецца, застывае. Ну і наконт вужоў папярэдзім: яны тут не толькі ў дызайнерскім выкананні, але і цалкам сабе рэальныя.
- Музей
Музей міфічных істотаў адносна невялікі — тры пакоі, якія сімвалізуюць “ніжні свет”, “свет людзей” і “неба”. У кожным з іх вы пачуеце адпаведны ўрывак аўдыёспектакля аўтарства Васіля Дранько-Майсюка. Што да візуалізацыі, то яна хутчэй мінімалістычная, але зробленая пры гэтым вельмі стылёва.
- Запаведнік і тэхналогіі
Паколькі праект Цэнтра па ўсіх паказчыках вельмі сучасны, то і музей працуе на сонечнай электрастанцыі, а ўся экскурсія як па экалагічнай сцяжыне, так і па музеі поўніцца гукавымі і светлавымі інсталяцымі. Дарэчы, ледзь не забыліся: экскурсіі маюць начны варыянт — магчыма ён выкліча на тузін эмоцыяў болей.
- Пры падтрымцы ПРААН
Важна зазначыць, што Цэнтр міфалагічнага турызму, створаны кіраўніцтвам запаведніка, а таксама БАА “Адпачынак у вёсцы” ў межах праекта “Садзеянне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі”, фінансуецца ЕС і рэалізуецца ПРААН.
Гэта той выпадак, калі супраца мясцовых уладаў і замежных фондаў дае відавочны вынік, які можа быць прыкладам для ўсёй краіны. Турызм добра прывязваецца да беларускай традыцыі, менавіта таго, што робіць нас адметнымі.
Мікалай Левертаў, фота Зарыны Кандрацьевай