Навошта на тэрміновую службу прызываюць усё больш хлопцаў; колькі каштуе дзяржаве салдат тэрміновай службы, а колькі – кантрактнік; колькі ў Беларусі “ўхілістаў” і чаму ўлады хаваюць іх лічбу? На гэтыя пытанні адказвалі спікеры на ток-шоў у Гомелі.
У апошні дзень восені ў Гомелі адбылося ток-шоў, прысвечанае т.зв. закону “пра адтэрміноўкі”. Сустрэча была зладжаная пры ўдзеле грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Гомельскай філіі праваабарончага цэнтра “Вясна”.
На фота: Андрэй Паротнікаў, Леанід Судаленка, Зміцер Міцкевіч
Спікерамі ток-шоў выступілі Андрэй Паротнікаў, заснавальнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog, Зміцер Міцкевіч, журналіст “Белсата”, аналітык Belarus Security Blog, і Леанід Судаленка, праваабаронца, які займаўся і абаронай прызыўнікоў, бацька чатырох сыноў.
У жніўні 2019 года набыў моц закон з назвай, якую складана паўтарыць, не тое што зразумець: "Об изменении законов по вопросам эффективного функционирования военной организации государства". Народ адразу перайменаваў яго ў “закон пра адтэрміноўкі”, бо галоўная навінка закона – змяншэнне колькасці адтэрміновак ад абавязковай ваеннай службы. Цяпер для атрымання адукацыі адтэрміноўка магчымая толькі адна.
Віктар Марціновіч: Сістэмныя высновы з “закона аб адтэрміноўках”
Гэтая навіна выклікала абурэнні і нават вулічныя пратэсты (праўда, нешматлікія) сярод тых, каго закон тычыцца непасрэдна: будучых прызыўнікоў. Людзі задавалі слушныя пытанні: навошта беларуская дзяржава так груба ўмешваецца ў прыватнае жыццё?
Аналітык Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў сцвярджае, што закон “пра адтэрміноўкі” – гэта толькі верх айсберга; нават не вынік, а невялікі крок працяглай, вялікай працы Мінабароны па павелічэнні колькаснага складу беларускага войска.
Андрэй Паротнікаў
Навошта Беларусі вялікае войска, Мінабароны не адказвае наўпрост – гэтае міністэрства, паводле спікераў, дзеліцца навінамі вельмі неахвотна, робячы спробы мухляваць нават з тымі звесткамі, якія павіннае даваць згодна з міжнароднымі абавязальніцтвамі (напрыклад, аб колькасным складзе войска ў справаздачы для АБСЕ). Аднак аналітыкі Belarus Security Blog, збіраючы па драбніцах інфармацыю з адкрытых крыніц, выбудоўваюць агульную карціну, больш дасяжную для разумення і аналізу. Патрэба ў павелічэнні арміі, а менавіта ў салдатах тэрміновай службы, на думку Андрэя Паротнікава, відавочная:
– Калі мы адсочым дынаміку колькасці прызыўнікоў, то раней у сярэднім прызывалася прыблізна 9-10 тысяч на тэрміновую службу і 1-2 тысячы – ў рэзерв. А ў мінулым годзе ўвосень на тэрміновую службу прызвалі 13 000 чалавек, і пры гэтым план прызыву не быў выкананы.
Размовы аб маленькай кампактнай арміі, паводле спікера, для Беларусі больш не актуальныя:
– Зноў, як у часы Напалеона, войны выігрываюць вялікія батальёны. Апошнія войны за 15-20 гадоў, такія як аперацыі ЗША ў Афганістане і Іраку, паказалі, што не толькі якасць, але і колькасць маюць значэнне. І вайна ва Украіне гэта пацвердзіла.
Менавіта таму Мінабароны перагледзела планы вайсковага будаўніцтва, і ўзнікла патрэба ў дадатковых прызыўніках. На людзях гэтыя змены адбіліся толькі ў жніўні 2019 года, калі хлопцы замест універсітэтаў выправіліся ў войска.
Прафесійнае войска ў Беларусі: за і супраць
У публічных дыскусіях, галоўным чынам сканцэнтраваных у беларускім сегменце фэйсбука, гучалі пытанні аб кантрактным войску: чаму Мінабароны не сканцэнтруецца на адпаведных рэформах?
Андрэй Паротнікаў патлумачыў немагчымасць пераходу да кантрактнага войска ў найбліжэйшай будучыні:
– Дадатковых прызыўнікоў дабраць па кантракце немагчыма, бо кантрактнік каштуе дзяржаве як мінімум удвая даражэй за салдата тэрміновай службы.
Інфармацыя аб “кошце” кантрактнікаў і салдатаў па прымусе аналітыкам Belarus Security Blog давялося здабываць невідавочным чынам. Мінабароны, зразумела, не выклала гэтыя разлікі на сваім сайце або на старонцы ў фэйсбуку.
– Улетку мы назіралі судовыя разбіральніцтвы паміж Мінабароны і мясцовымі выканкамамі ў Віцебскай вобласці, бо тыя прызвалі на службу людзей, якія потым былі камісаваныя па стане здароўя. У сярэднім адзін салдат тэрміновай службы каштуе дзяржаве 260 даляраў у месяц. Гэта вынікала з матэрыялаў судовых справаў, дзе ёсць позвы Мінабароны да мясцовых уладаў аб кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне салдат, – назваў крыніцы інфармацыі Андрэй Паротнікаў.
Аднак татальнага прызыву ўсіх асобаў мужчынскага полу ўжо ў гэты верасень чакаць не выпадае, упэўненыя спікеры. Бо Міністэрства абароны, па-першае, – вельмі бюракратызаваная і павольная інстытуцыя: устаноўкі на паляпшэнне іміджу тэрміновай службы і павелічэнне колькасці арміі былі прынятыя яшчэ ў 2014–2015 гг, і толькі ў 2019-м пачаліся больш-менш заўважныя зрухі. Да таго ж, паводле Андрэя Паротнікава, адна справа – выдаць закон, і абсалютна іншая – выпрацаваць практыку яго прымянення: бо пакуль што зусім не ясныя працэдуры, напрыклад, па якіх будуць прымяняць санкцыі да “ўхілістаў”, якіх, паводле сабраных звестак, у Беларусі каля чатырох тысяч:
– Санкцыі прадугледжаныя аж да крымінальных. А чатыры тысячы новых крымінальных справаў – гэта ўжо не юрыдычная праблема, а палітычная.
Зміцер Міцкевіч, аналітык Belarus Security Blog, мяркуе, што працэдурныя недакладнасці закона “пра адтэрміноўкі” ператвораць яго ў чарговы фармальны закон, які не працуе так, як задумалі заканатворцы (у гэтым выпадку – Мінабароны). Паводле Змітра Міцкевіча, прызыўнікі будуць вырашаць гэтую праблему дасяжнымі ім сродкамі: або праз ад’езд за мяжу – то бок плынь эміграцыі з Беларусі яшчэ больш павялічыцца, або праз карупцыю – даючы хабар за “адмазку” ад войска.
Зміцер Міцкевіч
З тым, што любой краіне патрэбнае баяздольнае войска як гарант суверэнітэту, спрачацца цяжка. Аднак задача Мінабароны па павышэнні прэстыжу тэрміновай службы відавочна праваленая; як доказ – намер “адкасіць” даўно не ўважаецца за ганьбу. З “адкосам” як нормай не згодны праваабаронца Леанід Судаленка, чые два сыны ўжо адслужылі, трэці “аддае доўг радзіме” ў гэты час, а чацвёрты пакуль маленькі. Аднак каму, як не Леаніду Судаленку, выдатна вядома, што цяперашняе войска ў Беларусі далёкае ад ідэальнага ўяўлення пра яго. Менавіта Судаленка быў аўтарам калектыўнага ліста за адстаўку міністра абароны Раўкова пасля гібелі ў Печах салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Гэта не адзіны кейс абароны прызыўнікоў у яго практыцы. Леанід Судаленка параўнаў умовы тэрміновай службы з турэмным зняволеннем:
– Чаму салдат ходзіць у лазню толькі раз на тыдзень? А чаму не двойчы? Чаму не штодня? Чаму забаронена карыстацца мабільным тэлефонам, якая патрэба трымаць салдатаў за плотам, дзеля якіх мэтаў яны не могуць штотыдзень сустракацца з сям’ёй? Салдаты падчас службы ізаляваныя ад грамадства, як у турме.
Леанід Судаленка выступае за кантрактнае войска.
Леанід Судаленка
Якія прагнозы даюць эксперты датычна стану прызыўнікоў у найбліжэйшай будучыні? Андрэй Паротнікаў упэўнены, што закон “пра адтэрміноўкі” – толькі пачатак:
– Гэта не апошняя змена заканадаўства аб тэрміновай службе. Трэба чакаць, што будуць падоўжаныя тэрміны службы; напрыклад, можа быць скасаваная норма, што людзі з вышэйшай адукацыяй служаць 12 месяцаў; і ўсе будуць служыць аднолькава, 18 месяцаў. Або нас чакае падвышэнне ўзросту прызыву на ваенную службу з 27 гадоў да 30-32. Гучаць нават на ўзроўні прыватных ідэяў лічбы да 48 гадоў.
Максім Жбанкоў: Дзікае войска караля Стаха
Ток-шоў закранула пытанні будучыні беларускага войска ў кантэксце геапалітычных падзеяў у рэгіёне і, як вынік, будучыні Беларусі як суверэннай дзяржавы. Войска, паводле экспертаў, – гэта не толькі пра вайну; гэта і пра кансалідацыю нацыі, пра аб’яднанне вакол незалежнасці краіны як агульнай каштоўнасці.
Тэкст і фота:Яўгенія Стрыжак
Для даведкі:
Праект Belarus Security Blog узнік у студзені 2011 года як рэакцыя на недахоп аб’ектыўнай інфармацыі аб падзеях 19.12.2010, іх перадгісторыі, ролі і ступені адказнасці ў тым, што адбылося, кожнага з удзельнікаў. Місія праекта палягае на аб’ектыўным аналізе сітуацыі ў сферы нацыянальнай бяспекі Беларусі і прагназаванні яе развіцця наколькі магчыма.
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!