Пераможцай першага канцэрту трэцяга сезону праекту “Я пою!” на тэлеканале АНТ стала Сабрына Бабшукова, якая выканала песню Алены Свірыдавай “Пакуль” у перакладзе Андрэя Хадановіча. Нагадаем, песня была створаная адмыслова для ўдзелу ў праекце «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2». Менавіта гэтую песню абрала для выканання на конкурсе тэлеканала АНТ «Я пою!» удзельніца Сабрына Бабшукова. У першы дзень конкурса гэта быў адзіны беларускамоўны нумар, які перамог па выніках галасавання гледачоў у зале.
Праект «Я пою!» дае магчымасць дзецям з дзіцячых дамоў, шматдзетных і няпоўных сямей раскрыць вакальныя здольнасці, выступіўшы на сцэне ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.
Праект, які быў адзначаны ў Беларусі ды атрымаў шыльду «Сьвята маргінальнасьці і цуд дыпляматыі», працягвае актыўнае пострэлізнае жыццё. Песні з праекту можна замаўляць на хвалях беларускіх радыёстанцый, а аддзячыць некаторых з артыстаў можна на буйным партале Thankyou.ru.
Нагадаем, што гэта не першы пазітыўны “засвет” праекту грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і парталу “Тузін Гітоў” на тэлебачанні. Раней Аляксандр Рыбак заспяваў “Небасхіл Еўропы” па-беларуску на БТ падчас удзелу ў«Еўрафэсце». Як і ў праекце АНТ, песня з “Перазагрузкі” тады была адзіным беларускамоўным творам імпрэзы. Прыемнай тэндэнцыяй стала і тое, што пасля рэлізу “Перазагрузкі-2” навагодні канцэрт-2013 на АНТ быў цалкам пабудаваны на пераспевах вядомых песень па-беларуску.