11 кастрычніка на сцэне Віцебскага клуба Zebra адбыўся канцэрт вядомага беларускага поп-метал гурта Mauzer, пераможцы галоўнага айчыннага рок-фестываля “Басовішча” ў 2006 годзе і лаўрэата фестываля “Рок-Кола 2005” у Полацку. Канцэрт ладзіўся ў рамках усебеларускай кампаніі “Будзьма”, якая, па словах вядучага канцэрта Віталя Броўкі, прысвечаная “тым, хто слухае беларускую музыку”.
На “разагрэве” ў Mauzerа выступалі маладыя віцебскія гурты CHI WANGА, HELLOCOST і Jenowa. Сам Mauzer выконваў пераважна свае новыя песні, якія, па меркаванні наведнікаў канцэрта, нагадвалі па тэматыцы дэбютны альбом гурта “Радасць”. У перапынках паміж выступамі музыкаў аўдыторыя мела магчымасць паўдзельнічаць у конкурсах і пазмагацца за кашулькі з фірмовым лагатыпам “Будзьма”.
Атмасфера канцэрта адпавядала зместу саміх песень гурта : брутальнасць і моцная энргетыка прысутнічалі ад пачатку да канцы імпрэзы. “…мы група драматычнага кірунку, таму адпаведныя эмоцыі для мяне павінныя быць негатыўнымі… да таго ж у маіх тэкстах вельмі шмат цытат, скіраваных мне…” – адзначыў саліст гурта Ян Mauzer.
Канцэрты ды іншыя імпрэзы з удзелам вядомых дзеячаў беларускай культурнай прасторы пад знакам “Будзьма” будуць адбывацца па ўсё краіне. Сачыце за нашымі абвесткамі на сайце.