• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
22.12.2018 | Асоба

Беларус дабраўся аўтастопам да Ірана і цяпер працуе там гідам

Пяць гадоў таму Аляксандр Казлоўскі кардынальна змяніў сваё жыццё. Замест кар’еры ў Маскве абраў падарожжа аўтастопам. У 2013 годзе ён выехаў з Оршы і за паўгода наведаў Чачню, Дагестан, Турцыю, Азербайджан, Арменію, Грузію, Узбекістан і Іран. Потым былі Ірак, Пакістан, Індыя. Усяго каля 50 краін. Да чаго прывёў гэты лад жыцця, і якія дзіўныя рэчы давялося пабачыць падчас падарожжаў, Аляксандр распавёў budzma.by.

 

Па прасвятленне неабавязкова ехаць у Індыю

— Што здарылася ў вашым жыцці, што вы раптам вырашылі падарожнічаць, ды яшчэ ў такія не вельмі турыстычныя краіны, як Іран і Ірак?

— Паводле адукацыі я эканаміст і перакладчык еўрапейскіх моваў. Пасля ВНУ я пераехаў у Маскву, дзе працаваў закупшчыкам у буйной кампаніі. Праца прыносіла нядрэнныя грошы, але яны ішлі на аплату пражывання ў Маскве. І гэтая праца мне не падабалася. Потым ад мяне яшчэ сышла дзяўчына. І ў нейкі момант я запытаўся: “А для чаго я ўсё гэта раблю, навошта кожны дзень хаджу на працу?” Якраз у гэты крызісны момант я пазнаёміўся з людзьмі, якія падарожнічалі аўтастопам. Яны распавялі мне, што можна аб’ехаць увесь свет практычна без грошай і што гэта прыносіць велізарнае задавальненне. У душы я заўсёды зайздросціў такім людзям. І таму ў нейкі момант проста ўсё кінуў і паехаў — куды вочы глядзяць, дзе цёпла. Спачатку проста хацеў паглядзець Расію, але потым рушыў далей, цудам атрымаў візу ў Іран. І так паўгода. Гэта было крута і танна: бюджэт 6-месячнай вандроўкі быў роўны маёй месячнай зарплаце.

Я думаў, што бягу ад сябе, а насамрэч стаў больш да сябе прыслухоўвацца. Падзеі, якія потым пачалі са мной адбывацца, даводзілі: я іду ў правільным кірунку. Усё пачало атрымлівацца. На сваім шляху я ўбачыў вельмі шмат людзей, якія проста так дзеляцца з табой ежай, запрашаюць у дом як добрага знаёмага. Я ніколі не думаў, што можна так жыць. Мне раней людзі ніколі не дапамагалі і я нікому не дапамагаў.

— Як гэтыя падарожжы змянілі вашае жыццё?

— Я стаў прафесійным гідам і цяпер працую на іранскую туркампанію. Таксама ў мяне турыстычныя праекты ў Азербайджане, Пакістане і Іраку.

Мне падабаюцца старажытныя цывілізацыі і падабаецца, калі мяне слухаюць. Па нашых мерках гідам тут плацяць нядрэнныя грошы, у сярэднім 80-100 даляраў у дзень. У Іране працы шмат: турыстаў усё больш, а рускамоўных гідаў там вельмі мала.

Таксама пры падтрымцы пасольства Ірана выйшла мая кніга пра Іран, а для пасольства Ірака я апублікаваў даведнік па Іраку.

У выніку за апошнія 5-6 гадоў я пабываў у 50 краінах свету. Але я не ганюся за колькасцю. Больш за тое, магу сказаць, што чалавеку, які жыве ў Беларусі, неабавязкова па прасвятленне ляцець у Індыю. Ён можа знайсці гэта прасвятленне ў сваёй душы. Бог не надзяліў нас тым, каб мы, як мурашы, ведалі сваё прызначэнне. Яго трэба шукаць. А людзі рэдка задумваюцца пра гэта. Ды і магчымасцяў няма: трэба зарабляць на ежу, карміць дзяцей. Але калі ты нарэшце задумаешся пра тое, чым жа табе рэальна хочацца займацца, тады пачне ўсё складвацца. Я рады, што набыў новую прафесію: яна прыносіць мне задавальненне. У мяне таксама з’явілася сям’я, нарадзілася дачка.

 

Самае небяспечнае, старажытнае, дзіўнае

— Самая небяспечная прыгода ў вашых падарожжах?

— Калі ў Іраку мяне пасадзілі ў турму. Рэч у тым, што я перасек мяжу паміж Курдыстанам і так званым арабскім Іракам. Мяне палічылі шпіёнам і дэпартавалі, а перад дэпартацыяй пасадзілі ў турму на тры дні. Умяшаўся генеральны консул і ўсё вырашыў.

— Самая дзіўная сустрэча?

— Пасля свайго першага падарожжа я зарэгістраваўся на couchsurfing.com. І вось гэта было дзіўным. Дзіўна, што ад Багдада да Венецыі ты можаш бясплатна спыніцца ў незнаёмага чалавека. Усе людзі, у якіх я гасцяваў, падарылі мне магчымасць глыбока зразумець жыццё. Складана перадаць эмоцыі, калі ты тэлефануеш у іншую краіну, кажаш: “Прывітанне, гэта Аляксандр, гасціў у цябе 4 гады таму”, — і ў адказ чуеш: “Клас, прыязджай, я стол накрыю!”

— Самы старажытны артэфакт, які вы бачылі?

— У Багдадзе ў музеі я бачыў дзіўны артэфакт шумерскай цывілізацыі — гліняную таблічку з матэматычнай задачай: на ёй быў намаляваны прамавугольны трохвугольнік і трэба было знайсці гіпатэнузу па катэтах. Сёння мы называем гэта тэарэмай Піфагора. Піфагор жыў у 500-я гады да н. э., а гэтая таблічка датаваная III тысячагоддзем да н. э.! У тым жа музеі знаходзіцца самы першы музычны інструмент — арфа 2800 да н.э. Іх быццам бы ў свеце захавалася ўсяго тры. У гэтых краінах ёсць на што паглядзець. У Іране, напрыклад, гэта старажытны горад Персеполь, пабудаваны самім царом Дарыем прыкладна ў 515 годзе да н. э. У Пакістане таксама ёсць вельмі цікавы аб’ект – Мохенджо Даро (“Пагорак мерцвякоў”). Гэта старажытны горад 2600 года да н. э., у якім падчас раскопак былі знойдзеныя каналізацыя, прыбіральні, шматпавярховыя дамы.

— Самая незвычайная ежа, якую вы спрабавалі?

— Гарбата “дудх Паці”, завараная на малацэ, з кардамонам. А ёсць яшчэ “кашмірская гарбата” — гэта асаблівы від гарбаты, які вырошчваюць на поўначы Пакістана. У ёй шмат хларафілу, ён уступае ў рэакцыю з малаком, і гарбата робіцца ружовай.

 

Еўрапейцам гэтага не зразумець

— У вашым фэйсбуку шмат фота з Пакістана, дзе вас суправаджаюць аўтаматчыкі. З чым гэта звязана?

— Урад краіны так забяспечвае бяспеку турыстаў. Гэта не паўсюль, толькі ў цэнтральным Пакістане і на поўначы краіны. Проста там ёсць рэальна дзікія месцы, бездарожжа, горы, нядаўна скончылася контртэрарыстычная аперацыя. Аўтаматчыкі трохі надакучаюць, але на самай справе гэта добра. Ахова бясплатная.

Больш цікавая рэч у Пакістане — цырымонія спуску сцяга на індыйска-пакістанскай мяжы ў Вага, падчас якой салдаты высока задзіраюць ногі (за гэта цырымонію жартаўліва назвалі “Міністэрства дурной хады”), махаюць кулакамі ў бок індыйскіх салдат і крычаць: “Няхай жыве Пакістан!” А з боку Індыі, адпаведна, крычаць “Няхай жыве Індыя”. Гэтыя краіны часта ваявалі адна з адной. Мабыць, таму існуе такі рытуал.

— Яшчэ ў вашых сацсетках я ўбачыла відэа, як прывязаны да каменя мангуст змагаецца са змяёй на пацеху прахожых. Такі заробак распаўсюджаны ў Пакістане?

— Гэта не самае страшнае, што можна ўбачыць. Там пры табе рэжуць барана, а ў кавярні вісяць свежыя тушы жывёл, і наведнік можа выбраць кавалак, які яму падсмажаць.

— Што з убачанага на Усходзе выклікала ў вас культурнае і ментальнае неразуменне?

— Ёсць рэчы, якія складана зразумець. Напрыклад, у Іране мяне напружвае прывітанне. Там пры сустрэчы спачатку кажуць “салам”, а затым шэраг фраз, якія вымаўляюцца адна за адной, кшталту як пажываеш, як здароўе, шчасця вам, доўгіх гадоў жыцця, рады сустрэчы і г.д. Гэтыя фразы абодва суразмоўцы прамаўляюць адначасова, не слухаючы адказаў. Такі вось доўгі набор службовых фраз. Я ўжо трохі ведаю фарсі, і часам здаецца, што ад разумення сутнасці словаў я нават стаў больш няшчасным у зносінах з іранцамі, бо ніяк не магу адужаць гэты культурны код.

Таксама ў персідскай культуры ёсць паняцце “таароф”. Гэта няшчырая, фальшывая прапанова. Там не прынята адмаўляць камусьці, трэба быць ветлівым, і таму падчас “таароф” прынята абяцаць нават тое, чаго зрабіць немагчыма. Сёння клянуцца, што пазычаць табе грошай, а назаўтра здзівяцца, што вы іх чакаеце! У Іране, напрыклад, калі б я прапанаваў у рэстаране аплаціць ваш рахунак, вы павінныя былі б тры разы перапытаць, ці сапраўды я маю такі намер. І калі я буду прапаноўваць вам тры разы, значыць, мая прапанова рэальная. Але, магчыма, на трэці раз іранец скажа: “Ну, калі вы хочаце самі заплаціць, не пярэчу”. Тады гэта быў “таароф”, проста іранец хацеў быць ветлівым, яму і ў галаву не магло прыйсці, што вы б пагадзіліся. Пры гэтым ва ўсходніх людзей вельмі развітая гасціннасць. Магчыма, ваш рахунак у рэстаране не толькі аплацяць, але і будуць заказваць для вас яшчэ і яшчэ, возьмуць для вас таксі і будуць катаць па горадзе, прапануюць начлег у іх доме. Бязмежная гасціннасць і “таароф” пераплятаюцца, што выклікае ў замежнікаў здзіўленне. Мне дагэтуль складана распазнаць, дзе “таароф”, а дзе шчырая прапанова.

А яшчэ я дагэтуль не магу зняць сабе кватэру ў Іране! Там не развітая памесячная плата, як у нас, а дзейнічае сістэма дэпазітаў. Каб арандаваць кватэру ў Тэгеране, трэба мець дэпазіт прыкладна на 15-17 тысяч даляраў. Вы аддаяце дэпазіт гаспадару ў іранскіх рыалах і жывяце бясплатна ў яго кватэры год, а праз год уладальнік нерухомасці абавязваецца вярнуць ваш дэпазіт (таксама ў рыалах). То бок, па сутнасці, вы жывяце год бясплатна. Праз вялікую інфляцыю ўладальнікам нерухомасці выгадная такая сістэма, яны паспяваюць за год пракруціць гэтыя грошы і зарабіць. Але вось я, напрыклад, не магу ўнесці такі дэпазіт — гэта велізарная сума. Іранцам гэта пад сілу. У Іране, вядома, ёсць бедныя людзі, але ёсць і развіты сярэдні клас. Калі я ім кажу, што ў Беларусі, у цэнтры Еўропы, сярэдні заробак 420 даляраў, яны мне не вераць. У Іране страва ў рэстаране каштуе прыкладна 8-15 даляраў, але нават самыя дарагія рэстараны запоўненыя сем’ямі, бабулямі і дзядулямі, у адрозненне ад нашых.

А ў Іраку наогул дзіўная сітуацыя. Цана гарачай стравы на дваіх у рэстаране Багдада — каля $25. Паставы на блокпосце ў рангу радавога атрымлівае 600-800 даляраў у месяц, а яго начальнік у рангу маёра пахваліўся мне заробкам больш чым 4000 даляраў.

— А жанчыны ў паранджы не выклікалі ў вас пратэсту?

— У Іране жанчыны абавязаныя насіць хустку і плашч, але не паранджу, то бок твар адкрыты. Жанчыны там кіруюць машынамі, свабодна ходзяць па горадзе. А вось у Пакістане і Іраку я практычна іх не сустракаў на вуліцах, акрамя буйных гарадоў — там жанчыны павінныя сядзець дома. Пасля замужжа жанчыны наогул не выходзяць з хаты — патрэбны дазвол мужа. Гэта нам складана зразумець.

Але людзі ўсюды вельмі гасцінныя, і гэта выдатная нагода наведаць гэтыя дзіўныя краіны!

Ганна Кручкова

Фота Зарыны Кандрацьевай і з архіва А. Казлоўскага


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Культура

Арт-рэздэнцыя для беларускіх творцаў у Варшаве

Музей сучаснага мастацтва ў Варшаве і канфедэрацыі музеяў L’Internationale запрашаюць творцаў з Беларусі і Украіны...

valiancina_shauchenka
Грамадства Гісторыя

Гісторык Яўген Дудкін пра абвяшчэнне дзяржаўнасці беларускай мовы ў БНР

30 сакавіка 1918 года сучасная беларуская мова ўпершыню стала адзінай дзяржаўнай. Такое рашэнне прыняў у той дзень Народны...

valiancina_shauchenka
Грамадства

У Варшаве распачынаецца цыкл дзіцячых праграм «Чароўны край»

У Варшаве распачынаецца цыкл дзіцячых праграм "Чароўны край«з вядомымі беларускімі музыкамі Сержуком Доўгушавым і Андрэем...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Беларусы распачалі флэшмоб памяці Ларысы Геніюш пасля знікнення яе помніка ў Зэльве

Навіна пра таямнічы дэмантаж помніка Ларысе Геніюш на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў Зэльве абурыла...

Апошнія навіны

    Культура
    Арт-рэздэнцыя для беларускіх творцаў у Варшаве
    Грамадства Гісторыя
    Гісторык Яўген Дудкін пра абвяшчэнне дзяржаўнасці беларускай мовы ў БНР
    Грамадства
    У Варшаве распачынаецца цыкл дзіцячых праграм «Чароўны край»
    Грамадства
    Беларусы распачалі флэшмоб памяці Ларысы Геніюш пасля знікнення яе помніка ў Зэльве
    Літаратура Асоба
    Кастусь Цвірка: «Буду жыць, пакуль не выдам усе 200 тамоў «Беларускага кнігазбору!»
    Афіша
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў 1-2 красавіка
    Грамадства
    1 красавіка ў Рызе распачынаецца «Мова Нанова»
    Грамадства
    «Адчайныя часы патрабуюць адчайных крокаў». Як беларуска Наталля Сайед стала спявачкай у Гішпаніі
    Тэатр
    У Юрмале пройдзе прагляд вiдэазапiсу спектакля «Свабодных Купалаўцаў» «Сфагнум»
    Вандруем разам
    9 адметных сядзібаў, пра якія вы не чулі
    Кніжны сакавік: навінак мала але шмат анонсаў
    Грамадства
    Чаму нас не вучылі ў школе: 5 прынцыпаў эфектыўнага запамінання
    Грамадства
    Частку затрыманых полацкіх музейшчыкаў вызвалілі, канфіскаваўшы тэхніку і прызначыўшы суды
    Асоба
    Як «Слоўнік крывіцкай мовы» стаў «Слоўнікам беларускай гаворкі»
    Грамадства
    У Зэльве знік помнік Ларысе Геніюш

Афіша

  • 01.04

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Гуканне вясны ў Гомелі!

  • 01.04 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 01.04 — 30.04Выстава «Ян Вермеер» у Мінску
  • 01.04 — 02.04Выстава Усевалада Швайбы і Тамары Дзяменцьевай «Узы меж нами» ў Гродне
  • 01.04 — 30.04 «Партрэт часу»: калекцыя жывапісу Белгазпрамбанка ў Магілёве
  • 01.04 — 05.04Выстава «Кераміка і ЭТНАбатаніка» ў Гомелі
  • 01.04 — 02.04Выстава Сяргея Русака «Культурны слой» у Познані
  • 01.04 — 02.04Выстава рэпрэсаваных мастакоў «ВІТАНКІ З БЕЛАРУСІ» ў Варшаве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Пагоня» не з’яўляецца «экстрэмісцкім» сімвалам
    • Топ-3 смешных выпадкаў з Якубам Коласам
    • Гурт VOLSKI выступіў з вялікім канцэртам да Дня Волі. Фотарэпартаж
    • «Беларусьфільм» здыме экранізацыю рамана Караткевіча. Сталі вядомыя падрабязнасці
    • Чаму нас не вучылі ў школе: 5 прынцыпаў эфектыўнага запамінання
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип