Фольк-спатканне “Кветка палын” (пілотны фестываль традыцыйнай культуры Чарнобыльшчыны) ладзіцца 3 траўня ў будынку Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру ІВВ (праспект газеты “Праўда”, 11).
“Галоўная мэта фестывалю – звярнуць увагу на катастрофу ў Чарнобылі з пункту гледжання культуралогіі. Мы шмат кажам пра наступствы выбуху ў Чарнобылі ў эканамічнай, сельскагаспадарчай, экалагічнай і палітычнай плоскасці. Але мы забываемся на тое, што мы называем “душа чалавека”, — тлумачыць арганізатар фолькавай імпрэзы Васіль Грынь. — На пашкоджаных тэрыторыях можна аднавіць прамысловасць, сельскую гаспадарку, але тую культуру, што існавала да 1986, ужо не вярнуць. Зразумела, вёскі паміраюць з тых ці іншых прычынаў, але тое, што мы бачым тут – сапраўдная катастрофа, Атлантыда, якая патанула. Транснацыянальная беларуска-ўкраінская Чарнобыльшчына”.
На меркаванне Васіля Грыня, тэрыторыі паўднёвай Беларусі, што найбольш пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы, ёсць сапраўдным “святым шляхам” этнографаў, дзе яны знаходзілі доказы сваіх шматлікіх гістарычных і краязнаўчых гіпотэзаў: “Наша мэта – захаваць гэты скарб і папулярызаваць тое, што мы завём сваёй культурнай спадчынай.”
“Фактычна ў гэтым годзе фестываль “Кветка палын” праходзіць у фармаце ўстаноўчага сходу. На яго запрошаныя ўсе людзі і арганізацыі, што цікавяцца пытаннямі культуры, мастацкія і музычныя гурты, якія ў сваёй творчасці грунтуюцца на аўтэнтычных матэрыялах з тых зонаў. Па сутнасці – дзверы фестывалю адчыненыя для ўсіх зацікаўленых асобаў і арганізацыяў, а таксама для камерцыйных структураў, які хочуць дапамагчы ахвярам Чарнобылю,” – адзначае Васіль Грын.
У фестывалі “Кветка палын” бяруць удзел фальклорныя гурты з Украіны і Беларусі: “Дрэва” (Украіна), “Страла” (Украіна), “Гуда” (Беларусь), “Ветах” (Беларусь), “Ліцьвіны” (Беларусь), “Рада” (Беларусь).
У 2009 годзе “Кветка палын” ладзіцца ўпершыню. Удзельнікі сустрэчы плануюць абмеркаваць арганізацыйныя і ідэйныя моманты фестывалю. Асаблівая ўвага будзе аддадзеная правядзенню імпрэзы ў 2011 годзе — да 25-годдзя Чарнобыльскай катастрофы.
“Вельмі прыемна, што на нашае запрашэнне прыняць удзел у фестывалі адгукнуліся два ўкраінскія гурты. Гэта – малады гурт “Трава” і гурт “Дрэва”. “Дрэва” існуе з 1979 году. Ягоны кіраўнік Яўген Ефрэмаў – унікальная постаць у фальклорнай вобласці. Ён шмат працуе над тым, каб данесці да грамадскасці, што фальклор не мусіць перакладацца і аранжыравацца. Сапраўды такія тэндэнцыі “прычосваць” народную культуру вельмі распаўсюджаныя і ў Беларусі. Мы вельмі рады, што “Дрэва” разам са сваім кіраўніком наведаваюць наш фестываль у гэтым годзе,” – кажа Васіль Грын.
Фестываль “Кветка палын” ладзіцца пры падтрымцы міжнароднага адукацыйнага цэнтру IBB і агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.