Сорак ілюстрацый да вядомага ва ўсім свеце анімацыйнага фільма “Krtek” чэшскага мастака Здэнека Мілера прадстаўленая на выставе “Чэшскі Краток прыехаў у Мінск” у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, што стала магчыма дзякуючы пасольству Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту культуры і мастацтваў.
Некалькі пакаленняў беларусаў выраслі на гэтым мультфільме. Дастаткова прыгадаць яго “Падарожжа ў парасоне” ці “Прагляд тэлеперадач”. Першая серыя “Кратка” атрымала ў далёкім 1957 годзе “Залатога ільва” Венецыянскага кінафестывалю. Усяго выйшла 57 серый з Кратком.
Як адзначыў на адкрыцці выставы надзвычайны і паўнамоцны пасол Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Іржы Карас, “гэты Краток заваяваў сэрцы не аднаго пакалення гледачоў. І гэта ў першую чаргу заслуга яго таленавітага стваральніка Здэнека Мілера, чалавека, які не проста любіў мультыплікацыю, але і меў неверагоднае пачуццё гумару. Я ведаю, што і ў Беларусі яго вельмі любяць. Таму нам хацелася паказаць ілюстрацыі не толькі сучасным беларускім дзецям, але і даць магчымасць папярэднім пакаленням атрымаць асалоду ад дабрыні і гумару гэтых малюнкаў. Кратка ведаюць у больш чым 80 краінах свету, уключаючы Японію, яго лялька суправаджала амерыканскага касманаўта ў касмічным палёце. Сёння чэшскі Краток прыехаў да вас”.
Пакуль прысутныя з цікавасцю разглядалі ілюстрацыі, слова ўзяў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Барыс Святлоў: “Гэта падзея ў нашым культурным жыцці, бо яна аб’ядноўвае некалькі пакаленняў нашых гледачоў, нашых жыхароў. Чаму ён цікавы і сёння? Таму, што ў яго, на маю думку, закладзеныя адвечныя каштоўнасці — дабрыня, гуманнасць, чысты смех дзіцяці”.
Намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца выказаў спадзяванні, што “мой дарагі сябра будзе яшчэ доўга паслом у Мінску, але куды б ён ні з’ехаў, беларускае мастацтва ён мусіць прапагандаваць як сябра Беларускага саюза мастакоў, статут яго абавязвае гэта рабіць, і ён нікуды ўжо не падзенецца. Гэтая выстава — неацэнны скарб пазітыву, бо гэта сустрэча з вельмі даўнім і добрым знаёмым. Гэта надзвычай таленавіта і надзвычай, скажам, па-людску, а значыць, і па-божаму”, — рэзюмаваў спадар Сітніца.
Для тых, хто не вельмі знаёмы з гэтым бокам дзейнасці пасла, карысна будзе даведацца, што кожныя два тыдні ў чэшскім пасольстве адкрываюцца выставы беларускіх мастакоў, а зусім нядаўна ў Празе прайшла выстава “Душа Беларусі”.
“Мае дзеці любяць Кратка. Я думаю, усе дзеці любяць Кратка. Дарослыя любяць Кратка. І калі гэты мульцік транслююць па тэлебачанні, я яго абавязкова гляджу, хоць ужо не малады”, — падзяліўся сваімі пачуццямі Іржы Карас.
Дарэчы, чэшскія сябры прывезлі і сам мультфільм, які будзе дэманстравацца ў галерэі цягам трох тыдняў, да 8 верасня. Пасля выстава паедзе ў Гомель.
Зарына Кандрацьева