Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на вечарыну “Дні векапомныя”, прысвечаная 110 гадавіне з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, крытыка, літаратуразнаўцы, грамадскага дзеяча Міхася Лынькова. Вечарына пройдзе 3 снежня а 17-й гадзіне.
Міхась Цімафеевіч Лынькоў (1899-1975) нарадзіўся ў вёсцы Зазыбы Віцебскага р-на. Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). У Грамадзянскую вайну ўдзельнічаў у партызанскім руху, служыў у радах Чырвонай арміі (1917-1925). Працаваў настаўнікам, рэдактарам газеты “Камуніст” (1925-1930), у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1930-1932), галоўным рэдактарам часопіса “Полымя рэвалюцыі” (1933-1941). Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі “Маладніка”. Удзельнік вызвалення Заходняй Беларусі (1939). У часы Вялікай Айчыннай вайны працаваў рэдактарам газеты “Беларуская звязда”, “За Савецкую Беларусь”, “Раздавім фашысцкую гадзіну”. З 1938 па 1948 гг. – старшыня СП БССР, дырэктар Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва (1943-1952).
Друкаваўся з 1919 г. Аўтар зборнікаў прозы “Апавяданні” (1927), “Гой” (1929), “Андрэй Лятун” (1930). Некаторыя творы прысвяціў падзеям рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны – “Над Бугам”, “Крот” і інш. Напісаў шэраг аповесцяў для дзяцей – “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў” (1935) і “Міколка-паравоз” (1936), якія сталі класічнымі творамі беларускай дзіцячай літаратуры. Выдатныя падзеі, самыя яркія эпізоды партызанскага руху на Беларусі супраць нямецкіх ворагаў атрымалі сваё адлюстраванне ў рамане “Векапомныя дні”, за які пісьменнік быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Коласа (1968).
На вечарыну запрошаны вядомыя даследчыкі, літаратуразнаўцы, філолагі, пісьменнікі, – М.П. Кенька, Дз.Я. Бугаёў, В.А. Буланда, А.І. Вярцінскі, М.Я. Аўрамчык; блізкія людзі, сваякі, тыя хто некалі працаваў з Міхасём Цімафеевічам у Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва.
ТРАЕЦКАЕ ПРАДМЕСЦЕ, ВУЛ. М.БАГДАНОВІЧА, 15.
Тэл. 334-56-21, факс 334-72-61