Гомельцы занепакоеныя раптоўнымі работамі на маштабным пано «Гомель у часе» аўтарства вядомага мастака-манументаліста Уладзіміра Еўтухова, піша «Штодзень».
Фота: паблік «Гомель. Гісторыя і Архітэктура»
З фотаздымкаў, якія публікуюць гомельцы ў сацсетках, бачна, што фактычна знішчаная адна з частак вялікага пано з выявай рысі і заснавальнікаў горада. Ад пазнавальнай мастацкай работы ў рэдкай цяпер тэхніцы сграфіта засталіся толькі груды тынкоўкі. Гарадское кіраўніцтва не праінфармавала належным чынам пра планы на дадзены мастацкі аб’ект.
Пано «Гомель у часе» было створанае ў 1990-х гадах мастаком Уладзімірам Еўтуховым у самым цэнтры горада, насупраць бібліятэкі імя Герцэна. Аўтар рэалізаваў сваю творчую задуму дзякуючы перамозе ў адмысловым конкурсе Дзяржаўнага фонду.
Так выглядала пано яшчэ некалькі год таму. Фота: darriuss.livejournal.com
Уладзімір Еўтухоў нарадзіўся ў 1948 годзе ў пас. Вішэнскі Гомельскага раёна. Вучыўся ў Мінскай мастацкай вучэльні і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Адным з ягоных настаўнікаў быў вядомы мастак Гаўрыіл Вашчанка. У Гомелі ён выканаў шэраг манументальных работ (роспісы, вітражы, інтэр’еры). Ягоныя працы можна ўбачыць у будынку чыгуначнага вакзала, палаца моладзі «Гомсельмаш», Палаца культуры шклозавода імя Ламаносава, абласной бальніцы, радыелагічнага цэнтра і іншых адміністрацыйных будынках.