Якія месцы і ідэі перспектыўныя для Маладзечна, што за прыклады варта пераняць у суседзяў і для чаго патрэбныя перамены – усё гэта абмяркоўвалі ў “горадзе сонца” 27 верасня.
Культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” разам з Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання “Сімпа” запрасіла гараджан на адмысловае ток-шоў, каб разам адшукаць, што патрэбна Маладзечну, каб жыццё ў ім стала насычаным і прываблівала жыць менавіта тут.
Экспертам на сустрэчы выступіў запрошаны з Віцебска суарганізатар культурніцкай прасторы “Vitebsk4me”, менеджар культуры і рэгіянальны каардынатар “Будзьма беларусамі!” па Віцебшчыне Уладзімір Булаўскі. Пра перспектывы горада сустрэчы расказвала суаўтарка праекта “Крэатыўная карта Маладзечна”, сузаснавальніца адукацыйнага цэнтра “Адкрытая прастора” Валянціна Сідоркіна. Навуковымі ведамі аб развіцці горада падзяліўся Андрэй Карпека, сузаснавальнік Мінскай урбаністычнай платформы.

Святлана Чакушка
Крэатыўная карта – гэта пра месцы, што маюць асаблівы сэнс
Мадэратар ток-шоў Святлана Чакушка прапанавала спачатку разабрацца з тым, што ж гэта такое – гарадская публічная прастора. Яна павінная быць даступнай для любога жыхара, каб там кожны мог камунікаваць з іншымі. Гэта прастора, дзе можа адбывацца дыялог паміж жыхарамі.
Менавіта для таго, каб знайсці такія месцы, Валянціна Сідоркіна і Ганна Холад складаюць “Крэатыўную карту”. Актывісткі некалькі тыдняў збіралі ад жыхароў інфармацыю пра тое, дзе мясцовыя збіраюцца, якія месцы і за што любяць.
– Мы хацелі сабраць на адной карце месцы, адрозныя ад іншых, тыя, што маюць асаблівы сэнс і значэнне. Таму і пыталіся, дзе любяць рабіць сэлфі, пра любімае і нелюбімае месца. Часта чуем, што горад дастаткова шэры, няма куды пайсці, таму хочацца паглядзець на яго па-іншаму. А калі тых ці іншых месцаў не хапае, запрашалі падумаць, дзе іх варта стварыць.
Актывістка падзялілася меркаваннем, што такіх асаблівых месцаў пакуль адкрыла няшмат:
– Думаю, якраз тут наш патэнцыял для развіцця. Хтосьці збіраецца на пешаходным “Брадвеі”, многія – на запраўках, таму што больш няма дзе. Распытвалі таксама пра месца з патэнцыялам. Адно з іх – вуліца “стрыт-фуду”. Пакуль яна выглядае не так, як, спадзяюся, будзе выглядаць у хуткай будучыні. На гэтай тэрыторыі шмат прасторы, ёсць ежа, якая прываблівае людзей. Вуліцу мы прэзентуем 29 верасня. ДАІ дазволіла на гэты час зрабіць яе пешаходнай.

Валянціна Сідоркіна (у цэнтры)
Не хапала джазу, адкрываюць “стрыт-фуд” вуліцу
Пра тое, адкуль з’явілася задума вуліцы “стрыт-фуду”, расказала Ганна Холад:
– Ідэя ўзнікла на сустрэчы дыскусійнага клуба. Адзін школьнік сказаў, што яму не хапае ў горадзе джазу. Ён столькі разоў гэтую ідэю агучваў, што давялося ўпісаць яе ў наш план. А я прыгадала, што нядаўна была публікацыя пра гэтую вуліцу, што гэта такі адказ на мінскую Зыбіцкую. Прадпрымальнікі з гэтага месца нам дапамагаюць, сёння там робяць сцэну.
– Раней у Маладзечна прыязджалі пакаштаваць лацінабургеры, а цяпер паедуць прагуляцца па вуліцы “стрыт-фуду”.
– Маладзечна – сталіца стрыт-фуду Беларусі, – жартуе Булаўскі.
За ідэі віцебскіх актывістаў спрачаюцца чыноўнікі
У Віцебску за апошнія некалькі гадоў гарадское жыццё рэзка закруцілася. Пачалі з’яўляцца актыўнасці адна за адной, а жыхары ўсё ахвотней да іх далучаюцца. Як атрымалася развіць Віцебск з горада з шараговай пасіўнасцю да месца з вялікай канцэнтрацыяй яркіх падзей, падзяліўся Уладзімір Булаўскі:
– Я раю вывучаць пазітыўныя практыкі, якія рэлевантныя менавіта для вашага рэгіёна. У нейкі момант мы зразумелі, што досвед Мінска нам абсалютна нецікавы – ён не прыкладаецца да нас. Таму пачалі шчыльней вывучаць досвед абласных гарадоў і райцэнтраў. І Маладзечну раю вывучаць досвед блізкіх па эканамічным становішчы і статусе гарадоў. “Vitebsk4me” працуе дзесяць гадоў. Нам удалося паразумецца з гарадскімі ўладамі, мы самі прадстаўнікі бізнесу, яшчэ і грамадскія актывісты.

Уладзімір Булаўскі
Каб жыхары пачалі думаць, як палепшыць горад, і змянялі асяроддзе, актывісты ўладкавалі дворык і пачалі запрашаць жыхароў, размаўляць з імі пра тое, чаго б тыя хацелі. На сценах размяшчалі выставы. Да справы далучыліся жыхары суседніх двароў.
Пасля двара стала мала. Актывісты вырашылі ажывіць сквер ля вакзала, дзе звычайна мясцовыя толькі прабягаюць. Сабралі выставу, арганізавалі некалькі пляцовак. Тыя, хто штодзень бачыў гэтую вуліцу пустой, моцна здзіўляліся.
Віцябляне арганізавалі праект “Творчы чацвер”. У выканкаме з 17-й да 18-й гадзіны ахвочыя прэзентавалі чыноўнікам свае ідэі наконт таго, што можна зрабіць у горадзе. Установы культуры і адукацыі ахвотна далучаліся, а часам і спрачаліся за задумы. Так за паўгода рэалізавалі 15 праектаў.
У чацвяргі ў адной з кавярняў горада віцябляне збіраліся, каб абмеркаваць ідэі, даведацца, на якія актыўнасці варта завітаць. Адным з такіх праектаў быў конкурс свята вуліц. Дзякуючы эфектыўнасці ўлады ўбачылі ў віцебскай супольнасці актывістаў партнёраў.
Каму бялізна, каму арэлі – пачуць важна ўсіх
Урбаніст Андрэй Карпека кажа, што гарадская прастора пачынаецца з пад’езда. Спачатку трэба давесці да ладу яго, пасля можна ісці ў двор, а затым – на іншыя пляцоўкі. Эксперт падзяліўся досведам пра тое, як у адным з мінскіх двароў спрабавалі ўладкаваць тэрыторыю. У розных жыхароў і патрэбы былі рознымі: адным трэба дзіцячая пляцоўка, другім – месца для выгулу сабак, а трэцім – для сушкі бялізны.
– У нейкі момант жанчына, якой трэба сушыць бялізну, пачала вельмі гучна абмяркоўваць праблему з той, якой патрэбная дзіцячая пляцоўка. І адбылося нешта магічнае: у двор выйшла палова жыхароў і абмяркоўвалі разам, што ім патрэбна. Яны ўпершыню разам сабраліся. Што для гэтага было трэба – проста ініцыятыва. А спрэчкі – гэта клёва, значыць, людзям не ўсё адно. Урэшце дамовіліся, і двор уладкавалі.

Андрэй Карпека
Калі мы працуем з грамадскімі прасторамі, менавіта тыя, хто ёй карыстаюцца, павінныя накіроўваць, як іх развіваць.
Валянціна Сідоркіна падзялілася напрацоўкамі ідэй, якія можна было б рэалізаваць у Маладзечне. На паркоўцы рынка па Міра, які цяпер не вельмі ажыўлены – летні кінатэатр ці скейт-пляцоўку. Булаўскі параіў вуліцу стрыт-фуду расфарбаваць мастаку з Маладзечна Базіната. А калі горад зарэкамендуе сябе як актыўны і перспектыўны, то можна прывозіць праекты з Мінска ці суседніх краін – канцэрты, фестывалі.
Калі працуеш над паляпшэннем горада, найперш неабходна высветліць, чаго не хапае жыхарам. А далей працаваць, каб максімальна задаволіць гэтыя патрэбы. І тады гарадская публічная прастора будзе развівацца на радасць жыхарам.
Budzma.by
Марына Серабракова