«Я цябе люблю і шаную!» (но это не точно)

Азіраючыся на вір падзеяў вакол, калі, здаецца, абрынаюцца эпохі і над усім сьветам зноўку вісіць усё больш рэальная пагроза глябальнае вайны, уласныя пытаньні і праблемы могуць падавацца дробнымі й неістотнымі. Ну вось, скажам, якое беларускае шкалярства, ну што вы — тут мо сёньня-заўтра бомбы паляцяць на нашыя галовы! А зь іншага боку, дык а адкуль зьяўляюцца гэтыя глябальныя праблемы, як не з праблемаў асабістых і своечасова не разьвязаных? Ці магчымае ламаньне агульных чалавечых каштоўнасьцяў, калі перад гэтым не растапталі каштоўнасьці ўласныя? У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік зьвяртаецца да гэтых падмуркаў, на якіх усё насамрэч і трымаецца і якія аніяк нельга руйнаваць.

rusielik-valiera-02.jpgУсялякае падарожжа — гэта найперш падарожжа ўглыб самога сябе. Валера Руселік — у Татрах (2024 г.). Фота з архіва аўтара

Ведаеце, мне вельмі падабаецца наступнае акрэсьленьне нацыянальнасьці: твая нацыянальнасьць — гэта нацыянальнасьць тваіх дзяцей. То-бок ты гадуеш сваіх дзяцей і, натуральна ж, укладаеш у іх сэрцы і розумы каштоўнасьці, якія падзяляеш сам.

Які сэнс біць у грудзі з высокай трыбуны, ірвучы горла ў абарону беларускай мовы, калі ты сам дома з уласнымі дзецьмі размаўляеш... па-расейску? Ну бо «вы же сами всё понимаете», праўда? Ну і чаго тады вартыя ўсе гэтыя высокія прызнаньні ў любові і пашане, калі насамрэч замест іх — «ну вы же сами всё понимаете»?

Уявеце сабе сытуацыю. Нейкі чалавек кажа, што ён вас паважае. А вы разумееце, што гэта няпраўда. Ня верыце яму. А той настойвае, сьціскае кулакі ды, падсунуўшыся пабліжэй і цяжка дыхаючы вам у твар, шыпіць скрозь зубы: сыш ты, сссцуко, я тебя уважаю, понял?

Паверыце?

І гэтае правіла (ня)шчырасьці дзейнічае аднолькава справядліва ня толькі на асабістым узроўні, але і на агульным нацыянальным, на дзяржаўным. Вось як усе гэтыя патасныя заявы чыноўнікаў пра «матчыну мову», прыпраўленыя сэрвільнымі патанцулькамі на сцэне чарговых «Дажынак», суадносяцца з тым, што беларускай мовы ў школьнай праграме засталася гадзіна на тыдзень, а многія дзеці разумеюць родную мову на ўзроўні замежнае?

Альбо вось вам яшчэ прыклад. У Хойніках у мясцовым парку адкрылі памятны знак у гонар пісьменьніка Івана Мележа. Усё-ткі 104 гады земляку як-ніяк! Сагнаныя шкаляры і актыў працоўных калектываў, шмат чырвоных і зялёных сьцяжочкаў, ружы — ушанавалі будзь здароў! А прамовы якія — хоць ты да раны прыкладвай альбо ў гарбату замест цукру закідвай!

— Нам варта берагчы памяць пра чалавека, які сваёй творчасьцю, любоўю да родных мясьцінаў натхняў пакаленьні беларусаў. Імя Івана Мележа носяць вуліцы ў гарадах нашай краіны, школы, тэатр і музэй. Сёньня мы аддаём даніну павагі славутаму земляку, — пранікнёна вяшчала перад зьмерзлымі дзецьмі і бюджэтнікамі Людміла Рудчанка. Ні многа ні мала — старшыня раённага савету дэпутатаў, кіраўніца раённага аддзяленьня партыі «Белая Русь»!

Уласьць!

Вось толькі чамусьці шыльду зрабілі... па-расейску. А на роднай мове — што, нельга было? Беларускамоўнай раскладкі на камп’ютары не было? Парупіліся пра залётных гасьцей з Усходу, якія «соблюдая скоростной режим», нейкім цудам могуць завітаць у Хойнікі? У чым праблема? Зноўку — «вы же понимаете» і «у нас два государственных языка»?

choiniki.jpgАдкрыцьцё памятнага знака ў гонар Івана Мележа на алеі «Ганаровыя грамадзяне Хойніцкага раёну», Хойнікі. Фота: hoiniki. by

А як жа шчырасьць прамоўленых словаў — «это другое»? Як можна берагчы памяць пра чалавека, які сказаў наступнае: «Хто не паважае родную мову, не паважае родны народ» — і аддаваць яму даніну павагі па-расейску?

І хоць адказаў на гэтыя куды ўжо больш простыя пытаньні мы з вамі дакладна не пачуем, сваёй актуальнасьці яны з-за гэтага бяздумнага й няшчырага маўчаньня «ўшанавальнікаў» ня страчваюць.

Задайце гэтыя пытаньні й сабе, шаноўныя. І пераходзьце ўрэшце ўжо на беларускую мову. Вы вартыя шчырай павагі. І найперш — самапавагі.

Валера Руселік, Budzma. org