Будынак Парэцкай школы, дзе вучылася Яўгенія Янішчыц, выстаўлены на продаж. Расказваем, якой была амаль двухсотгадовая гісторыя мясцовай адукацыі

На сайце аўкцыёнаў Нацыянальнага кадастравага агенцтва Беларусі з’явілася інфармацыя пра продаж будынка былой Парэцкай базавай школы ў Пінскім раёне — той самай школы, дзе вучылася знакамітая беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц. Яшчэ летась у школьным будынку зачынілі народны музей паэтэсы — пасля таго, як спыніла дзейнасць і сама ўстанова адукацыі. Цяпер будынак ідзе на продаж за 61 тысячу рублёў — што ставіць кропку ў гісторыі адукацыі ў Парэччы.

adukacyia-pareczca-01.jpg
Парэцкая базавая школа імя Яўгеніі Янішчыц. Крыніца: fotobel.by

Ад вучылішча пры фабрыцы да тайнай школы: дзе вучыліся ў Парэччы

Гісторыя адукацыі ў Парэччы — радавым гняздзе Скірмунтаў — багатая і мае даўнія карані: у розныя гістарычныя перыяды ў вёсцы існаваў шэраг устаноў адукацыі.

У першай палове XIX стагоддзя Аляксандр Скірмунт, уладальнік мясцовых земляў, заснаваў у Парэччы вучылішча для дзяцей рабочых Парэцкай суконнай фабрыкі і дзяцей з навакольных вёсак. Моладзь вучылі грамаце, арыфметыцы і ткацкаму майстэрству — практычным навыкам, неабходным у тым ліку для далейшай працы на фабрыцы.

У 1864 годзе дзейнічала школа пры Парэцкай царкве. Заняткі вёў святар, а ў спісе вучняў — Чугаі, Лукашыкі, Хвясюкі, Глушкі. Многія носьбіты гэтых прозвішчаў і сёння жывуць у вёсцы.

У 1868 годзе адкрылася народнае вучылішча. Настаўнікі — Аляксандра Данкевіч, Павел Крычэўскі, Іван Канановіч, Еўдакім Шахоцька, Цімафей Камароўскі і іншыя. У 1904 годзе Скірмунты ахвяравалі зямлю пад новы будынак. Паралельна працягвала працаваць школа граматы пры Парэцкім царкоўным прыходзе.

З 1907 па 1912 гады ў Парэччы дзейнічала заснаваная Раманам Скірмунтам тайная (незарэгістраваная) школа для дзяцей рабочых суконнай фабрыкі. Настаўніцай у ёй была Марыя Нарэйка.

adukacyia-pareczca-02.jpg
Минские епархиальные ведомости № 19 за 1908 год

У 1919 годзе, як сведчаць архіўныя дакументы, у Парэцкім маёнтку існавала пачатковая школа, якую наведвалі 75 вучняў (14 католікаў і 61 праваслаўны). Настаўнікам быў Юзаф Марачэўскі. Для пошуку сродкаў на ўтрыманне школы і дзіцячых сталовых Раман Скірмунт звяртаўся ў Польска-амерыканскі камітэт дапамогі дзецям. У тым жа 1919 годзе ў Парэччы знаходзілася і яшчэ адна школа на 86 вучняў, настаўнікамі ў якой былі Надзея Сангін і Апалоній Маслоўскі.

Школьныя подпісы ў Бібліятэцы Кангрэса ЗША

У міжваенны перыяд, калі землі Заходняй Беларусі ўваходзілі ў склад Другой Рэчы Паспалітай, пачатковая адукацыя ў Парэччы стала абавязковай.

adukacyia-pareczca-03.jpg
Апавяшчэнне пра неабходнасць выканання школьнага абавязку, які атрымлівалі жыхары Парэчча і навакольных вёсак у 1920-я — 1930-я гады

У 1926 годзе да 150-й гадавіны незалежнасці ЗША ў Польшчы падрыхтавалі маштабнае вітанне — «Дэкларацыю аб захапленні і сяброўстве». Вынікам праекта сталі 111 тамоў з мільёнамі подпісаў жыхароў краіны. Свае падпісныя лісты ў Вашынгтон накіравала і тагачасная школа ў Парэччы — подпісы пакінулі вучні і настаўнікі школы.

adukacyia-pareczca-04.jpg
Падпісныя лісты Парэцкай школы з Бібліятэкі Кангрэса ЗША

Увесь масіў дакументаў быў перададзены ў Белы дом прэзідэнту ЗША Кальвіну Куліджу, які распарадзіўся перадаць яго на захоўванне ў Бібліятэку Кангрэса.

Настаўнікі і дырэктары

Найноўшая гісторыя адукацыі ў Парэччы адлічвалася з 1957 года, калі быў пабудаваны будынак Парэцкай (у той час — сярэдняй) школы. Менавіта ў гэтым будынку ў 1963–1966 гадах вучылася Яўгенія Янішчыц. У той час, як узгадваюць мясцовыя старажылы, колькасць вучняў у школе дасягала некалькіх сотняў.

adukacyia-pareczca-05.jpg
Верш Яўгеніі Янішчыц, прысвечаны бібліятэкарцы Парэцкай школы Антаніне Міхайлаўне Нікалайчык. Крыніца: часопіс «Полымя» № 11 за 2013 год

Сярод дырэктараў — Антаніна Паўлаўна Сідарук, якая доўгі час апекавалася Музеем Яўгеніі Янішчыц. Сярод настаўнікаў — Альфонс Іосіфавіч Гагалінскі (гісторыя), Тамара Цітаўна Гагалінская (матэматыка), Зінаіда Афанасьеўна Шпакоўская (хімія), Кацярына Васільеўна Шчурэвіч, Канстанцін Васільевіч Ярашэвіч і іншыя. У гэтай школе таксама працаваў настаўнікам і Віктар Паўлавіч Статкевіч (1927–2024) — бацька палітыка Мікалая Статкевіча.

Асобнае месца ў гісторыі Парэцкай школы займае Фёдар Фёдаравіч Цудзіла (1936–1998) — ураджэнец Парэчча, які з 1961 года і да выхаду на пенсію працаваў у роднай вёсцы наўстаўнікам рускай мовы і літаратуры. Як лічыцца, яго ўплыў мог паспрыяць развіццю таленту Яўгеніі Янішчыц.

adukacyia-pareczca-06.jpg
Фёдар Фёдаравіч Цудзіла. Крыніца: Кибак, И. А. Учитель вечен на земле Полесской. 2005

Цудзіла кіраваў школьным літаратурным гуртком ды альманахам «Ясельда», дзе зрабіла свае першыя прафесійныя крокі юная Яўгенія Янішчыц. Убачыўшы талент вучаніцы, Цудзіла стаў яе першым чытачом і рэдактарам, а Яўгенія Янішчыц прысвячала яму свае вершы. У адной з кніг з Музея Яўгеніі Янішчыц у Парэччы таксама захаваўся подпіс, які быў прысвечаны настаўніку:

Дарагі Фёдар Фёдаравіч, ведаю, што нязменна застаюся ў вялікім даўгу перад Вамі. Шчырае дзякуй Вам за выдатныя ўрокі, за шчырую зацікаўленасць да маіх першых радкоў, за ўсё, чым вялікая і багатая Ваша душа!
Моцнага Вам здароўя і добрых паслухмяных вучняў.
Заўсёды Ваша вучаніца

Жэня Янішчыц.
Мінск, 8.Х-1974 г.

Удастоены звання «Заслужаны настаўнік БССР» (1978) і ордэна «Знак Пашаны», Фёдар Цудзіла разам з дырэктаркай школы Антанінай Сідарук пазней ініцыяваў стварэнне школьнага музея Яўгеніі Янішчыц, куды ахвяраваў сваю першую пенсію. Настаўнік памёр 11 снежня 1998 года.

Лёс школьнага Музея

Выява 7.jpg
Парэцкая школа. Крыніца: slucklib.by

21 лістапада 1998 года, да 50-годдзя паэткі Яўгеніі Янішчыц, у школе адбылося адкрыццё літаратурнага музея. На ўрачыстасць у Парэцкую школу прыехалі паэты і пісьменнікі, артысты, дзеячы культуры Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Жук, Марыя Захарэвіч і іншыя.

У 2008 годзе Парэцкай базавае школе было прысвоена імя Яўгеніі Янішчыц, а ў 2013 годзе музей у школе атрымаў статус «народнага». Толькі за першыя паўтара дзесяцігоддзя існавання ўстанову наведалі больш за 14 тысяч гасцей не толькі з Беларусі, але і з Польшчы, Галандыі, Германіі, Даніі. Колькасць экспанатаў у ім перавышала дзве тысячы. Музей жыў, пакуль існавала школа.

Выява 8.jpg
Верш Яўгеніі Янішчыц

Летась, пасля закрыцця школы, закрыўся і сам музей. Пасля грамадскага рэзанансу яго фонды былі перададзеныя ў дзяржаўную ўстанову «Музей Беларускага Палесся». Экспанаты пераехалі, а будынак школы застаўся пустым. Цяпер будынак ідзе на продаж.

Мікалай Заяц, budzma.org