Сёлета ў Беларусі з размахам адзначаюць 70 гадоў Вялікай Перамогі.
У сеціве пачаліся чарговыя “дыскусіі”, на вуліцах сталіцы з’явіліся танкі, а па тэлебачанні паказваюць рознага кшталту фільмы ды перадачы пра Вялікую Айчынную вайну.
Мне ж хацелася б расказаць пра лёс звычайных людзей, якія набліжалі гэтую перамогу.
Ёсць у мяне адзін фотаздымак часоў вайны, які я заўжды праглядаю пры нагодзе.
На ім – простыя беларускія хлопцы, якія доўгімі і цяжкімі дарогамі вайны дайшлі аж да самага Берліна. Зроблены гэты здымак быў у самым сэрцы непераможнага некалі Трэцяга Рэйха, дзе жыла калісьці нацысцкая кіроўная вярхушка.
Кампазіцыя яго простая і лёгка перадае атмасферу таго часу: маладыя людзі, апранутыя ў вайсковую форму, з медалямі на грудзях, сядзяць на канапе ў пакоі. Над імі вісіць неабходны атрыбут эпохі – партрэт Сталіна з надпісам: “Мы победили”. Пасярэдзіне – мой сваяк, родны брат маёй бабулі, Мікалай Канстанцінавіч Цыбульскі. Я, праўда, прывык называць яго па-простаму – дзядзька Коля.
Мікалай Канстанцінавіч быў старэйшы за маю бабулю на два гады – нарадзіўся ў 1922 годзе ў простай сялянскай сям’і ў вёсцы Магільна. Як і ўсе дзеці таго часу, наведваў мясцовую школу, добра вучыўся, меў вялікія планы на далейшае жыццё.
Вайна заспела яго на летняй практыцы, якую ён праходзіў, будуючы аэрадром пад Баранавічамі. Вядомы беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч гэтак згадвае тыя падзеі ў сваёй кнізе успамінаў “Магільнае ў часы нямецкай акупацыі”: “У збудаванні таго аэрадрома ўдзельнічаў і магільнянскі юнак Коля Цыбульскі. Хаця яму і не так складана было ў тую сумятню дабрацца да Магільнага, на гэта не пайшоў, а ў арганізаваным парадку разам з бальшынёю будаўнікоў выехаў цягніком на усход. Калі праязджаў самую блізкую да Магільнага чыгуначнаю станцыю Коласава (адлегласць паміж імі каля 15 км), толькі рукой памахаў у бок малой радзімы. З баямі прайшоў да Берліна і распісаўся на сценах Рэйхстага”.
На вайну дзядзька Коля пайшоў у эвакуацыі добраахвотна, не чакаючы запрашэння. Служыў сувязным у 803 армейскім зенітным артылерыйскім палку. У складзе яго браў удзел у баявых дзеяннях на Ленінградскім фронце. Быў некалькі разоў цяжка паранены. Падчас вайны быў узнагароджаны двума баявымі медалямі.
Першы медаль “За баявыя заслугі” атрымаў з наступнай фармулёўкай: “За ўмелую і самаахвярную працу па аднаўленні радыёсувязі ў палку. Сваёй працай стала забяспечваў кіраванне палком у любых умовах баявой абстаноўкі і апавяшчэнне пра авіяцыю праціўніка. Сваёй працай садзейнічаў баявому поспеху палка”.
Баявы медаль “За адвагу” дзядзька Коля атрымаў за тое, што ў канцы красавіка 1945 года ў Шчэціне пад моцным артылерыйскім варожым агнём забяспечыў бесперабойную сувязь паміж агнявым і назіральным пунктамі. Дзякуючы гэтаму нашы артылерысты праводзілі вельмі хутка і зладжана карэктаванне агню, што ў выніку прывяло да вялікіх страт немцаў у жывой сіле і тэхніцы.
Родныя доўга нічога не ведалі пра яго лёс, бабуля нават хадзіла ў горад да цыганкі гадаць, каб хаця б такім экстравагантным спосабам даведацца, ці жывы брат. Зрэдку, калі ўдавалася, дзядзька Коля дасылаў пра сябе вестачкі на малую радзіму. Такім чынам, праз год пасля сканчэння вайны з Германіі прыйшоў ліст з гэтым фотаздымкам.
Надпіс на адваротным баку сведчыць пра тое, што зроблены ён быў на вуліцы Інзельштрасэ ў гістарычным берлінскім раёне Мітэ. А гэта, лічы, самае сэрца Рэйха. Справа ў тым, што тут, на выспе Шванэнвердэр, выбітныя дзеячы нацысцкай вярхушкі мелі свае загарадныя вілы. У прыватнасці, сумнавядомы міністр прапаганды Гебельс пражываў тут разам з жонкай і шасцю дзецьмі па адрасе Інзельштрасэ, 8. Акрамя Гебельса жыў тут Альберт Шпеер і асабісты доктар Гітлера Тэадор Морэль. Побач была і рэзідэнцыя Рэйхспрэзідэнта.
Пасля вайны дзядзька Коля вярнуўся ў роднае Магільнае і пражыў шчаслівае жыццё: стварыў сям’ю, вырасціў трох дзяцей, працаваў настаўнікам у школе. У 1998 годзе яго не стала – атрыманыя раны моцна падарвалі здароўе і давалі пра сябе ведаць.
З кожным годам колькасць ветэранаў меншае. Адыходзяць з жыцця сапраўдныя беларускія героі. У гэтым годзе Мікалаю Канстанцінавічу было б 92 гады…
Я і цяпер памятаю, як яго запрашалі разам з іншымі ветэранамі ў мясцовы клуб на ўрачыстасці. Высокі, магутны, стрыманы і нешматслоўны, ён застаўся для мяне сімвалам той вайны і перамогі.
Канстанцін Касяк, budzma.by