Сёння Украіна ў жудасных і невыносных умовах імкнецца адваяваць сабе права на абраны яе народам шлях у Еўропу. Але шлях гэты Кіеў праклаў для сябе ўжо вельмі даўно. І першынства ў гэтай справе належыць жанчыне. Гаворка зараз пойдзе аб Ганне Яраслаўне, дачцэ вялікага князя кіеўскага Яраслава Мудрага, каралеве Францыі.
Ганна, Каралева Францыі. Крыніца: wikipedia.org
Кіеўская князёўна
Цікава, што ў старажытных рускіх летапісах няма ніводнай згадкі аб тым, што ў князя Яраслава была дачка. Першы пра яе ўзгадвае толькі расійскі гісторык XVIII стагодзя Васіль Тацішчаў. Хутчэй за ўсё, у сваёй працы ён карыстаўся крыніцамі французскага паходжання. Пачынаючы з XVI ст. французскія гісторыкі пішуць аб Ганне, ці Агнэсе, жонцы караля Генрыха І Капетынга, якая прыехала ў Францыю ці то са Скіфіі, ці то са Славоніі недзе ў сярэдзіне ХІ стагоддзя.
Нарадзілася будучая каралева каля 1036 года і, хутчэй за ўсё, была самай малодшай з дачок Яраслава. Усе яны, у свой час, канечне, мусілі выйсці замуж. У кіеўскага князя былі даволі шырокія і маштабныя планы. Ён жадаў парадніцца з заходнееўрапейскімі манархамі і такім чынам стварыць сетку палітычных шлюбных саюзаў у Еўропе.
Фрэска з Сафійскага сабору Кіева з выявай дачок Яраслава. Крыніца: wikipedia.org
Перад тым, як выдаць дачку за французскага караля, ён спачатку адпраўляе паслоў у Германію да імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі. Адбылася гэтая падзея ў 1044 годзе, калі Ганне было прыблізна 7 гадоў. Але шлюб не склаўся. Імператар Генрых ІІІ абраў сабе ў сужэнкі Агнэсу, дачку магутнага Гіёма V, герцага Аквітаніі. Але Яраслаў не пакідае спроб выдаць дачку замуж. І праз невялікі час да Кіева прыязжаюць паслы ўжо ад французскага караля. Вось як гэтую падзею апісвае манах Кларый у пачатку XII стагоддзя: «У той час кароль Генрых паслаў Гацье, біскупа Мо, і Гослена дэ Шаліньяка з іншымі да нейкага караля ў грэчаскіх краях, якога клічуць Герыск з рускай зямлі, каб той даў яму ў жонкі сваю дачку. Назад у Францыю той адправіў іх з вялікімі дарамі і з дачкой». Трэба растлумачыць, што меў на ўвазе храніст пад «грэчаскімі краямі». У тыя часы ў Заходняй Еўропе праваслаўную веру называлі «грэчаскай», а ўсе праваслаўныя дзяржавы асацыяваліся менавіта з Візантыйскай імперыяй. Сёння дзіўным падаецца той факт, што каралю такой краіны, як Францыя, спатрэбілася жаніцьба з дзяўчынай з далёкай і незразумелай для большасці еўрапейцаў дзяржавы. Але на самай справе ўсё была зусім нават наадварот. Францыя ў сярэдзіне ХІ стагоддзя — раздробненая феадальная краіна, дзе кароль быў толькі першым сярод роўных. Каралеўскі дамен, Іль-дэ-Франс, быў далёка не самым буйным і далёка не самым заможным у каралеўстве. Ён моцна саступаў у памерах той жа Аквітаніі.
Францыя ХІ ст. Крыніца: promotour.info
Тэрыторыя ж дзяржавы Яраслава была ў дзясяткі разоў больш. Да таго ж князёўна была не толькі дачкой кіеўскага валадара. Па мацярынскай лініі яна з’яўлялася ўнучкай першага хрысціянскага караля Швецыі Олафа. Яе родныя сёстры былі жонкамі каралёў Венгрыі і Нарвегіі. І самае галоўнае — Ганна прыходзілася сваячкай самому імператару Візантыі. Такія сувязі вельмі высока ацэньваліся ў арыстакратычных колах тагачаснай Еўропы і моцна ўздымалі статус Генрыха, які быў толькі трэці кароль з дынастыі Капетынгаў. Тут дазволю сабе невялікае адступленне, каб распавесці, як адна з сясцёр Ганны стала каралевай Нарвегіі, бо гэта даволі цікавая гісторыя, вартая сапраўднага рыцарскага раману.
Сагі паведамляюць, што ў 1034 годзе Харальд, сын конунга Усходняй Нарвегіі Сігурда, сватаўся да дачкі Яраслава Лізаветы. Князь прапанаваў спачатку паказаць, што магчымы зяць з сябе ўяўляе, даказаць, што ён варты яе рукі. І Харальд прыклаў усе намаганні для таго, каб прадэманстраваць гэта не проста Яраславу, а відаць, усяму свету. Прыкладна ў тым жа самым годзе ён адправіўся ў Візантыю і вярнуўся адтуль толькі праз 10 год. І калі ён вярнуўся назад, сагі гавораць, што такога багацця паўночныя краіны ніколі не бачылі. Ён жыў у Візантыі, адпраўляў атрыманае за службу золата Яраславу, удзельнічаў у некалькіх ваенных прадпрыемствах у Сірыі і Сіцыліі. Атрымаў вельмі добрыя рэкамендацыі ўмелага ваякі-рубакі ад візантыйскіх вайскоўцаў. І калі ён вярнуўся ў Скандынавію, мясцовы кароль Магнус вымушаны быў проста пасунуцца: такая ў Харальда была рэпутацыя. А загінуў гэты неардынарны чалавек у 1066 годзе ў знакамітай бітве каля Стэнфар-Брыдж, спрабуючы заваяваць Англію.
Каралева Францыі
Але вернемся да Ганны. Яе вяселле з Генрыхам адбылося 19 траўня 1051 года. Слых аб прыгожай і адукаванай каралеве хутка разляцеўся па Еўропе. Папа Рымскі пісаў у сваім лісце да яе: «Слых аб вашай дабрадзейнасці, цудоўная дзяўчына, дайшоў да нашых вушэй, і з вялікай радасцю чуем мы, што вы выконваеце ў гэтай вельмі хрысціянскай дзяржаве свае каралеўскія абавязкі з пахвальнай стараннасцю і выдатным розумам». У шлюбе з каралём Ганна пражыла 9 гадоў і нарадзіла яму трох сыноў. У 1053 годзе ў яе нарадзіўся сын Філіп, будучы кароль Філіп І. Пазней Рабэр і Гуга. Рабэр у падлеткавым узросце памёр, а Гуга стаў знакамітым рыцарам, камандуючым каралеўскім войскам у першым крыжовым паходзе 1096 года, і за сваю адвагу ўвайшоў у гісторыю пад імем Гуга Вялікі. Генрых увесь час знаходзіўся ў ваенных паходах, таму выхоўваць сыноў давялося ёй самой. Ганна надавала вялікую ўвагу адукацыі і выхаванню сваіх дзяцей. На дапамогу ёй прыйшлі кнігі, прывезеныя з бібліятэкі Яраслава Мудрага і ўсебаковая адукацыя, якую яна атрымала на Радзіме.
Украінская марка з выявай Ганны Кіеўскай. Крыніца: wikipedia.org
Але ў 1060 годзе кароль Генрых неўзабаве сканаў. Трон успадчыніў яе старэйшы сын, якому тады было не больш за 8 год. Каралева становіцца суправіцельніцай пры непаўнагадовым каралі. У граматах з’яўляецца формула: «Я, кароль Філіп, разам са сваёй маці пастанавіў». У гэтай формуле яна выступае адной з прадстаўніц кіраўнічай дынастыі, якая падтрымлівае трон.
Грамата Філіпа І з подпісам Ганны Яраслаўны. Крыніца: wikipedia.org
Забароненая каханая
У 1061 годзе яна другі раз выходзіць замуж. Яе абраннікам стаў граф Рауль дэ Крэпі дэ Валуа, які дзеля Ганны пакінуў жонку і дзяцей. Гэты ўчынак каралевы быў дрэнна ўспрыняты французскай арыстакратыяй і каталіцкай царквой. Першая жонка Рауля Элеанора Брабанцкая нават звярнулася са скаргай на мужа да самога Папы Рымскага, той загадаў арцыбіскупам Рэймса і Руана правесці расследаванне, па выніках якога новы шлюб быў прызнаны несапраўдным. Рауль мусіў адмовіцца ад саюзу з Ганнай і вярнуцца да Элеаноры. Але святыя айцы недаацанілі моц пачуцця. Каханне аказалася мацней, і закаханыя не звярнулі на гэты загад ніякай увагі. Тады Папа адлучыў графа ад царквы. У той час гэта лічылася страшнай карай, бо павінна было ўкінуць адлучанага пасля смерці адразу ў пекла. Але насамрэч гэта не мела вялікіх наступстваў у рэальным жыцці. У руках Рауля сканцэнтравалася на той момант дастаткова вялікая палітычная ўлада, меўся значны ўплыў сярод французскай знаці. Ён быў другі па значнасці васал караля. Да 1063 года граф дэ Крэпі аб’яднаў вакол сябе вялікую колькасць уладанняў паміж рэкамі Сенай, Сонай, Энай і Уазай, куды ўваходзілі гарады Ам’ен, Вексен, Валуа і Вермандуа. Яго землі напалову акружылі каралеўскі дамен з поўначы і захаду, перарэзаўшы сувязь Парыжа з Фландрыяй. Акрамя гэтага, Раулю належала значная тэрыторыя ў Шампані з графствамі Бар і Вітры. Ганне ад першага мужа дасталіся Санліс, вобласць каля горада Мелен, і шэраг уладанняў паміж гарадамі Ланам і Шалонам. Таму, аб’яднаўшы свае землі і дасягнуўшы такім чынам значнай магутнасці, гэтая пара магла не звяртаць вялікай увагі на незадаволенасць французскага двара і нават папскага прастолу.
Адлучэнне было знята толькі пасля смерці Элеаноры, калі папа Рыгор VII прызнаў шлюб Рауля і Ганны. Да таго ж трэба разумець, што Ганна змагалася за будучыню для свайго сына, якому было ўсяго 8 год. Выходзячы замуж за ўплывовага арыстакрата, яна фактычна замацоўвала за сынам трон Францыі. Можа быць, менавіта з гэтым звязаны той факт, што ад другога шлюбу ў каралевы так і не з’явіліся дзеці. І ўсе гэтыя яе дзеянні з палітычнага пункту гледжання былі абсалютна апраўданыя. У шлюбе з Раулем Ганна шчасліва пражыла 13 гадоў. Яна пахавала сужэнца ў 1074 годзе.
Набожлівая ўдава
Ёсць меркаванне, што пасля смерці другога мужа Ганна вяртаецца дамоў у Кіеў. Але гэта практычна немагчыма зараз дакладна пацвердзіць ці абвергнуць. Вядома толькі, што апошняя грамата, у якой узгадваецца каралева Ганна, датаваная 1075 годам. Гэта значыць, што ў гэтым годзе яна відавочна знаходзілася ў Францыі. Звычайна даследчыкі датуюць смерць Ганны Яраслаўны недзе паміж 1075 і 1079 гадамі. У 1089 годзе кароль Філіп зрабіў ахвяраванне ў адзін з манастыроў на памін душы сваіх бацькоў. У адной з грамат Філіп напісаў: «Я раблю гэтыя прынашэнні ў прабачэнне грахоў маіх, майго бацькі, маёй маці і ўсіх маіх продкаў».
Яшчэ ў 1060-я каралева загадала заснаваць манастыр св. Вінсэнта ў Санлісе, як мяркуюць, каб загладзіць грэх свайго незаконнага замужжа. Яна ўгаварыла сына надаць яму каралеўскі статус. Манастыр праіснаваў вельмі працяглы час, аж да пачатку Французскай рэвалюцыі 1789 года. Сёння там знаходзіцца каледж.
Побач у 2006 годзе ўкраінскія палітыкі і грамадскія дзеячы паставілі помнік сваёй знакамітай зямлячцы, каб такім чынам назаўжды падкрэсліць тую шматвякавую сувязь, якая існуе паміж Украінай і Еўропай. Сувязь, пачатак якой сотні гадоў таму палажыла юная князёўна Ганна Яраслаўна.
Помнік Ганне Яраслаўне ў Санлісе, аўтар В. І. Зноба. Крыніца: argumentua.com
Ілля Дняпроўскі, budzma.org