Героі не паміраюць, паміраюць людзі. Наста Кудасава пра Марыю Зайцаву

Інфармацыйную прастору ўскалыхнула навіна пра смерць на вайне Марыі Зайцавай. Як заўсёды, цэлы спектр эмоцый ахапіў сацыяльныя сеткі. Захапленне, абурэнне, слёзы, злосць, шкадаванне, бездапаможнасць... І многа чаго яшчэ, нават спрэчкі пачаліся.

Nasta Kudasava
Наста Кудасава. Фота Аляксандра Драгавоза

Адна з рэакцый — сорамна жыць. Бо калі пракаўтнуць роспач, бяссілле і іншы пафас, на донцы застаецца галоўнае — сорам, што яны гінуць за нас. Гінуць на фронце, гінуць у беларускіх турмах...

Гэты тэкст павінен быў стаць некралогам. Але “некралог” перакладаецца як “слова аб памерлым”, а мы ж ведаем – героі не паміраюць. Таму хай гэта будзе слова аб жывой назаўжды асобе, памяць пра якую мацнейшая за смерць.

Maryja Zajcava
Марыя Зайцава, ахвяра сілавікоў у жніўні 2020 г., фота ПЦ Вясна.

Вяртаючыся да Старажытнай Грэцыі, адкуль паходзіць культ герояў і само гэтае слова, варта адзначыць, што героі ў старажытных грэкаў усё ж паміралі. Акурат гэтым яны адрозніваліся ад неўміручых багоў. Героі мелі боскае паходжанне, яны былі большыя за звычайных людзей, але захоўвалі прынамсі адну чалавечую рысу — смяротнасць.

Можа быць, таму так нервуе гэтая фраза, натхняльная і раздражняльная адначасова, — «героі не паміраюць». Так, героі не паміраюць, але людзі, якімі калісьці гэтыя героі нарадзіліся ў сваіх мам і тат, людзі акурат паміраюць... Учынкі герояў сапраўды будуць жыць у вяках, але ж жыццё чалавечае не вярнуць. Доўгае, прыгожае жыццё, поўнае пахаў, колераў, гукаў, любімых вачэй, цёплых усмешак і трапяткіх дотыкаў... Гэтае жыццё адабранае.

І ўсё ж, калі мы абураемся, шкадуем, плачам па забраным жыцці героя, мы мераем яго нашай чалавечай меркай. Але той, хто абраў свядома шлях героя, напэўна, не мае патрэбы ў нашым шкадаванні. Ён ужо належыць да іншай «касты». Марыя выбрала сабе такі шлях, грунтуючыся на ўласнай веры, і ўсё, што мы можам цяпер выказаць — гэта ўдзячнасць і пашана.

Я доўга ў юнацтве не магла зразумець універсальнага гераізму Тадэвуша Касцюшкі. Нашто было ехаць у далёкія чужыя краіны, змагацца за іх, калі дома столькі справаў, калі ў цябе ёсць родная зямля? Ці не дастаткова адстаяць свой уласны свет і жыць шчасліва, не думаючы, што там у іх за акіянам? І толькі нядаўна я ўцяміла, якая маленькая наша планета, як блізкія мы ўсе адно да аднаго. Не бывае чужое вайны, усё з усім звязанае. Таму заўсёды будуць тыя, каму баліць чужое гора, як сваё, тыя, хто выходзіць ваяваць за нашу і вашу свабоду.

Думаю, лепшае, што мы можам зрабіць — не саромецца жыцця, а працягваць яго. Бо дзеля гэтага нашы героі паміраюць, дзеля нашай будучыні, і мы не маем права апускаць рукі.

Doška hańby lia homieĺskaj himnazii № 46, u jakoj vučylasia Maryja Zajcava
 Жнівень 2020 г., дошка ганьбы ля гомельскай гімназіі № 46, у якой вучылася Марыя Зайцава. Фота з сацыяльных сетак

Марыя Зайцава паходзіла з Гомеля, што для мяне асабліва важна. У гэтым горадзе я жыла, там нарадзіліся мае дзеці, і мне заўсёды хацелася, каб наша вобласць, наш абласны цэнтр былі адметнымі ў культурным і грамадскім жыцці Беларусі, не горшымі за Мінск/Менск. У 2022 годзе было прыкра і сорамна за мой народ, калі высветлілася раптам, як татальна людзі падтрымліваюць Пуціна. Ні для каго не сакрэт, што нашы ўсходнія рэгіёны вельмі прарасійскія. Нават нейкая крыўда засталася тады на людзей.

Але цяпер я бачу гісторыі такіх смелых ваяроў, як Марыя, і прыходзіць адхланне. Значыць, і мы не абораю хлеб кроім. І ў нас яшчэ ёсць героі. Мы рэабілітаваныя дзякуючы ім. Многа іх ці мала, не істотна. Не заўсёды большасць мае рацыю. 

У свеце ідэй важная не колькасць, а якасць. А для таго, каб запаліць агмень пераменаў, дастаткова нават адной моцнай асобы.

Хочаце верце, хочаце не, гэта амаль анекдатычна, але я збіралася сабе ўзяць калісьці псеўданім «Марыя Зайцава». Часы пасля 2020 г. пачаліся няпростыя, і я перабірала імёны, разважаючы, як бы я магла назвацца, калі раптам пісаць ад свайго імя стане ўжо зусім небяспечна. Прозвішча «Зайцава» чамусьці першае прыйшло да галавы і вельмі спадабалася, а Марыя — імя маёй дачкі. Псеўданім здаваўся дужа ўдалым, бо гучаў максімальна непрыкметна, нейтральна, ніякай арыгінальнасці. Напэўна, такіх Марый Зайцавых у свеце хоць гаць гаці, падумалася мне тады, а значыць, ніхто не разгадае, хто за ім схаваны. Пазней я яшчэ прачытала кнігу Арто Паасілінна «Год зайца» і толькі ўмацавалася ў сваёй ідэі. У кнізе заяц, выпадкова сустрэты, цалкам пераварочвае галоўнаму герою жыццё, абрынаючы стары сусвет і вяртаючы забытыя сапраўдныя сэнсы.

Псеўданімам скарыстацца так і не выпала, я пішу дагэтуль пад сваім імем. Гэта бадай адзіны бясстрашны ўчынак, на які я здольная, у адрозненне ад сапраўднай Марыі Зайцавай, пра існаванне якой я толькі цяпер даведалася і якую ўжо не забуду, нягледзячы на тое, што не была знаёмая з ёй асабіста. Цяпер гэтае імя ўжо ніколі не зробіцца чыімсьці псеўданімам — нейтральным, шэрым, якіх хоць гаць гаці... 

Гэтым імем, яркім і незабыўным, некалі будзе названая вуліца ў прыгожым горадзе Гомелі — выбітным культурным цэнтры нашай новай свабоднай краіны.Таму што героі не паміраюць, яны застаюцца жыць у нацыянальнай памяці і нацыянальным пантэоне, без якіх немагчыма зрабіцца сапраўдным народам.