Канферэнцыя GirlSafety 5.0 праводзіцца ў Мінску ўжо пяты раз. У суботу, 23 лістапада, падлеткі-дзяўчаты, іх бацькі і адмыслоўцы ў сферы IT-бяспекі чарговым разам спрабавалі разабрацца з «выклікамі часу».
Гэтую канферэнцыю традыцыйна праводзіць IT Princess Academy сумесна з Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі. Аднак не толькі яны: сёлета партнёрамі выступілі ITS Pаrtner — кампанія-распрацоўшчык праграмнага забеспячэння, сацыяльны праект «Інтэрнэт-бяспека дзяцей Беларусі Netka.by», адвакацкае бюро «Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры» і Упраўленне адукацыі Цэнтральнага раёна Мінска.
Скіраванасць на дзяўчынак-падлеткаў і іх бацькоў гэтага мерапрыемства зразумелая: менавіта дзяўчынкі — найбольш уразлівая аўдыторыя сусветнага павуціння. Але тое, што казалі на канферэнцыі, збольшага тычыцца не толькі дзяўчат, але вельмі карыснае і хлопчыкам, і іх бацькам.
Можна нават сказаць, што такая канферэнцыя менавіта бацькам і патрэбная — у першую чаргу. Не будзем няшчырымі: сённяшнія дзеці пра інтэрнэт, пошук у сеціве, інтэрнэт-бяспеку і іншае ведаюць нават нашмат больш некаторых бацькоў. Гэтага не трэба саромецца. Таму што нават тыя, каму «крыху за трыццаць», яшчэ могуць памятаць прыстаўкі Dendy і пішчэюанне мадэма Zyxel на 14400 (а каму вельмі пашанцавала — на 28800).
То бок пакаленне бацькоў, нават самых маладых, інтэрнэту навучалася. А сённяшнія дзеці ў ім жывуць. Прычым часцяком інтэрнэт складае значную частку іх жыцця — прыкладна 44% дзяцей цяпер праводзяць у віртуале каля 10 гадзін у дзень. Дадайце сюды 8 гадзін на сон і 6 гадзін школы, і вы зразумееце, што фактычна там, за экранам смартфона альбо кампʼютара, яны і жывуць.
Адпаведна, бацькам такіх дзяцей трэба вучыцца самім і навучаць дзяцей таму, якія небяспекі і «падводныя камяні» ёсць у віртуальнай прасторы. І найперш казаць пра тое, што інтэрнэт не ёсць прасторай для жыцця, што гэта ўсяго толькі інструмент, прылада для навучання альбо адпачынку. І ставіцца да яго, як да любой прылады, трэба асцярожна і з разуменнем. Мы ж не даём у рукі падлетку бензапілу ці нават сякеру, не прачытаўшы перад тым натацыю, як трэба ёю карыстацца і куды не падстаўляць рукі? З інтэрнэтам — тое самае.
На роліку, які дэманстраваўся перад пачаткам канферэнцыі, адзін з бацькоў слушна казаў: дзяцей вучаць паводзінам на вуліцы, правілам дарожнага руху. Такія ж правілы павінны быць сфармуляваныя ў сям’і і для знаходжання ў інтэрнэце.
Валянціна Чэкан
Валянціна Чэкан, каардынатар праекта GirlSafety, якая вяла гэтую канферэнцыю, ужо распавядала пра дзіцячую інтэрнэт-бяспеку і пра тое, як лёгка ў інтэрнэце пакідаюцца асабістыя дадзеныя, і нават неаднойчы. Але найбольш карысная асаблівасць гэтай канферэнцыі была ў «міжсабойчыку для бацькоў». Настаўнікі IT Princess Academy пасля агульных з бацькамі лекцыяў выправілі дзетак «карысна пагуляць» — павучыцца, як ствараць надзейныя паролі (і запамінаць іх), як зрабіць добрыя фатаздымкі, як увогуле захоўваць бяспеку ў інтэрнэце. А бацькоў у гэты час — у адсутнасць дзяцей — прымусілі задумацца: ці самі яны выконваюць усе палажэнні бяспекі і ці не ставяць у няёмкае становішча дзяцей СВАІМІ паводзінамі ў інтэрнэце?
Псіхолаг Ілляна Матвіенка, напрыклад, адзначыла: па правілах інтэрнэт-бяспекі дзеці не павінны «посціць» у інтэрнэт свае фота. А бацькі? Ці шмат хто пытаўся ў дзіцяці, каб вывесіць у інтэрнэт фота з ім? Ды яшчэ з подпісам кшталту «мая пусечка»? З аднаго боку, бацькам прыемна ўспомніць, як яны купалі тое малое ва ўзросце пары годзікаў, дый падзяліцца гэтым з сябрамі-дарослымі. Але «тэгнуўшы» на гэтым фота дзіця, якому ўжо гадоў 15-16 і ў якога ўжо ёсць свая старонка ў сацыяльных сетках… Як на такое фота адрэагуюць сябры падлетка? Будуць яны замілавана ўсміхацца, альбо, хутчэй, здзекавацца з «героя» фота? А адсюль недалёка і да тролінгу, і да кібербулінгу…
Асабліва небяспечна, калі бацькі становяцца ў тым ліку і «віртуальнымі бацькамі». Напрыклад, імкнуцца выхоўваць сваё дзіця і выказваць да яго прэтэнзіі на яго старонцы ў сацсетках. Пры гэтым такія бацькі забываюцца, што перапіска іх з дзіцем у выглядзе, напрыклад, каментароў пад фатаздымкам, даступная не толькі ім абодвум, а любому, хто зойдзе на старонку. І выглядае вашае дзіця ўжо не «самастойным» чалавекам, а цалкам кантраляваным «маменькіным дзіцяткам».
Але і гэта толькі палова праблемы. Інтэрнэт — гэта не асабістыя стасункі, калі ты бачыш выраз твару чалавека, яго інтанацыі, чуеш яго голас. Каментары — гэта ўсяго толькі літаркі на экране, і ўспрынятыя яны могуць быць па-рознаму — у залежнасці ад таго, у якім настроі знаходзіцца «рэцыпіент» паведамлення. Калі дзіця не ў гуморы, нават сяброўская «падколка» ці «гумарэска» могуць быць успрынятыя як знявага, здзек ці абраза. А калі яны ідуць да таго ж ад блізкага чалавека, гэта вельмі балюча.
Просты прыклад: калі дзіця «накасячыла» і на настойлівыя тэлефанаванні не бярэ слухаўку, што яно адчувае? Хутчэй за ўсё, думае, што бацькі расчараваныя і злыя. А што адчуваюць бацькі, калі не могуць датэлефанавацца да яго? Страх, што з ім адбылося нешта непапраўнае, ці не так? Зусім розныя эмоцыі — і гэта прыводзіць да непаразумення нават праз голас, не тое што праз літаркі на экране.
Таму Ілляна Матвіенка раіць увогуле не высвятляць «праблемныя моманты анлайн. Усё гэта павінна рабіцца дома, сам-насам ці ва ўтульным сямейным коле. Тады, калі вы дакладна ведаеце, што вас зразумеюць правільна.
І ўжо дакладна недапушчальна выводзіць «кантраляваную прастору» ў чаты ці мэсэнджары. Матвіенка прывяла прыклад з яе практыкі: дзіця пайшло на дзень народзінаў сябра. За тры гадзіны ад звышпільнай маці да яго ў мэсэнджар прыйшло 57 (!) паведамленняў кшталту «Што робіце?», «Табе там добра?», «Як справы», «Табе весела?» Думаю, гэтаму дзіцяці наўрад ці было на дні народзінаў весела. Хутчэй, яно ўвесь час было занятае не весялосцю, а тым, што адказвала на паведамленні. А напрыканцы яму проста хацелася знішчыць свой тэлефон.
Варта ведаць, што асабістыя межы патрэбныя не толькі бацькам, але і дзецям. І культура стасункаў таксама павінна быць з абодвух бакоў. З гэтага і ўзнікае давер дзіцяці да бацькоў. І тады яно будзе дзяліцца, раіцца з бацькамі — у тым ліку і адносна сваіх паводзінаў і стасункаў у інтэрнэце.
А ўвогуле, дзеці ў інтэрнэце, як і ў звычайным жыцці, бяруць прыклад з бацькоў. І як бацькі паводзяць сябе і ў рэале, і ў інтэрнэце, так і дзеці. І яны пераймаюць паводзіны бацькоў як у рэале, так і ў віртуале.
Калі бацькі выкарыстоўваюць інтэрнэт як забаўку, то так сеціва будзе выкарыстоўваць і дзіця. А калі бацькі ў сеціве не толькі працуюць, але і навучаюцца — то і стаўленне дзіцяці да сеціва будзе адпаведнае.
Калі ж вы хочаце вучыцца і даведацца больш пра тое, як паводзіць сябе з дзецьмі ў інтэрнэце і як навучаць іх кібербяспецы — зазірніце на старонку партнёра канферэнцыі. Шкодным не будзе.
Аліна Бялова, budzma.by
Фота — Зарына Кандрацьева
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!