Вядомыя беларускія музыкі з фольк-гурта Irdorath знялі відэаролік, у якім падзякавалі ўсім, хто падтрымліваў іх падчас зняволення ў Беларусі.
«Сёння, у дзень народзінаў Надзеі роўна 2 гады, як у нашым жыцці адбыўся той цёмны пералом. Гэта прычына, па якой мы выбіраем гэты сімвалічны дзень, каб пачаць наш шлях вяртання ў рэальны свет. Не так хутка, як хацелася б, але крок за крокам мы аднавімся і вернемся на сцэну. Вернемся да вас», — кажа заснавальнік гурта Уладзімір Калач.
Irdorath быў створаны ў 2011 годзе Надзеяй і Уладзімірам Калачом. Гурт граў фэнтэзі-фолк, а таксама музыку сярэднявечча. Irdorath шмат разоў удзельнічаў у міжнародных музычных фестывалях.
Удзельнікі гурта прымалі актыўны ўдзел у беларускіх пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў. У 2021 годзе музыкаў затрымалі падчас святкавання дня народзінаў вакалісткі Надзеі. Ёй і яе мужу Уладзіміру Калачу выставілі абвінавачанне па 342 артыкуле (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). За кратамі Надзея і Уладзімір правялі амаль два гады.
Адразу пасля вызвалення музыкі з’ехалі з Беларусі і цяпер знаходзяцца ў бяспецы.
«Сёння мы хочам падзякаваць вам і сказаць, што тое, што адбылося, нас не зламала. Так, у нас шмат працы, але ў той жа час у нас шмат крэатыўных ідэй і жаданне ўвасабляць іх у жыццё. І з вашай падтрымкай мы пройдзем праз усё», — заявілі ўдзельнікі гурта.
Чытайце яшчэ: «Мы хочам, каб гэты альбом быў мосцікам праз межы і паміж месцамі». Гурт Vapna выпусціў дэбютны альбом