Інтэрнэт-партал Tuzin.fm узнагародзіў герояў гэтага году – гурт Akute, а разам з тым адсвяткаваў 9-годдзе сваёй дзейнасці. У вялікім святочным канцэрце разам з магілёўскімі музыкамі ўзяла ўдзел Паліна Рэспубліка.
Вечар распачаў Алег Хаменка, нязменны вядучы жывых канцэртаў, што ладзіць Tuzin.fm. Музыкант і шоўмэн паведаміў, што ў гэты дзень супадзення адразу трох “дванаццатак” слынны інтэрнэт-партал адзначае сваё 9-годдзе: “Хоць на самой справе сваю працу “Тузін Гітоў” распачаў у сеціве ў кастрычніку 2003 году”, – зазначыў лідар “Палаца”. Да прадстаўлення першага госця вечара ён падышоў арыгінальным чынам: “Я паспрачаўся нядаўна наконт таго, што праз год Паліна Рэспубліка збярэ тысячную залю, перакананы ў гэтым”. Паліна выйшла на сцэну разам з гітарыстам Уладам Пыльчанкамі і кантрабасістам Эрыкам Арловым-Шымкусам. “Не ведаю, як жыць з такім цяжарам цяпер”, – іранічна пракаментавала яна словы Хаменкі ды паведаміла, што калі запусціўся інтэрнэт-партал “Тузін Гітоў” ёй было 9 гадоў. У якасці падарунку спявачка падрыхтавала праграму з сваіх найлепшых песень. У пэўны момант яна прызнаецца, што перапоўненая радасцю з нагоды таго, што давядзецца паслухаць герояў вечару – гурт Akute. “Я бедная студэнтка, так што на канцэрты гэтых музыкаў трапіць не давялося. Аднойчы быў шанец іх пачуць ужывую, калі іх і мяне заявілі на фестываль “Пікнік.by”. Толькі так выйшла, што мы выступалі адначасова на розных сцэнах. Так што тут пачую іх упершыню”. Паліна сапраўды ў другой частцы канцэрту пэўны час правяла на танцпляцы ды разам з усімі падпявала “акутаўскія” песні.
Akute сапраўды былі на вышыні. Атрымаўшы прыз як найлепшая беларуская група году з рук выдаўца парталу Tuzin.fm Ветра Механічнага, Стас і Рома далі перад усімі клятву “рабіць добрую і якасную музыку” ды паказалі, як у іх гэта атрымліваецца на сёння. У сваю праграму з найлепшых песень з альбомаў “Дзевачкі і космас” ды “Не існуе” яны ўключылі некалькі новых твораў, у тым ліку і будучы патэнцыйны хіт “Бегчы”. Віталі музыкантаў надзвычайна, Стасу ў прынцыпе і неабавязкова было спяваць – за яго гэта рабіў танцпляц. Магілёўцаў яшчэ доўга не адпускалі са сцэны, патрабуючы “біс”, а потым да іх выстраілася чарга па абдымкі, аўтографы, фотаздымкі ды пацалункі. “Ёсць Akute, і ад гэтага жыццё робіцца прыгажэйшым”, – падсумавала адна з прыхільніц каманды.
Фота: Аляксандр Ждановіч