Дык чаму ж беларусы ўсё яшчэ не любяць заможных суайчыннікаў?
Пісьменнік і журналіст Алесь Кіркевіч у сваёй калонцы на сайце budzma.by на мінулым тыдні ўзняў шэраг важных пытанняў, асноўны лейтматыў якіх наступны: чаму беларусы не любяць чужыя грошы? І сам жа паставіў дыягназ нашаму грамадству: “беларусы дагэтуль з падазрэннем ставяцца да заможных суайчыннікаў і губляюцца, калі самі такімі робяцца”.
Усё так, дружа, але гэта, падаецца, вельмі спрошчаны падыход. Тым больш для такога складанага і далікатнага пытання, як падлік чужых сродкаў. Справа ў тым, што такое стаўленне беларусаў (і не толькі) – рэч ужо падсвядомая, якая фармавалася стагоддзямі і ўзнікла не на пустым месцы. Не будзем тут заглыбляцца ў гісторыю, але колькі цікавых фактаў з яе для сябе адзначым, каб карціна зрабілася больш яснай і зразумелай.
Пачнём з таго, што розныя там “літвіністы” і “крыўскія” дзеячы падсвядома не любяць “беларускую справу” як такую – для іх гэта акурат выразны ўзор сялянства. А разам з тым і ўсіх “сялянскіх” і “пралетарскіх” каштоўнасцяў. З той жа прычыны многія скептычна ставяцца да творчасці ды постаці Францішка Багушэвіча, які фактычна заклаў асновы сучаснай беларускай літаратуры. Як толькі згадаюць яго імя, дык адразу ж прыгадваюцца “Дурны мужык, як варона” і “Бог няроўна дзеле” са школьнай праграмы. А думка адзінага вядомага верша Паўлюка Багрыма, які да нас дайшоў, вельмі простая: за радзіму без паноў і падпанкаў, як той спяваў. Каліноўскі, які ўмела касплэіў мужыкоў, недарэмна меў мянушку Хам у сваім асяродку. Ён, дарэчы, адна з нямногіх рэальна кампрамісных фігураў у нашай гісторыі, якая збольшага задавальняе ўсіх. Але пры гэтым ідэі, за якія змагаліся Кастусь і яго каманда, былі на той час радыкальнымі не толькі для царскага рэжыму. Бянтэжылі яны і іншых паўстанцаў, якія выступалі ўсяго толькі за аднаўленне Рэчы Паспалітай у яе этнаграфічных межах, то бок за вяртанне старых парадкаў і гаспадароў. Гэта я пра тое, што “левая тэма” зусім не чужая беларусам. І гаворка цяпер не толькі пра бальшавікоў, хаця і пра іх таксама.
“Маладняк”: Enfants terribles беларускай літаратуры
Несцерка, можа, і не мае рацыі, але як быць з іншымі творамі? Перапішам Коласа? Пераробім Купалу? Спішам з рахункаў Гарэцкага з Жылуновічам? Выкінем адным махам “Маладняк”? Размова не пра вершы і тэксты, прысвечаныя Леніну, Сталіну і светламу камуністычнаму заўтра. А пра тое, што пытанні сацыяльнай і нацыянальнай справядлівасці стаялі ўсю дарогу побач і толькі ў такой звязцы не гублялі сваёй актуальнасці. Ці варта прыгадваць, што “айцы-заснавальнікі” і БНР, і БССР былі паводле сваіх перакананняў левымі? Але калі ўзяць ды параўнаць Дэкларацыю Рады Случчыны, якую агучылі слуцкія паўстанцы ў 1920 годзе, і “Маніхвэст” Жылуновіча 1919 года, то яны дзіўным чынам супадаюць па многіх пунктах. Можа нават скласціся ўражанне, што гэтыя людзі былі не па розныя бакі барыкадаў, а з аднаго…
Цяпер пагаворым пра тып паводзінаў, які нібыта “ні разу не еўрапейскі”. Акурат для Еўропы незадаволенасць размеркаваннем дабротаў – нармальная з’ява. Прычым там не проста не любілі заможных і паспяховых – іх ненавідзелі. Усё еўрапейскае Сярэднявечча прасякнутае бунтамі ды паўстаннямі, асноўным праграмным пунктам якіх было даволі простае патрабаванне – “усё адабраць і падзяліць”. Гэта ў Еўропе была напісаная знакамітая “Утопія” Томаса Мора, якая, уласна, і дала назву цэламу літаратурнаму жанру, калі ні “Капіталу” Карла Маркса, ні класавага падыходу не было яшчэ і ў праекце. Гэта ў Еўропе адбылася Жакерыя, задоўга да Вялікай Французскай рэвалюцыі, якая перакуліла ўвесь свет, і Парыжская Камуна, якая натхняла будучых камуністаў. Нават 6 лютага 1934 года, пад час сумнавядомых беспарадкаў у цэнтры Парыжа, якія былі арганізаваныя крайнімі правымі нацыяналістамі і манархістамі, пратэстоўцы патрабавалі выгнаць багаценькіх прадажных палітыкаў і буржуа. Супадзенне? Не думаю! Хутчэй традыцыя французскага бунту, аднолькава прымальная як для правых, так і для левых актывістаў.
У сучаснай Даніі, грамадскі лад якой удала спалучае сацыялізм і манархію, не прынята быць багатым. Не ў тым сэнсе, што там культывуецца галота і бедната, а ў тым, што не вітаюцца “панты”. Заможныя людзі жывуць там вельмі сціпла адносна іх магчымасцяў. А дарагія падарункі фіксуюцца ў падатковай, каб не было потым ніякіх лішніх пытанняў. І гэта не кажучы пра падаткі, якія там розныя для розных груп насельніцтва. З іншага боку, людзі на ўласныя вочы бачаць, на што ідуць заплачаныя імі грошы, таму асабліва не хаваюць свой даход ад дзяржавы. Відаць, гэта мы проста жывём у такой краіне, дзе пасля 70-гадовага кіравання бальшавікоў ужо адным словам “сацыялізм” можна пужаць дзяцей.
Затое ў нас, як вядома, “панты даражэйшыя за грошы”. Узяць хаця б нядаўні выпадак, калі сын вядомага футбаліста рассякаў па тратуарах на Infiniti, каб потым выкладаць усё гэта ў свой Інстаграм. Для мяне самым цікавым аказалася не тое, як ён “крута” кіруе мамкавай машынай, а тое, якім чынам каментуе. З гэтага можна зрабіць такую выснову: нелюбоў у “простых смяротных” і айчынных лакшэры ўзаемная. А ставяцца беларусы негатыўна да заможных не таму, што зайздросцяць іхным мажлівасцям, а таму, што дзядзькі з грашыма часцяком не лічаць за людзей усіх астатніх, тых, хто прасцейшы…
Канстанцін Касяк, budzma.by
Меркаванне калумністаў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі “Будзьма беларусамі!”