Just business... Казка з добрым канцом адмяняецца?

Выглядае, што стары свет — «усё». Як сістэма, у якой мы жылі ды верылі, што прыкладна так будуць жыць дзеці, толькі — лепш. Таксама ў плане Еўропы, якую пасля ўзыходжання амерыканскай зоркі лічылі тым самым Старым Светам. Усё.

Недзе з месяц таму трапіў на сустрэчу з беларускім палітыкам, які напалягаў на тым, што на кожных вялікіх перамовах мае быць прадстаўленая Беларусь. Лагічна ж? Украінцы пасмейваліся: «Ну куды ж вам, хто вы?..» Зараз вялікае пытанне, ці будзе прадстаўленая сама Украіна. У якой меры будзе прадстаўленая Еўропа — таксама загадка. 

Pieramovy pamiž ZŠA i Rasijaj u Er-Ryjadzie
Перамовы паміж ЗША і Расіяй у Эр-Рыядзе (Саудаўская Аравія), 18 лютага 2025 года, на якія не запрасілі прадстаўнікоў Украіны і Еўропы. Фота: Evelyn Hockstein / Pool Photo via AP

Гульні моцных без уліку інтарэсаў слабых

Дзіва? Не. Кожная гістарычная паралель, безумоўна, кульгае. Іх ужо накідалі зашмат: Мюнхен-1938, Пакт Молатава — Рыбентропа, Ялта... Усе гэтыя дамовы яднае адно: яны прымаліся паводле «права моцнага». Паводле інтарэсу. Мараль і Справядлівасць на такія сур’ёзныя канферэнцыі не пускаюць. Не той узровень. 

Возьмем Патсдамска-Ялцінскую сістэму. Гэта была гульня дарослых і моцных без уліку інтарэсаў слабейшых. Палову Еўропы аддалі Сталіну. У рабства. І калі ў выпадку часткі Германіі, Венгрыі ды Румыніі яшчэ можна сказаць, што гэта «пакаранне» за падтрымку Гітлера, то за што было караць Чэхаславаччыну ці Польшчу?.. Фінляндыя плаціла СССР рэпарацыі — і гэта яшчэ «лайт-варыянт».

Potsdamskaja kanfierencyja, 1945 h.
 Потсдамская канферэнцыя, 1945 г. Фота з Вікіпедыі

Інтарэсы кантынентальнай Еўропы тады проста не былі ўлічаныя. І калі б, напрыклад, Бельгія ці Галандыя мелі іншыя геаграфічныя каардынаты (або ў Жукава атрымалася б туды дайсці), мы мелі б Галандскую і Бельгійскую народна-дэмакратычныя рэспублікі. А галандцы і бельгійцы, як мінімум, да 1989 года хадзілі б у Нью-Ёрку са сцягамі на акцыі пратэсту, як палякі, беларусы і ўкраінцы. 

«Змрочнае асветніцтва», Ярвін і карпарацыі 

І тут пытанне іншае: а чаму, уласна, мы ўсе паверылі, што гэтым разам усё будзе інакш? Правільна. Бо Заходні Свет дагэтуль яшчэ асацыяваўся з каштоўнасцямі. Правы, свабоды, самавызначэнне, павага... увесь гэты набор. Гэта ж і была альтэрнатыва савецкім «антыкаштоўнасцям» цягам усёй Халоднай вайны. Зорка, якая ўказвае шлях. 

Зараз відавочна, што гэты набор састарэў. Прынамсі, у такім прачытанні. Як праграмнае забеспячэнне для тэхнікі: не спраўляецца з нагрузкамі. Адсюль і поспехі зусім не ліберальных сілаў па ўсім Захадзе. Можна казаць, што ўсё гэта інтрыгі Крамля, але — гэта ж спрашчэнне. Як і поспехі «левых» у Еўропе 1920-х — не толькі праца Камінтэрна, але і грамадскі запыт. Ёсць праблема — будзе і запыт. 

Kiorcis Jarvin
Кёрціс Ярвін, таксама вядомы пад псеўданімам Менціус Молдбаг. Фота з Вікіпедыі

І калі думаеце, што справа ў Орбане ці AfD, то — не. Пашукайце, хто такі Кёрціс Ярвін, у чым ідэя «змрочнага асветніцтва» і чаму гэта ўсё зараз модна ў Белым доме. Калі адкінуць шлак пра «тэхналагічную неаманархію» і «брахманаў», то застаюцца акцыянерныя карпарацыі, якія заменяць дзяржаўныя ўрады. Ну, і ўсё астатняе таксама — заменяць. Ніякіх каштоўнасцяў — just business

Нешта падобнае больш за 100 год таму апісаў Джэк Лондан у антыўтопіі «Жалезная пята». У СССР любілі перавыдаваць гэтую кніжку як універсальную страшылку перад тым, ува што непазбежна пераўтворыцца капіталізм. Гэта, дарэчы, цікава. Пакуль у Крамлі чыталі Дугіна і слухалі Суркова, у Вашынгтоне пад коўдрай з ліхтарыкам чыталі Ярвіна... Дачыталі. 

Чым можна гандляваць з тым, у каго нічога няма?

Дзе ва ўсім гэтым Беларусь і беларусы? Страшна нават падумаць, але верагодна — нідзе. Пра нас проста забудуць. Наша пытанне не будзе фігураваць. Яшчэ раз: нідзе. Калі з афіцыйным Мінскам можна гандляваць каліем, палітвязнямі ці паветранай прасторай для пералётаў, то... чым можна гандляваць з тым, у каго нічога няма?

Беларусь як гулец да часу яшчэ застанецца, але акурат у выглядзе дзяржавы-карпарацыі. РБ як фірма ці акцыянернае таварыства з галоўным прадстаўніцтвам у Менску. Іншай «Беларусі» ва ўяўленні вялікіх гульцоў проста не будзе. Прынамсі, на дадзеным этапе.

Зрэшты, заспакоіць сябе можна вельмі проста: свет заўжды быў такім. Мы надта моцна паверылі ў казку, а рэальны досвед папярэдніх пакаленняў перабілі галівудскія фільмы з добрым канцом. Свет надалей — казка. Толькі без адаптацыі: сапраўдная хардкорная казка, а з якім там фіналам... яшчэ не прапісана. І ўжо хаця б гэта — нагода трымаць сябе ў добрай форме. 

Алесь Кіркевіч, Budzma.org