Неабыякавыя жыхары Горадні 21 студзеня сабраліся на ўжо другі ў сваім горадзе “Кірмаш праектаў”, што ладзяцца кампаніяй “Будзьма беларусамі!” Першы з іх, нагадаем, адбыўся ў 2013 годзе, калі даехаў да Горадні разам з ток-шоу ад кампаніі. Пад ляжачы камень вада ідэй не цячэ, а цячэ туды, дзе ёсць прага людзей да новых праектаў і ўдасканалення праектнай працы.
Менавіта таму лагічным пачаткам стала вітанне ад арганізатараў ды найперш аповед пра лёс праектаў леташняга “Кірмашу”. З прадстаўленых у траўні сямі праектаў два ўжо рэалізуюцца цяпер (А. Мялешка, “Encounter”, і А. Бяленік, “Гарадзенскія паэтычныя слэмы”), а адзін чакае рэалізацыі неўзабаве (І. Сакута, “Постаці”). Такім чынам першы “Кірмаш”, які быў “намацваннем глебы” ў Горадні, дае свае першыя ўсходы, а мы рухаемся на “Кірмаш” нумар два. Пагатоў нагода для горада з’явілася ўнікальная – атрыманне статусу “культурнай сталіцы Беларусі – 2014”.
Культурнай сталіцы – культурніцкія ідэі!
Мадэраваная каардынатарам кампаніі па Гарадзеншчыне Хрысцінай Марчук, сустрэча сабрала блізу паўсотні чалавек ды дзевяць разнапланавых праектаў. Пасля снежаньскага ток-шоу аб патэнцыяле грамадскасці ва ўдзеле ў акцыі “Горадня – Культурніцкая сталіца” быў складзены зварот да адміністрацыі горада і вобласці. Рэакцыя на яго была адлюстраваная ў мясцовых медыях: “Аляксандр Вярсоцкі адзначыў, што ўлады ахвотна прымуць ініцыятывы, аднак выказаў сумненні, што актыўнасць гарадзенскай моладзі пойдзе далей за словы і ператворыцца ў канкрэтныя справы”. Таму пяройдзем, спадарства, да справаў, а дакладней да свежых праектаў на карысць горада.
“Першая лепшая” Таццяна Касатая прадставіла свой праект па папулярызацыі драўлянай архітэктуры Горадні. Ён стаў дапоўненым і дапрацаваным развіццём праекта ад суполкі “Варштат ідэй”. Праблема захавання і папулярызацыі драўлянай спадчыны характэрная для розных гарадоў, таму ідэя пра стварэнне серыі паштовак з выявамі такіх дамоў, якія былі б цалкам абмаляваныя ў камплекце, была ўспрынятая цёпла. Кропкай экспертнай дыскусіі сталі парадак крокаў і акцэнты ў праекце (магчыма, варта засяродзіцца на конкурсе па пошуку канцэптаў для паштовак, каб было прасцей шукаць партнёраў для праекта, і магчымы пошук падтрымкі ў профільнага (мастацкага) студэнцтва, напрыклад, у выглядзе дыпломнай працы).
Наталля Паўленка расказала пра праект “Дом-батлейка. Другое жыццё”. Інспіраваны візітам у Літву і тамтэйшым унікальным домам, праект мае на мэце ўключэнне старых дамоў у жыццё горада і стварэнне ўнікальных інсталяцый. “Хочацца пагуляцца з гарадскім асяродкам, зрабіць артэфакты візуальнымі. Бо ў самасвядомасці ў нас толькі Стэфан Баторы, а астатніх, лічы, і няма. З такім адметным домам прыемна было б сфатаграфавацца і моладзі і гасцям”, – трапна акрэсліла сутнасць аўтар праекта. Цікавым паваротам стала думка сталічнай госці Аксаны Нікіцінай, якая прапанавала ісці ад адваротнага і, каб не “ўтыкацца” ў магчымую бюракратыю, шукаць гаспадароў сядзібаў, галерэй і майстэрняў, каб найхутчэй данесці такі прыклад да магчымых партнёраў.
Трэці праект быў прадстаўлены той жа Наталляй. У межах канцэпцыі “Літаратурны брэнд Горадні” быў прапанаваны спіс пісьменнікаў, біяграфіямі і творамі якіх можна ўзбагаціць гарадскую прастору. Працоўны фармат – друкаваныя плакаты, якія можна было б змяшчаць на зачыненых вокнах і сценах, а я вынік – стварэнне літаратурнага брэнду і не толькі візуальнага, але і ментальнага. “Мне б хацелася, каб нахабна лезла ў вочы літаратурная спадчына Гарадзеншчыны, і
таму варта рабіць адразу шырокія крокі”, – адказала аўтарка на прапановы экспертаў пачынаць з лабіравання ідэі праз дробныя крокі. Незалежна ад таго, якая стратэгія будзе абраная для праекта, галоўнае – яго вынік і карысць для горада.
Наступны праект – “Гравюра Адэльгаўзэра/Цюнта – культурны код Горадні” – прадставілі Сяргей Салей і ягоны калега Андрэй Чарнякевіч. “Жыццё пагаршае культуру, – павіталіся выступоўцы, – аднак хацелася б, каб толькі паляпшала, і наш праект – спроба знайсці адпаведную цану культуры сёння. Тут, у Горадні. “Ідэя выкарыстаць самую вядомую карціну Горадні і адну з першых у ВКЛ як канцэпт-базіс для развіцця гарадскога брэндынгу – бадай, самая маштабная з усіх прадстаўленых на Кірмашы. Вартасць яе не падлягае аспрэчванню, а найбольш развагаў адбылося, вядома, вакол стратэгіі такой вялікай справы.
Вячаслаў Траццяк расказаў пра планы па стварэнні Віртуальнай мабільнай бібліятэкі ў Горадні. На прыкладзе Адэсы – малюнкі са стэндамі і QR-кодам – была паказаная яе прывабнасць. “Праект мае мэтай папулярызацыю чытання ў прынцыпе і беларускіх кніг у тым ліку”, – падзяліўся аўтар. Прагучала цікавая ідэя пра “цеплалямпавасць” праекта – розны памер кніг, які дазволіць адчуць цеплыню сустрэчы з творам. Для пачатку плануецца 10 не абы-якіх кніг на беларускай мове, некаторыя з якіх звязаныя з Горадняй. Падчас дыскусіі вакол праекта публікай выказвалася меркаванне, што перад з’яўленнем QR-кодаў горад мусіць займець найперш звычайныя шыльды, якіх бракуе. Думка трапная, і, спадзяемся, працэсы інфарматызацыі гарадской прасторы будуць ісці паралельна. Як у літарах, так і ў QR-кодах.
Праект Эльвіры Хмяльніцкай і Ганны Кузняцовай “Коўчынг для бацькоў” прадставіла спадарыня Эльвіра, натхнёная трыма групамі для бацькоў, з якімі працуе сама. Практыка паказвае, як шмат сёння парадаў няякасных, якія людзі бяруць на веру, не слухаючы прафесіяналаў. “У нас кансультуюць псіхолагі, а ва ўсім свеце – людзі, што атрымалі паслядыпломную адукацыю. Еўрапейская канцэпцыя адрозніваецца”. Падтрымаць ініцыятыву знайшлося колькі зацікаўленых проста ў зале, а распаўсюд ідэй якаснага коўчынгу, безумоўна знойдзе сваіх паслядоўнікаў, гатовых вучыцца і вучыць.
Эмілія Комар, студэнтка 3 курса спецыяльнасці “Журналістыка”, выступіла з праектам “Насіць і несці беларускасць у кожным дні!” Сутнасць – вытворчасць сучаснага адзення з беларускім нацыянальным арнаментам, а памкненні аўтараў – “Разбіць уяўленне пра арнамент як частку толькі фолкавага адзення”. Каб паказаць рэальныя прыклады, выступоўца папрасіла ўстаць сябровак у прыгожых байках ды прадэманстравала свае завушніцы. “Я ведаю, што ідэя класная”, – рэзюмавала яна, і эмацыйны выступ сарваў бурныя апладысменты залі. Лагічнымі прапановамі супольнасці стала думка пра закід гэтай канцэпцыі не толькі прыватным вытворцам, але і буйным прамысловым прадпрыемствам рэспублікі.
Праект Наталлі Сліж з аб’яднання маладых навукоўцаў “ВІТ” – “Конкурс дзіцячых малюнкаў” – быў прадстаўлены Сяргеем Салеем. Праект памяці вядомага мастака Змітра Іваноўскага найперш шукае партнёраў-прафесіяналаў, бо сама арганізацыя-ініцыятар не мае мастацкага профілю. Адзін з прысутных адразу ж падзяліўся жаданнем далучыцца да праекта памяці мастака. Два варыянты дапаўненняў, што прыйшлі з залы, – ужыванне канкрэтных сюжэтаў для дзіцячых малюнкаў і канцэпт стварэння комікса пра жыццё Горадні. А там – чаму і не зладзіць цэлую выставу такіх цудоўных дзіцячых малюнкаў.
Апошнім у гэты вечар стаў праект Юліі Каляды і Хрысціны Марчук “Канцэпцыя пераўтварэння офіснага будынка ў творчы кластар”. Такой прасторы на сёння ў Горадні няма, і вядомы ўсім дом на Будзённага, 48а – адзін з самых лагічных варыянтаў бо і так ёсць цэнтрам “дзвіжухі” ў Горадні. Прысутная з “Форта” (арэндадаўца) з зацікаўленасцю адрэагавала на прапановы. На сёння ўжо ёсць планы па стварэнні ў корпусе Д міні-кавярні і рэстарана, але лёс вялікай часткі забудовы пакуль не вызначаны, і адміністрацыя будзе радая прапановам.
Пасля праектаў і іх абмеркаванняў з кароткім падсумаваннем выступілі эксперты Кірмашу. Начальнік аддзела культуры Ленінскага раёна Мінска Аксана Нікіціна падзялілася сваім досведам што да ўжо вядомай “пешаходкі” Карла Маркса ў Мінску. “Я разумею, што калі б год 5 таму я пабывала на такой імпрэзе, мне б усё давалася лягчэй у маёй працы. Трэба пачынаць – і да вас пацягнуцца. Трэба верыць”.
Самым актыўным у абмеркаванні быў запрошаны ў якасці эксперта на “Кірмаш” піяршчык, кіраўнік праекта “Experty.by” Зміцер Безкаравайны. Ён ацаніў ідэі ўсіх праектаў як выдатныя. “Але каб рэалізаваць іх, трэба прапрацоўка, без яе не будзе адказаў ні ад спонсараў, ні ад уладаў. Трэба рабіць дакладны план, стратэгію развіцця. Пакуль усё трымаецца на веры і ўпартасці, але выдатна, што ёсць людзі, гатовыя ствараць праекты дзеля культуры”.
Яўгенія Рамановіч, акторка Гарадзенскага лялечнага тэатра, адна з лідараў танцавальнай кампаніі “NAЧALO”: “Я сённяшняй сустрэчай задаволеная. Усё значна лепш, чым першы раз. Выступоўцы, якія былі на першай сустрэчы, відавочна зрабілі крок наперад у прапрацоўцы сваіх праектаў. Было вельмі цікава”. Рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма!” Кацярына Раманчык дадала, што не ўсе з прадстаўленых праектаў былі праектамі ў чыстым выглядзе, а хутчэй канцэпцыямі, якія трэба дапрацоўваць з пазіцый культурніцкага мэнэджмэнту і маркетынгу: надаваць больш увагі такім момантам, як назва праекта і згуртаванне зацікаўленай аўдыторыі вакол яго на ўсіх стадыях рэалізацыі.
“Кірмаш праектаў” у Горадні стаў доказам думкі пра тое, што “ідэі любяць прыходзіць у некалькі галоваў адначасова”. Перакрыжаванні ў праектах, прысвечаных літаратурнаму іміджу ды агульнаму пазіцыянаванню Горадні, сведчаць пра тое, што наспеў час адмыслоўцам у культуры аб’ядноўваць свае намаганні і рухацца да сваіх мэтаў у “сінергіі”.
“Кірмаш” развіваецца, як і задумвалася кампаніяй “Будзьма!”, як пляцоўка для абмеркавання і супольнага ўдасканальвання культурніцкіх ідэяў. Каб гэтыя ідэі і задумы дзякуючы парадам адмыслоўцаў і калег, дзякуючы аб’яднанню высілкаў неабыякавых людзей нарэшце ажыццявіліся і палепшылі культурніцкае жыццё.
Тыя, хто не меў магчымасці прысутнічаць на “Кірмашы”, могуць пазнаёміцца з прадстаўленымі на ім праектнымі прапановамі, а таксама ацэнкамі ад аўдыторыі тут. Далучайцеся да абмеркаванняў і рэалізацыі ідэяў таксама ў суполках “Кірмашу праектаў” у Facebook і vk.com!
Гародня. Кірмаш праектаў – 2. Усе прэзентацыі і галасаванка гледачоў