Адкрытая прэзентацыя крэатыўных ідэй “Кірмаш праектаў” культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася 28 траўня ў Віцебску ў пяты раз! І ўжо ў другі раз мы сабралі прапановы віцяблянаў па святкаванні Дня горада, публічна абмеркавалі іх з прадстаўнікамі гарадской адміністрацыі і разам знайшлі ініцыятыўных партнёраў для іх рэалізацыі.
Кірмаш праектаў у Віцебску – гэта
… калі Аддзел ідэалогіі сустракае песнямі “Metallica”
Віцебская “Выставачная зала”, у якой кампанія “Будзьма!” правяла “Кірмаш праектаў” знаходзіцца на першым паверсе невялічкага адміністрацыйнага будынку. На другім жа месціцца Аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама. Таму вельмі прыемным было, што зала з такім-та суседствам сустрэла нас вельмі яркім арт-праектам “Music in colors”. (У межах гэтага праекта, дарэчы, мастачка Лера Малотнікава намалявала свае любімыя песні “Metallica”, “The Doors”, Amy Winehouse, P!nk ды іншых. Песні некаторых зоркавых жанчын мастачка выявіла на “фігурыстых” манекенах). Атмасфера “Кірмашу праектаў” атрымалася, такім чынам, яркай і нават эксцэнтрычнай.
… калі адміністрацыя гатовая слухаць гараджан
У 2014 годзе аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама абвесціў адкрыты прыём прапановаў для складання культурніцкай праграмы агульнагарадскіх святаў – Дня горада і Дня моладзі. Паводле словаў галоўнага спецыяліста аддзела Віктара Глушына, “адміністрацыі надакучыла ўвесь час чуць нараканні ў стылі “нічога цікавага на Дзень горада не адбываецца, усё сумна і як заўсёды”. Таму гарадскія ўлады і вырашылі даць магчымасць віцяблянам прапанаваць свае ідэі. І гэта дало плён!”
У выніку было сабрана некалькі дзясяткаў ідэй, якія жыхары Віцебска пакінулі ў каментарах на адпаведных старонках у сеціве. А самыя грунтоўна распрацаваныя з іх былі прадстаўленыя публічна – на “Кірмашы праектаў” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Дарэчы, летась 9 з 10 прапановаў удзельнікаў былі падтрыманыя адміністрацыяй горада, а іх праекты рэалізаваныя падчас святаў.
“Сёлета мы вырашылі замацаваць пазітыўную практыку”, – кажа як заўжды натхнёны Уладзімер Булаўскі, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Віцебскім рэгіёне і мадэратар “Кірмашу”. – Мы зноў сабралі разам аўтараў культурніцкіх ідэй, прадстаўнікоў гарадской адміністрацыі, культурніцкіх мэнэджараў, экспертаў і проста неабыякавых гараджан, каб высветліць грамадскія патрэбы і памкненні і зрабіць іх публічнымі!”
… 7 адметных праектаў, 5 з якіх будуць рэалізаваныя ўжо ў чэрвені
Сёлета на “Кірмашы праеткаў” былі прадстаўленыя сем адметных праектаў, якія зробяць больш разнастайнай праграму святкавання Дня горада. Аўтары прапанавалі свае ідэі як для актыўнага, шумнага, але культурнага адпачынку ў цэнтры горада, так і варыянты для тых, каму святочная мітусня не дужа даспадобы.
У гэтым годзе нарэшце спраўдзіцца мара і задума, якая апошнія некалькі гадоў качавала з “Кірмаша” ў “Кірмаш” – фестываль паветраных змеяў “Свята ветру” будзе адноўлена. У арганізатараў (Культурная прастора Vitebsk4me) ёсць шмат задумаў, як разнастаіць Фестываль актыўнымі гульнямі, майстар-класамі, музычнымі выступамі і перформансамі. Меркаваныя дата і месца правядзення – 28 чэрвеня, парк Мазурына.
Летні маркет “Барадулінкі” працягне традыцыю, закладзеную ў снежні. Тады ў віцебскім бітлз-клубе “Чердачок”, а цяпер у дворыку арт-прасторы на Талстога, 7 у гараджанаў будзе магчымасць набыць эксклюзіўныя падарункі ручной працы. Акрамя маркета на пляцоўцы плануецца правядзенне дэгустацыі кітайскай гарбаты, літаратурная імпрэза з удзелам паэта Андрэя Хадановіча, фотасушка і канцэрт гурта TonqiXod. Арганізатары таксама ставяць сабе за мэту ўшанаваць памяць народнага паэта Рыгора Барадуліна – раздаваць каляндарыкі ці паштоўкі з вершамі дзядзькі Рыгора, зладзіць віктарыну ці паэтычны конкурс. (Калі, прачытаўшы пра “Барадулінкі”, у вас з’явілася ідэя ці прапанова, пішыце ініцыятарам на Annacruspe@mail.ru).
“Падчас гарадскіх святаў важна знаёміць гасцей і жыхароў горада не толькі з багатай культурнай спадчынай Віцебска, але і навакольных месцаў” – упэўнены краязнаўца Мікола Півавар. Спадар Мікола прапануе адсвяткаваць Дзень горада за горадам – пешаходнай ці роварнай экскурсіяй па вёсцы Лужасна. “Я думаў, што ўсе ведаюць, што такое Лужасна. Хаця б таму, што там жыву я, але нядаўна ўпэўнінўся, што гэта абсалютна не так. Больш за тое, з 1 чэрвеня Лужасна стане раёнам Віцебска. Горад і гараджане мусяць ведаць, які пасаг іх чакае!” У вёску захацелася выправіцца адразу ж з “Кірмашу праектаў”! Бо там захаваліся цудоўныя архітэктурныя помнікі, сапраўдны дэндрапарк, а таксама можна адшукаць патоплены ў рэчцы помнік аднаму “правадыру народаў”.
Калі ж вы аддаяце перавагу шумным і вясёлым святкаванням – у Віцебску вас чакаюць адкрытыя бясплатныя майстар-класы па соўшл-танцам і дэманстрацыі танцаў у стылі рок-н-рол, сальса і інш. Імпазантны Канстанцін Косцін паказаў радаснае відэа пра тое, як падобныя мерапрыемствы ладзіліся ў горадзе раней. Калі надвор’е паспрыяе – мусіць быць жыва і весела!
Магчыма, вы хацелі б правесці Свята горада ў кампаніі віцебскіх фатографаў? Стаць іх мадэллю ці ўдасканаліць свае візажысцкія навыкі? А можа вы – той самы віцебскі фатограф? Тады адмыслова для вас будзе арганізаваны чарговы Гарадскі фотазлёт! Праводзіць яго мяркуецца ў выглядзе шэрагу майстар-класаў на адкрытай пляцоўцы. Далучыцца можа любы ахвочы!
Гэта тыя пяць праектаў, распрацаваныя і прэзентаваныя на “Кірмашы праектаў”, ужо ўключаныя ў праграму святкавання сёлетняга віцебскага Дня горада. Але паўплываць на іх напаўненне яшчэ можа кожны з вас! Звязвайцеся з арганізатарамі, прапаноўвайце свае ідэі і далучайцеся да іх! Толькі так атрымаецца зрабіць сапраўды яркія святы. Усе прэзентацыі ідэй з кантактамі аўтараў, а таксама адзнакі ўсім праектам, выстаўленыя ўдзельнікамі-слухачамі “Кірмашу”, глядзіце ТУТ!
Яшчэ два праекты, на думку Віктара Глушына (галоўнага спецыяліста аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама), патрабуюць большай падрыхтоўкі і могуць перарасці ў доўгатэрміновыя. “Спеўны Сход” Сержука Доўгушава, магчыма, збярэ ўсіх ахвотных паспяваць і падчас сёлетняга Свята горада, а таксама будзе разглядацца магчымасць пераўтварэння яго ў больш рэгулярны гарадскі праект. Ідэю стрыт-арт конкурсу “Віцебскі арнамент”, які прадугледжвае адкрыты прыём заявак і адбор эскізаў на размалёўку адной з гарадскіх сцен, вырашана пакінуць на больш датэлёвую дапрацоўку – пошук спонсарскай дапамогі на набыццё фарбы, арэнду адмысловага абсталявання і г.д. Калі хто мае адпаведныя кантакты, заклікаем падзяліцца імі з ініцыятарамі гэтага цікавага праекта! З вашай дапамогай цікавыя ідэі стануць рэальнасцю хутчэй!
Кампанія “Будзьма беларусамі!” шчыра ўдзячная аўтарам прадстаўленых ідэй, прадстаўнікам адміністрацыі Віцебска, экспертам, “Выставачнай зале” і ўсім-усім за крэатыўныя прапановы і актыўны ўдзел у “Кірмашы праектаў”!
Не сумняемся, што Дзень горада ў Віцебску будзе ўсім на зайздрасць!
Маеце жаданне актывізаваць ініцыятыўных людзей у прапанаваным намі фармаце “Кірмашу праектаў” у сваім горадзе? Пішыце на razam@budzma.org! Толькі разам у нас атрымаецца насыціць культурніцкае жыццё важнымі, захапляльнымі і незабыўнымі праектамі і падзеямі!
Будзьма разам!
Тэкст — Ліза Неўмяржыцкая
Фота — Аляксандр Кузьмін