12 сакавіка ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў адбыўся штогадовы Конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў “Мяцеліца”.
Удзельнікаў свята ад імя арганізатараў прывіталі Мікалай Козенка (Школа традыцыйнага мастацтва), Тадэвуш Стружэцкі (Беларускі фонд культуры) і Ніна Шыдлоўская (ГКК “Будзьма беларусамі!”, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”).
У сваім прывітальным слове Ніна Шыдлоўская адзначыла: “У апошнія гады мы назіраем, як у беларускім грамадстве расце цікаўнасць да беларускай культуры. Праз адчуванне душэўнай патрэбы ці з прагматычных прычынаў – галоўнае вынік: абуджэнне і ўзмацненне нацыянальнай свядомасці, якая і ёсць сапраўдным апірышчам незалежнасці нашай любай Беларусі.
Нашы суайчыннікі ўсе часцей звяртаюцца да роднай мовы, уважлівей прыслухоўваюцца да беларускай музыкі і вышэй цэняць нацыянальнае выяўленчае мастацтва і дызайн. Беларускія арнаменты ўжо можна ўбачыць не толькі ў музеях, а мову пачуць не толькі на ўроках ці ў вузкіх асяродках.
Няма сумневу, што такі самы лёс чакае і беларускія танцы – старажытнейшы за іншыя віды мастацтваў, самабытнейшы нават за саму мову. Жыццярадасныя і эмацыйныя “Лявоніха”, “Крыжачок”, “Мяцеліца”, у гонар якой і названы фэст – і цяпер своеасаблівыя беларускія візітоўкі, якія ва ўсім свеце пазнаюць з першых тактаў. Бо беларуская харэаграфія – гэта не проста танцы. Гэта абуджэнне нацыянальных кодаў!”.
Ніжэй падаем вялікі фотарэпартаж з мерапрыемства.
Фота: Яўген Ерчак