У апошнія выходныя ў розных кутках Беларусі пачаліся святкаванні старажытнага свята сонца.
Купалле ля Полацка ў ноч з 18 на 19 чэрвеня было не вельмі масавым: у ім удзельнічала каля паўсотні чалавек. Большасць з іх – сябры мясцовага клуба “Княжыч”, які і ладзіць Купалле ад 1996 года.
Вогнішча, вяночкі, песні, карагоды, крупнік, купанне на досвітку – сцэнар свята быў традыцыйным для ўсіх рэгіёнаў Беларусі. У “Княжычы” пільна дбаюць пра строгую чарговасць этапаў свята і пра чысціню нават самых дробных момантаў. Напрыклад, вогнішча распальваюць выключна крэсівам (мае быць менавіта “жывы агонь”) толькі хлопцы. Дзяўчаты ў гэты час не павінныя нават блізка падыходзіць.
Мясцовых парадкаў тут трымаюцца настолькі моцна, што калі ты – воляй лёсу занесены госць, то адчуваеш сябе як на чужым вечары сустрэчы выпускнікоў альбо на парафіяльным свяце артадаксальных вернікаў.
Затое прырода радавала сваімі вабнотамі ўсіх без выключэння: у Паазер’і краявіды проста фантастычныя!
Хрысціна Марчук
Фота аўтара