Указальнік на мястэчка Ленін пад Мікашэвічамі наўрад ці прывабіць выпадковага турыста-падарожніка. Ну, Ленін сабе і Ленін. Колькі ў нас яшчэ такіх назваў? Дзяржынск, Першамайскае і г.д. Але насамрэч усё нашмат складаней…
Сёння ва ўсім Ленінскім сельсавеце, на мяжы Берасцейскага і Гомельскага Палесся, жыве каля 800 чалавек. Сціплая вясковая крамка з пластыкавымі тазікамі, цацкамі ды расійскім півам. Асфальтаваныя вуліцы з частымі ўхабінамі. Мясцовы народ збольшага перасоўваецца на роварах: на працу альбо купацца на Случ, па якой да 1939-га праходзіла мяжа Польшчы і Савецкага Саюза.
Археолаг Леанід Калядзінскі чытае лекцыю на імправізаванай базе валанцёраў
Ленін, дарэчы, тады знаходзіўся акурат па баку Польшчы. У тыя часы ў мястэчку з насельніцтвам 5000 чалавек (!) віравала жыццё: дзясяткі невялічкіх “гандэлкаў”, дзве ўніверсальныя крамы, афіцэрскае казіно, свой аркестр, які граў у выходныя, катанні на чаўнах у штучных сажалках… Зусім побач стаяў KOP (“Корпус аховы памежжа”), прысутнасць якога шмат у чым і задавала рэй штодзённаму жыццю. Нечым перадваенны Ленін нагадваў Ракаў, мястэчка вайскоўцаў і кантрабандыстаў, праслаўленае шпіёнам і пісьменнікам Сяргеем Пясецкім.
Было 5000 чалавек, засталося… 120
Усё змянілася з пачаткам Другой сусветнай, то бок з 17 верасня 1939 года. Спачатку дэпартацыі, затым стварэнне і ліквідацыя гета: так, амаль 2500 чалавек загінулі ў 1942 годзе. У 1943-м, пасля вялікай карніцкай аперацыі, загінула яшчэ 1200 чалавек, гэтым разам ужо хрысціянскага веравызнання. Зачысткі, часам справакаваныя дзеяннямі чырвоных партызанаў, трывалі ажно да 1944 года… У выніку на момант прыходу сюды савецкіх салдатаў насельніцтва складала ўсяго 120 чалавек. Ні колькасна, ні эканамічна Ленін пасля вайны так і не аднавіўся.
Драўляныя надмагіллі, схаваныя ад дужджу і снегу пад навесам
Большасць драўляных вясковых хатаў, якія мы бачым сёння ў Леніне, збудаваныя ўжо пасля вайны: рэшта будынкаў проста згарэла. Разам з імі — праваслаўная царква і некалькі сінагогаў. З гістарычных цікавостак засталіся адно старыя іўдзейскія могілкі — і гэта вялікая ўдача! Рэч у тым, што гэта адзіныя іўдзейскія могілкі ў Беларусі, дзе засталіся драўляныя “мацэйвы” (надмагіллі), характэрныя для Палесся. Каменю тут было не так багата, таму помнікі і рабілі з дрэва альбо бетону. Найбліжэйшыя падобныя могілкі, дарэчы, знаходзяцца ва Унечы на тэрыторыі Расіі — гэта крайні ўсход гістарычнага Палесся.
Дождж і вільгаць — ворагі драўляных надмагілляў
Адна справа — цешыцца з прычыны захавання ўнікальных надмагілляў, іншая — захаваць іх. Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры працуе ў Леніне з 2011 года. Сёння могілкі збольшага расчышчаныя ад зараснікаў і кустоўя, а частка драўляных надмагілляў перанесеная пад адмысловы навес, каб зберагчы дрэва ад дажджоў і вільгаці.
“Расчыстка, каталагізацыя ды расшыфроўка надпісаў — вось задачы, над якімі мы працуем, — распавядае намеснік старшыні Таварыства Юрась Меляшкевіч, — Гэтым жа займаліся і сёлета ў першай палове жніўня. Спадзяёмся, што ў гэтым годзе нарэшце падрыхтуем дакументы для надання некропалю статусу мемарыяльных могілак, якія пойдуць у Жыткавіцкі выканкам”.
З 3-га па 17-га жніўня ў Леніне працавалі валанцёры Таварыства пры падтрымцы мясцовых органаў улады. Дапамагалі таксама прадстаўнікі гомельскай “Талакі”, вучні тутэйшай школы, мясцовы пратэстанцкі пастар, прадстаўнікі салігорскай філіі Таварыства. Да хлопцаў і дзяўчат з лекцыямі прыязджалі мэтры айчыннай гісторыі: пісьменнік Уладзімір Арлоў, археолаг Леанід Калядзінскі, некрапаліст Таццяна Пятрова ды іншыя.
“Для захавання драўляных “мацэйваў” найперш патрэбныя адмысловыя саставы для кансервацыі, — працягвае Меляшкевіч, — Інакш дрэва проста спарахнее, нават схаванае ад дажджу. Кошт такіх хімікатаў — каля 1500 рублёў, таму мы збіраемся аб’явіць краўдфаўндынг для збору гэтай сумы. У наступным годзе сумесна з мясцовым выканкамам зоймемся і экспанаваннем, уключна з пабудовай адмысловых інфармацыйных стэндаў”.
Юрась Меляшкевіч
Жыгімонт Аўгуст, Ульянаў-Ленін і “швейцарскае піва”
Напрыканцы нельга не вярнуцца да моманту з назвай. Чаму ўсё ж такі Ленін? Звычайнае савецкае перайменаванне, вайна са спрадвечнай беларускай тапанімікай?.. Гістарычныя крыніцы сцвярджаюць адваротнае: яшчэ ў 1568 годзе Ленін, згодна з прывілеяй Жыгімонта Аўгуста, атрымаў правы на местачковы стан, то бок назва фігуруе яшчэ ў “залатыя часы” ВКЛ. Да чаго ж тады тут “правадыр пралетарыяту”? А вось да чаго… Распавядае старшыня Таварыства Антон Астаповіч:
“З Ульянавым-Леніным мястэчка звязанае гіпатэтычна. У 1898 годзе Ульянава арыштоўваюць і высылаюць у Шушынскае. У 1900-м, калі заканчваецца тэрмін высылкі, той вельмі хоча з’ехаць на Захад, “швейцарскага піва” пакаштаваць. Але закон не дазваляе: пашпарт на выезд учарашні ссыльны не можа атрымаць яшчэ пяць гадоў. Што ён робіць? Набывае пашпарт з прозвішчам Ленін! Вельмі верагодна, што належаў дакумент нейкаму яўрэю з гэтых мясцінаў, бо іхныя прозвішчы акурат утвараліся ад назваў рамяства ці мясцовасці”.
Уладзімір Арлоў чытае для валанцёраў лекцыю
Магчыма, гісторыкі-архівісты яшчэ давядуць альбо аспрэчаць гэтую рамантычную тэорыю, час пакажа. Мы ж маем пакуль нетрывіяльную легенду, паводле якой нейкі шавец ці гандляр з-пад Мікашэвічаў больш як 100 гадоў таму “прадаў” будучаму разбуральніку Расійскай імперыі сваё прозвішча. Хто ведае, магчыма, ягоны прах дагэтуль маўкліва ляжыць на ўнікальных іўдзейскіх могілках у Леніне.
Алесь Кіркевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!