Сёлета адзначаецца 165 гадоў з дня нараджэння беларускай мецэнаткі Магдалены Радзівіл. Гэтая дзяячка беларускага руху не толькі фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» ці газету «Biełarus» (1913–1916). Дзякуючы ёй выйшлі першыя кнігі шэрагу беларускіх творцаў, у прыватнасці зборнік Максіма Багдановіча «Вянок». Некаторыя кнігі напаткаў сапраўды драматычны лёс. У гэтым матэрыяле распавядзем пра пакручастыя гісторыі экзэмпляраў «Вянка», якія належалі Ларысе Геніюш, літаратуразнаўцу Уладзіславу Чаржынскаму, паэту і публіцысту Францішку Грышкевічу і беларускай школе ў Латвіі.
У свой час менавіта Магдалена Радзівіл прафінансавала выданне зборніка «Вянок» Максіма Багдановіча, бо не магла пагадзіцца з тым, што тармозіцца выхад у свет першай кнігі таленавітага маладога паэта. Нездарма ў знак удзячнасці за аказаную матэрыяльную падтрымку выдаўцы «Вянка» на тытульным аркушы зборніка змясцілі герб Завішаў «Лебедзь» — роду, з якога паходзіла славутая мецэнатка. Пасля друкарні кожны асобнік займеў уласны, часам драматычны лёс, кнігі разышліся па розных прыватных калекцыях, бібліятэках і нават краінах. Мы зазірнем у біяграфіі некаторых з іх — экзэмпляраў кнігі, на якой узгадавана не адно пакаленне беларусаў і якая даўно заняла пачэснае месца ў скарбніцы сусветнай паэзіі.

Вокладка зборніка «Вянок». Фота з Вікіпедыі
Адзін з цікавых экзэмпляраў «Вянка» (1913) захоўваецца ў музеі Якуба Коласа, хоць самому песняру ён не належаў. На кнізе ёсць подпіс яго сябра — літаратуразнаўцы Уладзіслава Чаржынскага. Пасля смерці Коласа менавіта ён перадаў гэты зборнік разам з часткай сваёй кніжнай калекцыі ў музей класіка.
Уладзіслаў Чаржынскі вядомы тым, што напісаў цэлы шэраг крытычных і літаратуразнаўчых матэрыялаў, у тым ліку як супрацоўнік часопіса «Полымя». У сваіх тэкстах ён грунтоўна разглядаў творчасць шэрагу беларускіх паэтаў і пісьменнікаў пад псеўданімамі Уладзіслаў Дзяржынскі і Улідзе. Рэпрэсаваны ў 1930-х, быў высланы ў Казань, але змог перажыць страшныя часы, хоць на радзіму больш не вярнуўся, цалкам адышоўшы ад літаратурнай дзейнасці.
Па просьбе старэйшага сына Якуба Коласа Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча ў 1966 годзе Чаржынскі перадаў у тагачасны Літаратурны музей Якуба Коласа ажно 210 кніг пачатку ХХ стагоддзя. Сярод іх было і выданне «Вянка». Вядома, што Колас у свой час нават аказаў пэўную дапамогу беспадстаўна асуджанаму даўняму знаёмаму У. Чаржынскаму.

Уладзімір Чаржынскі, 1927 год. Фота: wikipedia.org
Многія з кніг, што з асабістай бібліятэкі Чаржынскага перайшлі ў фонды музея, мелі аўтографы. Не стала выключэннем і кніга Максіма Багдановіча «Вянок», на тытульнай старонцы якой зверху ўладальнік пакінуў уласны подпіс:
«Музею Якуба Коласа
Ул. Чаржынскі»

Аўтограф Чаржынскага музею Коласа. Фота: Музей Якуба Коласа
На калантытуле кнігі, дзе пастаўлены аўтограф, знаходзіцца таксама бібліятэчная круглая пячатка, што паказвае на даволі багатую гісторыю асобна ўзятай кнігі. Пячатка сведчыць, што кніга знаходзілася ў гарадской бібліятэцы імя Адама Міцкевіча, якая была афіцыйна адкрыта 4 мая 1908 года ў драўляным доме-плябаніі пры Чырвоным касцёле і належала Польскаму таварыству «Асвета» ў Мінску. Можна меркаваць, што кніга патрапіла ў рукі да Чаржынскага менавіта з гэтай бібліятэкі, аднак ужо пасля ўсталявання савецкай улады ў Беларусі.
У той час бібліятэка пры касцёле, верагодна, мела іншы статус і называлася «Гарадзская Бібліятэка ім. А. Міцкевіча/ Miejska Biblioteka im. A. Mickiewicza» (як і пазначана на пячатцы). Аднак праіснавала ў такім выглядзе яна нядоўга, бо ў 1922 годзе вернікі змаглі вывезці ў Беласток кніжны фонд бібліятэкі, каб уратаваць яе ад разрабавання. Варта адзначыць, што на калантытуле «Вянка», які належаў Чаржынскаму, бібліятэчная круглая пячатка нетрывіяльна спалучаецца з гербам «Лебедзь».

Пячатка бібліятэкі Міцкевіча ў спалучэнні з гербам «Лебедзь»
Таксама заўважым, што Чаржынскі падрабязна вывучаў творчасць класікаў беларускай літаратуры, у тым ліку і Максіма Багдановіча. Нездарма яшчэ ў 1928 годзе ў свет выйшла кніга Чаржынскага «Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі», у якой аналізаваліся і паэтычныя радкі «паэта чыстай красы».
Яшчэ адзін «Вянок» паходзіць з бібліятэкі Геніюшаў ды мае аўтограф самой Ларысы Геніюш на апошняй старонцы вокладкі выдання (падпісана алоўкам «Ларыса Геніюш»).
У той час, калі Ларыса Геніюш ляжала хворая ў шпіталі, Данута Янаўна Бічэль-Загнетава (заснавальніца музея Багдановіча ў Гродне, паэтка) наведала хворую і спытала пра «Вянок» Максіма Багдановіча. Ларыса Антонаўна расказала, што схавала кнігу ў шафе на верхняй паліцы. Аднак пасля смерці гаспадыні ўсе шафы і дом поўнасцю апячаталі.

Вокладка кнігі з аўтографам Ларысы Геніюш. Фота: futureofmuseums.eu
Многія рэчы Ларысы Геніюш былі прададзены, а некаторыя кніжкі з аўтографамі вывезены за мяжу. «Вянок» Максіма Багдановіча сын Ларысы Геніюш Юрый таксама хацеў вывезці за мяжу, але пад пагрозай канфіскацыі зборніка на польскай мяжы кніга патрапіла спачатку да зэльвенскага святара, у якога яна захоўвалася з 1983 па 1985 гады, а затым была перададзена ў гарадзенскі музей Максіма Багдановіча. Такім чынам, выданне Багдановіча «Вянок» з асабістай бібліятэкі Ларысы Геніюш трапіла ў правільныя рукі. Пра тое, што гэтая кніга належала Ларысе Антонаўне, сведчыць аўтограф, які быў пастаўлены пісьменніцай алоўкам на заднім баку вокладкі «Вянка».

Юрый Геніюш, 1960-я гг. Фота: wikipedia.org
Летась у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі беларускімі літаратуразнаўцамі быў знойдзены чарговы, раней не апісаны багдановічазнаўцамі «Вянок». Нягледзячы на адсутнасць інскрыптаў і якіх-небудзь пазнак, кніга мае сваю гісторыю, зафіксаваную найперш праз інфармацыю аб адным з ранейшых уладальнікаў.
Акрамя штампа «Библиотека АН БССР», на першай і чацвёртай старонках вокладкі, на шэрагу старонак кнігі стаіць круглая пячатка з тэкстам на латгальскай мове, які сведчыць, што зборнік належаў беларускай пачатковай школе ў Люцынскім (Лудзанскім) павеце: «Piteru boltkivu pāmatškola. Ludzas apriņķa».

Пячатка на выяўленым экзэмпляры «Вянка». Фота: zviazda.by
На пячатцы ідзе гаворка пра вёску Пітэры (лат. Pītera) і, адпаведна, — Пітэрскую беларускую пачатковую школу, заснаваную ў 1921 годзе. Для яе патрэб арандавалі прыватны будынак. У 1929-м, праз год пасля пераезду ў сядзібу Усціна Пікарэўскага, школа была перайменавана ў рускую. Важна заўважыць, што ў сістэме пачатковай і сярэдняй адукацыі нацыянальных меншасцей у Латвіі 1920-х гг. найбольш вядомай была Люцынская дзяржаўная беларуская гімназія (г. Люцын/Лудза, 1922–1925) — чатырохкласная ўстанова, у якую набіраліся вучні з навакольных пачатковых школ.

Будынак Пітэрскай беларускай пачатковай школы (Латвія, Лудзанскі павет). 1920-я гг. З кнігі «Альбом Лудзанскай павятовай школы» (1937)
Яшчэ адзін цікавы зборнік «Вянка» знаходзіцца ў музеі Якуба Коласа і мае подпіс алоўкам на тытульнай старонцы зверху — «Фр. Грышкевіч». Надпіс на кнізе належаў Францішку Грышкевічу — беларускаму паэту, публіцысту і перакладчыку, які з’яўляўся аўтарам рэцэнзій на кнігі паэзіі і прозы розных беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку Максіма Багдановіча і Якуба Коласа.

Аўтограф алоўкам Францішка Грышкевіча. Фота: Музей Якуба Коласа
Францішак Грышкевіч нарадзіўся ў мястэчку Сухаволя Сакольскага павету Гродзенскай губерні (цяпер тэрыторыя Польшчы) у 1904 годзе. Лёс яго склаўся трагічна, бо пражыў творца ўсяго 40 гадоў, але ж скончыў Карлавы ўніверсітэт у Празе са ступенню доктара філасофіі і прапагандаваў беларускую літаратуру ў Чэхаславакіі, а таксама пісаў уласныя творы. Удзельнічаў у 2-м Усебеларускім кангрэсе (чэрвень 1944), за што, пасля ўступлення ў Вільню Чырвонай Арміі, быў арыштаваны ў ліпені 1944 года. Пасля гэтага быў прывезены ў Мінск. Памёр у турме КДБ у Мінску. Дата смерці і месца пахавання невядомыя.

Францішак Грышкевіч у 1930-х. Фота: wikipedia.org
Зборнік «Вянок», хутчэй за ўсё, займаў пачэснае месца ў бібліятэцы публіцыста, аднак на рубяжы 1960-х — 1970-х гадоў трапіў да супрацоўнікаў Літаратурнага музея Якуба Коласа і стаў каштоўным асобнікам фондаў установы культуры.
А. К., Budzma.org