“У вас нарадзіўся хлопчык!” Або: “У вас дзяўчынка!” Гэта самае першае, што паведамляюць пра нованароджанага. І гэтая інфармацыя шмат у чым вызначае ўсё далейшае жыццё кожнага з нас. Наколькі нашая сацыяльная роля залежыць ад біялагічнага полу? Як гендарныя стэрэатыпы шкодзяць здароўю? Ці сапраўды мужчыны і жанчыны ў Беларусі знаходзяцца ў роўных умовах? Чаму жанчыны не радыя вынікам барацьбы за раўнапраўе полаў? Ці лёгка пазбавіцца гендарных штампаў? Ці магчыма мець зносіны з людзьмі, не падзяляючы іх па полавай прыкмеце? Разважаем разам з Людмілай Сцяпанавай, псіхолагам, якая спецыялізуецца ў галіне гендарных даследаванняў, аўтарам больш чым 60 навуковых публікацый па гендарнай праблематыцы. Чарговае інтэрв’ю праекта “Культура паляпшае жыццё!”
— Уявіце: вы, праходзячы па вуліцы, кінулі крадком позірк на каго-небудзь са шматлікіх мінакоў. Калі затым вас папросяць апісаць гэтага чалавека, то першае, што вы скажыце пра яго — гэта мужчына быў ці жанчына. І толькі затым, магчыма, успомніце яго ўзрост, колер вачэй, якія-небудзь дэталі адзення і г.д. Атрымліваецца, што пол чалавека — самая істотная інфармацыя для кожнага з нас. Фактычна мы глядзім на жыццё скрозь гендарныя “лінзы”. Яны настолькі звыклыя, што, як правіла, мы іх не заўважаем. І ніяк не лічым гэта прыкметай стэрэатыпнасці мыслення, бо веданне полу чалавека дапамагае вызначыць, як нам мець з ім зносіны. У залежнасці ад таго, мужчына перад намі ці жанчына, мы выбудоўваем лінію нашых зносін, інтэрпрэтуем рэакцыі.
— Што, у прынцыпе, досыць зручна…
— Звыкла, я б сказала. Але часцяком мы не заўважаем, як аказваемся закладнікамі шаблонаў, падпарадкоўваемся зададзенай мадэлі паводзін. Вось, напрыклад, у нашым грамадстве распаўсюджанае меркаванне, што жанчына тады рэалізавалася ў сямейным плане, калі яна замужам. Больш за тое, не выйшла замуж да 25 — усё, старая дзева. Калі мужчына не ажаніўся — ну, значыць, пакуль яшчэ не захацеў. А жанчына — не змагла. І хапае беларусак, якія ўсяляк імкнуцца не так да сям’і ў поўным сэнсе гэтага слова, як проста да статусу замужняй жанчыны. Па-рознаму ацэньваецца і колькасць любоўных сувязяў у мужчыны і жанчыны. Багатае мінулае ў мужчыны разглядаецца ледзь не як яго вартасць. А вось калі жанчына мае шмат сувязяў, у дачыненні да яе ўжывуць вельмі шмат адпаведных красамоўных азначэнняў. Тыповая праява сэксізму, які, дарэчы, у нашым грамадстве сустракаецца даволі часта і на розных узроўнях. Мы іншым разам гаворым сэксісцкія па сутнасці рэчы, нават не заўважаючы гэтага. Вось напрыклад: “Для жанчыны вы вельмі нядрэнна граеце ў шахматы”. Ці тое самае з нагоды кіравання аўтамабілем.
Яшчэ адзін распаўсюджаны стэрэатып датычыць сферы чалавечай эмацыйнасці. Мы з дзяцінства ведаем, што “мужчыны не плачуць”. Дзяўчынку ў слязах бацькі хутчэй за ўсё абдымуць, пашкадуюць. А хлопчыку скажуць: “Ты ж мужчына! Чаго ты равеш?!” Слёзы — праява эмоцыі як такой. Здольнасць да перажывання ўласцівая ў роўнай ступені мужчынам і жанчынам. Але пад ціскам сацыяльных стэрэатыпаў першыя і другія выказваюць свае эмоцыі па-рознаму. Жанчына паплакала — і ёй стала лягчэй. Мужчына, як правіла, трымае ўсё ў сабе. Вельмі часта псіхасаматычныя расстройствы, ішэмічная хвароба, інсульты, захворванні страўнікава-кішачнага тракту — вынік не выказаных своечасова эмоцый.
— Якімі яшчэ складанасцямі пагражае неадпаведнасць стэрэатыпам, што склаліся ў грамадстве?
— Як мінімум, унутрыасобасным канфліктам паміж імкненнем рэалізаваць сябе і неабходнасцю падладжвацца пад жыццёвыя сітуацыі і грамадскую думку. Мы ўсё ж такі жывем не на бязлюдным востраве. Каб грамадства нас прымала, трэба выконваць яго патрабаванні і апраўдваць пэўныя чаканні, хочам мы гэтага ці не.
— А якія ролі беларускае грамадства вызначае для мужчын і жанчын? Чаго чакае ад іх?
— Сёння мы паступова адыходзім ад адназначнага падзелу функцый на мужчынскія і жаночыя. Развіццё грамадства вядзе да неабходнасці сумяшчаць традыцыйна мужчынскія і традыцыйна жаночыя ролі. Усё часцей чалавек незалежна ад полу дзейнічае ў адпаведнасці з пэўнай сітуацыяй, а не са стэрэатыпамі, якія склаліся ў соцыуме.
Нашае грамадства цяпер чакае ад жанчыны шмат чаго: каб яна працягвала быць захавальніцай ачага, займалася хатнімі справамі і разам з тым вяла актыўнае грамадскае і прафесійнае жыццё. Да ўсяго, не забываем і пра дэмаграфічную сітуацыю. Усё гэта кладзецца на плечы жанчыны. Ніхто не кажа: “ці, ці”. Трэба “і, і”. З іншага боку, і патрабаванні да мужчыны ўзрастаюць. Трэба, каб ён быў мужным, добра зарабляў. Але ўжо недастаткова, каб ён проста забяспечыў сям’ю. Ён павінен быць шчодрым, клапатлівым, дапамагаць у хатніх справах, рабіць свой унёсак у выхаванне дзяцей.
— І ўсё ж такі ў нас па-ранейшаму ёсць пэўныя ўкаранелыя паняцці аб тым, што ёсць “не жаночай” або “не мужчынскай” справай. Ці варта тут арыентавацца на тое, што навязваецца грамадствам, альбо можна паводзіцца ў адпаведнасці са сваімі індывідуальнымі асаблівасцямі і перавагамі?
— Усе мы вельмі розныя. І, на жаль, шмат што душым у сабе, спрабуючы адпавядаць тым ці іншым патрабаванням. І ў выніку робім сябе няшчаснымі. Бывае, бацькі кажуць дачцэ: “Жанчыны не займаюцца гэтым, ты павінная выбраць іншую прафесію”. І яна не можа рэалізаваць свой патэнцыял. Хоць, як паказала гісторыя, гэты падзел таксама вельмі ўмоўны. Напрыклад, яшчэ гадоў 200 таму выключна мужчынскімі лічыліся прафесіі настаўніка і доктара. Жанчыны ў гэтую сферу проста не дапускаліся. І паглядзіце, як усё змянілася!
— А ёсць сёння ў Беларусі сферы, дзе толькі жанчыны прабіваюць сабе дарогу ці, наадварот, толькі мужчыны?
— Ну, возьмем, да прыкладу, дзелавую сферу. Калі жанчына кіруе нейкім дробным бізнэсам, гэта ўспрымаецца грамадствам спакойна. Але калі справа тычыцца высокіх пасад, сур’ёзнага буйнога бізнэсу — там спрэс мужчыны, жанчыну туды папросту не пусцяць. Калі жанчына спрабуе дасягнуць гэтага ўзроўню, яна сутыкаецца з феноменам, які атрымаў назву “шкляной столі”: быццам відавочных перашкодаў няма, але вышэй ты, як гаворыцца, не скокнеш.
— А беларускія мужчыны спрабуюць пранікнуць у сферы дзейнасці, якія лічацца традыцыйна жаночымі?
— Яны туды не вельмі хочуць. Калі закранаць прафесійную дзейнасць, “жаночыя” сферы лічацца менш прэстыжнымі, праца ў іх ніжэй аплачваецца. Сёння, у прыватнасці, гэта сфера адукацыі, аховы здароўя… Выхавальнікамі ў дзіцячых садках і медработнікамі сярэдняга звяна ў нас працуюць амаль выключна жанчыны.
— Дарэчы, калі зірнуць шырэй, сучасныя мужчыны часцей прымаюць на сябе нязвыклыя для іх функцыі ў сям’і. Напрыклад, догляд дзіцяці. Раней гэта была выключна жаночая сфера, а сёння тата можа нават пайсці ў дэкрэтны адпачынак.
— Так. Напрыклад, у Еўропе гэта не лічыцца чымсьці незвычайным. Кожная сям’я вырашае, каму ісці ў дэкрэт, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі: магчыма, у мамы зарплата вышэйшая, магчыма, бацька больш схільны да хатняй працы. Абставіны могуць быць самыя розныя. Важна знайсці кампраміс у інтарэсах сям’і.
А вось беларускія мужчыны ў большасці сваёй пакуль яшчэ саромеюцца пакідаць працу дзеля сядзення з дзіцем. Усё ж такі ў нашым грамадстве пераважаюць вельмі жорсткія, можна нават сказаць, сэксісцкія погляды на размеркаванне роляў у сям’і. Калі муж займаецца домам і дзецьмі, а жонка працуе, на яго неяк падазрона глядзяць: “Што ж ты за мужык такі?” Але калі разабрацца, што тут дзіўнага?
— Атрымліваецца, нашае грамадства пакуль яшчэ не гатовае канчаткова сысці ад звыклага падзелу функцый на мужчынскія і жаночыя. А можа, справа ў тым, што сацыяльныя ролі перадвызначаныя самой прыродай?
— Так лічылася, а часам і цяпер некаторыя так лічаць, але я б так не сказала. Яшчэ ў 30-я гады ХХ стагоддзя знакаміты антраполаг Маргарэт Мід грунтоўна даследавала пытанне гендарных узаемаадносін у традыцыйных грамадствах. У прыватнасці, яна шмат часу пражыла сярод плямёнаў Акіяніі. Вынікі яе пошукаў аказаліся дзіўнымі. У родах, якія жывуць побач адзін з адным, склаліся абсалютна розныя нормы і традыцыі. У адным з іх назіралася звыклая для нас карціна: мужчына — здабытчык і паляўнічы, жанчына — захавальніца хатняга ачага. У другім мужчыны сядзелі дома, а жанчыны здабывалі ежу і кіравалі жыццём абшчыны. Прадстаўнікі ж трэцяга племені не ведалі ніякага падзелу сацыяльных функцый.
Атрымліваецца, мадэль гендарных узаемаадносін, якая склалася ў нас, — гэта не тое, што нам дадзенае ад прыроды як адзіна магчымае. Гэта хутчэй сістэма пэўных умоўнасцяў, сканструяваная самім соцыумам. Калісьці жорсткія нормы ў гэтай сферы здаваліся непахіснымі. Але ўжо з XIX стагоддзя жанчыны пачалі змагацца за новы статус, новыя ролі ў грамадскім жыцці. Яны імкнуліся распаўсюдзіць сваю значнасць за межы вузкай сямейнай сферы.
— А чаго не хапала жанчынам XIX і XX стагоддзя?
— Хацелася б згадаць кнігу амерыканскай журналісткі Бэці Фрыдан “Загадка жаноцкасці”, якая выйшла ў 1963 годзе. У той час было прынята лічыць (і СМІ ўсяляк культывавалі гэтую ідэю), што шчасце жанчыны — гэта муж, дзеці, дом у прыгарадзе і магчымасць цалкам прысвячаць сябе сямейным клопатам. Калі жанчына гэта атрымала, яна павінная быць задаволеная жыццём і шчаслівая. Вось толькі сацыялагічныя даследаванні паказалі зусім не вясёлкавую карціну. Выявілася, што вельмі многія жанчыны, якія мелі ўсе згаданыя атрыбуты дабрабыту, не адчувалі сябе шчаслівымі. Яны нават не маглі сфармуляваць прычыны сваёй незадаволенасці. Быццам усё ёсць — а ўнутры нейкая пустата. Праблема была ў тым, што жанчына ў амерыканскім грамадстве ўспрымалася не як самадастатковая асоба, а як “мама Стыва” або “жонка Боба”. Яе дзеці з часам вырасталі, муж мог развесціся з ёй. І ў выніку — пустата. Сэнс жыцця страчаны. Гэта вяло да сур’ёзных псіхалагічным траўмаў. Такая сітуацыя прывяла да таго, што жанчыны пачалі адстойваць сваё права на самарэалізацыю і паступова зрабіліся досыць паспяховымі і рашучымі.
— І скардзяцца цяпер…
— Так, сапраўды. Жанчыны атрымалі многае з таго, за што яны змагаліся. Але ж і тыя функцыі, якія яны выконвалі першапачаткова, ніхто не адмяняў. Ёсць такое паняцце “двайны працоўны дзень”. Гэта значыць, яна адпрацавала, прыйшла дадому — а там кухня, прыборка, дзеці… Вядома, гэта цяжка.
Здараецца і так, што жанчына ў сям’і прымае важныя рашэнні, прыносіць грошы ў дом, а мужчына думае: “Ну і добра, мне не трэба напружвацца”. Беларускія жанчыны прывыклі цярпець і мірыцца з гэтым. Яны могуць выказваць незадаволенасць пазіцыяй мужчын, будуць наракаць на іх слабасць, безадказнасць, але ўсё ж не пойдуць на разрыў стасункаў. Мы часта чуем: “Добра, хай п’е, хай грошай не прыносіць — толькі б быў муж побач”.
— Атрымліваецца, нашыя суайчынніцы ўсяляк імкнуцца захаваць сям’ю, нават нягледзячы на дыскамфорт унутры “ячэйкі грамадства”. Ці сапраўды сям’я для беларусаў мае такую вялікую каштоўнасць?
— Так, у нашай іерархіі каштоўнасцяў яна нязменна займае адну з галоўных пазіцый. І сацыяльныя функцыі сям’і надзвычай важная. У тым ліку таму, што ў сям’і дзіця атрымлівае самыя галоўныя, базавыя ўяўленні пра свет. На іх пасля будзе грунтавацца яго самастойнае жыццё. Усе працэсы сацыялізацыі пачынаюцца з сям’і, у тым ліку фармаванне гендарнай ідэнтычнасці. У цэлым ролю сям’і складана пераацаніць, нават прытым, што далёка не заўсёды адносіны ўнутры яе ідэальныя.
— Іншым разам, гледзячы на праблемныя сем’і, на хатні гвалт, думаеш: хай бы лепш дазволілі гадаваць дзяцей у гомасэксуальных сем’ях, у любові і разуменні, чым у традыцыйных сем’ях з пастаяннымі бойкамі і скандаламі…
— Вы ведаеце, я вельмі насцярожана стаўлюся да прапановаў узаконіць права гомасэксуальных параў на выхаванне дзяцей. У такіх сем’яў свае асаблівасці. І трэба разумець, што проста добразычлівай атмасферы для выхавання дзіцяці недастаткова. Сям’я павінная даваць пэўную мадэль гендарных паводзін — мужчынскіх і жаночых. На гэты ўзор дзіця будзе абапірацца ўсё сваё жыццё. Так ці інакш, мы нікуды не сыдзем ад каштоўнасцяў традыцыйнай сям’і, у якой у дзіцяці ёсць бацька і маці . Дастаткова згадаць радыкальны фемінізм, якія заклікае, перафразуючы вядомы тэзіс, усё разбурыць да асновы, а затым пабудаваць свет без мужчын. Пагадзіцеся, такая альтэрнатыва выглядае абсурднай.
— А бацькі наогул ведаюць, як правільна сфармаваць у дзіцяці асновы гендарнай культуры?
— У беларускіх сем’ях часта апелююць да вопыту старэйшых пакаленняў і лічаць, што трэба прытрымлівацца іх прыкладу. Мы часта чуем: “Мяне так мама выхоўвала, бабуля выхоўвала — выхавалі ж чалавека. Значыць, і я правільна выхоўваю”.
— А як правільна?
— Правільна арыентавацца на чалавека, на яго індывідуальнасць. Вельмі важна стварыць яму ўмовы для самаактуалізацыі, асобаснага росту. Трэба дапамагчы развіцца патэнцыялу, які першапачаткова закладзены ў дзіцяці. Натуральна, ёсць біялагічныя асаблівасці: тэмперамент, характар, здольнасці, задаткі. З іншага боку, грамадства нам навязвае ўстаноўкі, якія могуць супярэчыць самавыяўленню канкрэтнай асобы. Калі дзіця расце, фармуецца, яно стаіць перад дылемай: альбо душыць сябе і рабіць тое, што ад цябе патрабуюць, альбо ўсё ж такі бунтаваць і нейкім чынам спрабаваць рэалізавацца. Добра, калі бацькі падтрымліваюць дзіця ў яго захапленнях. Калі дзяўчынка хоча не на танцы, а на картынг, дазвольце ёй зрабіць свой выбар. Дзіця не абцяжаранае стэрэатыпамі, яно не ведае, што значыць быць дзяўчынкай або хлопчыкам.
— І яму сапраўды ўсё роўна, блакітнае ці ружовае.
— Абсалютна. Гэта мы пачынаем яму з маленства даказваць: вось гэта робіць хлопчык, гэта робіць дзяўчынка, ты рабі так, а не гэтак. А спачатку дзіця робіць тое, чаго яму хочацца. Любіць машынкі, а мы кажам: “Ну ты ж дзяўчынка — з лялькамі гуляй!”
— Тут мы ўжо сутыкаемся з ганарлівасцю або комплексамі бацькоў, якім важна, што падумаюць навакольныя. Атрымліваецца, гэта праблема бацькоў?
— Так, вядома. Але ж бацькоўскія комплексы перадаюцца дзецям. Каб выхаваць чалавека, здольнага ставіць інтарэсы індывідуальнасці вышэй за меркаванні суседкі, трэба прыкладаць намаганні цягам некалькіх пакаленняў. Ёсць такі добры выраз ў Эрыка Берна: “Каб выхаваць лэдзі, трэба пачынаць з яе бабулі”. Вельмі многае ў нашай свядомасці трэба карэктаваць. Гэта немагчыма зрабіць у адзін момант.
— А ці можна вырашыць хаця б нейкую частку пазначаных вамі праблем сродкамі нашай сістэмы адукацыі? Напрыклад, у рамках курсу псіхалогіі…
— Думаю, так. Нядрэнна было б хоць бы факультатыўна расказваць навучэнцам, студэнтам пра тыя ж стэрэатыпы, пра тое, наколькі яны могуць нам дапамагаць альбо перашкаджаць. І наогул, людзям любога ўзросту сёння неабходны элементарны лікбез у галіне гендарнай псіхалогіі. Гэтыя веды вельмі важныя, і не толькі ў плане міжасобасных адносін. На жаль, у нас недаацэньваюць значнасць вывучэння псіхалогіі ў школе ў цэлым. А пра гендарную псіхалогію і казаць не даводзіцца. Наколькі я ведаю, навучальны прадмет “Псіхалогія” наогул шмат дзе прыбралі альбо курс скарацілі. Я перакананая, гэта вельмі недальнабачна.
— На вашую думку, у якім кірунку павінная развівацца гендарная культура беларускага грамадства, каб нашае жыццё змянілася да лепшага?
— Мы вельмі часта за стэрэатыпамі не бачым асобу, чалавека з яго індывідуальнымі асаблівасцямі. Мы ўвесь час думаем штампамі. Вельмі важна прыслухоўвацца да сябе, да свайго патэнцыялу, да сваіх інтарэсаў і імкнуцца іх рэалізаваць, не спрабуючы адпавядаць чужым чаканням. Я перакананая: калі мы пастараемся праявіць найлепшае, што ёсць у нас, і дазволім навакольным зрабіць тое ж самае, не зацыкліваючыся на гендарных штампах, усе стануць нашмат шчаслівейшымі.
Ганна Трубачова, Вольга Блажэвіч
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(журналісцкае агенцтва “Таранціны і сыны”)