Напярэдадні Дня Волі заслужаным беларусам уручылі партыю медалёў за ўнёсак у нацыянальную справу. У Варшаве, Вільні ды іншых гарадах прайшлі святочныя шэсці. Дык што ж, усё добра? Атрымліваецца — перамаглі?..
Піша Алесь Кіркевіч.
Алесь Кіркевіч. Фота з асабістага архіва
Каб было цалкам зразумела, што «ўсё добра», не хапае, бадай, некалькіх момантаў.
Першы — гэта з’яўленне хвалі мемуарнай літаратуры ад дзеячаў замежжа пра свой няпросты шлях і барацьбу.
Другі — з’яўленне сваёй культуры помнікаў і надмагілляў у нацыянальным стылі. Бо рана ці позна заслужаныя дзеячы пачнуць паміраць з натуральных прычын.
Чаму мне так здаецца? Бо ўсё гэта ўжо было. Таксама на Захадзе, у ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыне. У паваенныя 1950-80-я гады. Адно з эмігранцкіх выданняў, наколькі памятаю, так і звалася: «Мы стваралі сваю Беларусь». Паралельную. Дзе ўсё добра і ўсе перамаглі.
Медалі Аб'яднанага Пераходнага Кабінету. Фота: тг-канал АПК
Змагаючыся доўгія гады з наратывам пра БНР як «неда-дзяржаву», мы самі паверылі, што БНР — наша сапраўдная паўнавартасная дзяржава. Не маніфест, фірма, стартап, але акурат — дзяржава. А значыць, менавіта гэты кейс нам і трэба паўтарыць. Такая задача.
Што ў БНР было ад дзяржавы? Знешнія атрыбуты. Герб, сцяг, гімн, пашпарты, устаўныя граматы, нават не Канстытуцыя. Замест рэальных межаў — праект межаў. Замест войска — праект стварэння войска. Дзяржава-праект. На будучыню. Чаму тая будучыня не стала явай у 1918-1920 гадах — пытанне зусім не для гэтага тэксту.
Бяда ў тым, што менавіта такое бачанне сваёй дзяржавы мы і ўсвядомілі. І паспяховасць кожнага новага праекта вымяраецца адпаведнасцю гэтаму правобразу. Каб было прыгожа і — каб было што згадаць (чытай, апісаць пасля ў мемуарах). Ці трэба казаць, што ніякай сувязі з рэальным жыццём і палітыкай тут няма?
Як пісаў ва ўспамінах Юры Сабалеўскі, нават у Менскай губерні ў 1918-м людзі рэдка дзе чулі пра Усебеларускі з’езд і БНР у прынцыпе. Але гэта ж праблемы жыхароў Менскай губерні, а не палітыкаў. Праўда?
Разумею Ваш праведны гнеў, але гэта — зусім не прэтэнзія да нашых першых палітыкаў. Тыя заскочылі са сваім БНР у «апошні вагон» гісторыі. Каб не заявілі пра сябе, ніякай Беларусі, верагодна, наогул бы не было на мапе. Праблема ў іншым. У тым, што мы далей кіруемся тымі самымі алгарытмамі. І не робім высноў.
Бальшавікі, напрыклад, былі суворымі рэалістамі. Таксама, як і палякі ці літоўцы. Створаныя праз іх формы дзяржаўнасці былі далёкія ад ідэалу, але галоўнае — гэта былі дзяржавы. А самая слабая дзяржава мацнейшая за самую моцную арганізацыю. Бо мае дзяржаўныя атрыбуты: войска, вертыкаль, бюджэт і далей па спісе.
Усяго гэтага не было ў БНР у 1918-м ці ў Рады БНР у 1960-х.
Пазіцыі постсавецкай эліты заўжды былі мацнейшыя толькі таму, што яны «ўмелі ў дзяржаву». Ва ўсе гэтыя цяжкава́гавыя ўказы-законы-нарматывы. Яны добра арыентаваліся ў тым «як ёсць». У адказ мы ім казалі «як павінна быць». Вецер, канешне, развяваў бел-чырвона-белыя сцягі на праспектах. Але, як і куды ісці дэманстрантам з гэтымі сцягамі, вызначаў міліцыянер з рацыяй ці — бяздушны святлафор.Але бяда ў тым, што мітусня вакол знешніх атрыбутаў на доўгія гады падмяніла разуменне дзяржаўнасці як такой. Перарвала сувязь з рэальнасцю. Нават палітычная барацьба 90-х з боку нацыянальнага крыла больш нагадвала той самы маніфест: «Мы — ёсць!», чым рэальнае змаганне за ўладу. Ну — ёсць, а што далей?
Парадыгма БНР, з якой вырасла наша разуменне палітыкі, заўжды прадугледжвала два фіналы для ўдзельнікаў гульні. Турма або эміграцыя. Бо так было гістарычна, а мы ў гэтай гісторыі акурат і жывём. Можна сказаць, што кола на гэтым замыкаецца, хоць сама канструкцыя больш нагадвае спіраль. Тыя самыя дзеянні паўтараюцца раз на нейкі час.
Алесь Кіркевіч, Budzma. orgВыйсці з парадыгмы БНР — адзіны шанец перамагчы ў гэтай гульні. Інакш, схема «маніфест — уздым — разгром — турма/эміграцыя» будзе паўтарацца надалей без аніякіх змен. Бо гэтая схема не мае лагічнага фіналу і выніку. Там ёсць толькі працэс. Ці заставацца ў гэтым працэсе? Пытанне асабістай волі.