Прадстаўляем вашай увазе праект кампаніі «Будзьма беларусамі!» «Жывая гісторыя». Партнёр праекту – сайт abw.by.
«This is the end… This is the end beautiful friend… This is the end… My only friend, the end…»
Ачомацца пасля радзівілаўскай крамбамбулі было цяжка (глядзіце першую частку вандроўкі), таму мелодыя і словы свідравалі свядомасць, як гукі суседскай дрылі ў нядзелю раніцай. This is the end… – гучала ў паветры.
– Saigon, shit… – я нават сам не пазнаў свой голас.
– Не, Пружаны – азваўся з суседняга ложка Глеб Малафееў.
Радыёкропка ў гатэлі ўжо якую хвіліну запар грала гімн Беларусі, а ў дзверы далікатна стукалі служкі: мы самі папрасілі падняць нас раней. У нас дзелавая сустрэча з прыгожай пані Антанет Тэрон. І яна ўжо чакала нас на сваім “бусіку”.
– Я бачу, шаноўнае спадарства спіць як пшаніцу прадаўшы, – з усмешкай павіталася яна.
Ледзь паспяваючы, ляцім за ёй па родных Пружанах.
Родных?
– Я прыехала ў Беларусь у пачатку 90-х: мы разам з мужам даведаліся аб знікненні Савецкага Саюза і вырашылі паехаць у вашую краіну. Вельмі было цікава пабачыць ваш край – ад усмешкі панны Антанет расцвітаюць не толькі кветкі, але і нашыя твары. І жыццё ўжо не такое цяжкае, як здавалася гадзіну раней.
П’ем каву ў яе кавярні, частуемся паўднёваафрыканскімі пірагамі і слухаем аповед, як жывецца іншаземцам у Беларусі.
– Канечне, розніца паміж Паўднёвай Афрыкай і вашай краінай вельмі вялікая. Розніца ва ўсім. І я вам хачу сказаць, што хоць Савецкі Саюз знік, але ён застаўся ў свядомасці людзей. Я беларусаў часта ўвогуле не разумею: бывае, вымятаю смецце каля кавярні, а людзі глядзяць як на дзівачку: дырэктар, уладальнік кавярні – глядзі ты, вуліцу мяце.
А што? У Афрыцы, калі ты “малое прадпрыемства”, ты і дырэктар, і грузчык і кіроўца ў адной асобе. У вас іншае стаўленне. Кіроўца хоча толькі ездзіць, дырэктар хоча толькі сядзець і камандаваць.
Яшчэ беларусы нейкія закрытыя, як той Васіль з “Людзей на балоце”. Я даўно заўважыла: у нас людзі заўсёды адчыняюць вокны, каб глядзець на вуліцу і каб вуліца глядзела на іх. А ў вас неяк дзіўна: у кожнага ўнутранае жаданне павесіць шторы на вокны і на душу. І цішком сачыць за вуліцай, каб ніхто цябе не ўбачыў. Беларусы…
Усміхаючыся адно аднаму, п’ем каву: прыемная раніца, прыемны чалавек. Але – адчайны. Гэта раней, калі гораду давалі магдэбургскае права, дык сюды з усіх краін цёк натоўп: свабоды, адсутнасць вялікіх падаткаў давалі шанец узбіцца на рубель. Дарэчы, у даўнія часы ў беларускіх гарадах жылі ўсе: і немцы, італьянцы, і французы. Пра гэта сведчаць запісы ў цэхавых кнігах. Цяпер год 2012: афрыканцы ў Пружанах!
– Не месца робіць чалавека, а чалавек месца, – усміхаецца Антанет. – Любоў да вандровак і “засваення” новых тэрыторый у нас у крыві: у Паўднёвай Афрыцы ўсе перасяленцы. Нашыя продкі асвойвалі краіну “з нуля”, таму жыць на новым месцы нам няцяжка. І ведаеце што? Галоўнае – мець пачуцце гумару. Паўднёваафрыканцы заўсёды смяюцца са сваіх праблем. Тады і справа весялей робіцца, і жыць не так цяжка. А ў беларусаў, я заўважыла, ёсць вялікая туга і скруха. Каб беларус усміхнуўся – такое рэдка ўбачыш.
Антанет усміхаецца і тут жа сур’ёзна заўважае:
– Але ў Беларусі я не хвалююся за дзяцей. Яны па вуліцы гуляюць, у мяне сэрца на месцы: ведаю, нічога не здарыцца. У Паўднёвай Афрыцы цяпер не так: белых там амаль што лінчуюць.
Таму не так кепска жывецца і ў нашым княстве! Пад’елі мы афрыканскіх пірагоў, запілі кавай.
– Наша, наша, паўднёваафрыканская кухня. Вы, хлопцы, падсілкуйцеся ў дарогу. Справа нялёгкая…
Развітваемся са спадарыняй Антанет. Кавярня ў яе не шыкоўны рэстаран, але завітаць цікава. Калі лёс занясе вас у Пружаны – трымайце тэлефон: 8-016-32-954-61.
Выпраўляемся з сонечных афрыканскіх Пружан у не менш сонечны Брэст: там сапраўды цяплей, чым “у сярэднім” па Беларусі. Пуста на нашых трасах: няма машын. Можа, сапраўды, абвясціць “магдэбургскае права” ўсім гарадам і мястэчкам, даць прывілеі, каб яны развіваліся і багацелі – і запрасіць да нас тых жа самых паўднёвых афрыканцаў? Бо кітайцам, мусіць, не дамо мы рады… Яшчэ Яўстафій Валовіч пісаў у другім выданні Статута ВКЛ: «загранічнікам» забараняецца набываць землі і займаць урады ў ВКЛ…”
З такімі думкамі рухаемся па дарозе, разглядаючы аскепкі Савецкага Саюза. Неўзабаве – Брэст.
– Брэст заўсёды быў буйным транзітным цэнтрам: яшчэ ў часы ВКЛ ён шмат грошай прыносіў казне, збіраючы мыту – мы слухаем экскурсавода Галіну Іллінічну і круцім галовамі, разглядаючы горад. Усе тое ж, што ўсюды: Савецкі Саюз. Але брэсцкія хлопцы заўсёды былі зухаватыя, вылучаліся прадпрымальніцкім духам.
Едзем, едзем – і ледзь размінуліся з вялікім аўтобусам: у Брэсце існуе прыватны грамадскі транспарт. Разумееце? Прыватны гарадскі аўтобус! Што гэта, як не рэха таго ж самага магдэбургскага права…
– Так, сапраўды, ёсць у нас «еўрапейскі дух» – з гонарам кажа Галіна Іллінічна. Я і бачу: каля супермаркета маладыя лірнікі валяць “Stairway to heaven”, потым пераходзяць на Боба Марлі, які нарадзіўся ў вёсцы Вялікія Каўтуны, што на Беларусі. Праўда ці не – але людзі кажуць.
Новыя будынкі ў горадзе выглядаюць прыстойна, па-еўрапейску: шчырая падзяка архітэктару Брэста.
З вялікім замілаваннем глядзяць берасцейцы на родны горад.
Прадзіраючыся праз нетры, едзем да Брэсцкай крэпасці: менавіта на яе месцы стаяў стары горад.
– Стары Брэст стаяў на востраве. Але хутка яму стала цесна – і ён пашырыўся на іншыя тэрыторыі. Стымулам да развіцця было якраз самакіраванне горада. Як я ўжо казала, Брэст атрымаў магдэбургскае права першым на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Атрымаў проста: Вітаўт пасварыўся з Ягайлам. І той на знак прымірэння надзяліў Брэст магдэбургскім правам. З той пары і пачаліся ў нас шыкоўныя і багатыя вуліцы “мытнікаў” – уздыхае Галіна Іллінічна.
Не ведаю, як там вуліцы мытнікаў, але раскошай існаванне нашых продкаў назваць немагчыма. Мы ўглядаемся ў хацінкі продкаў, якія захаваліся проста цудам, і слухаем расказ.
– Вось так і жылі, хатка ў хатку. Цікава, што смецце выкідалі вакол хаты, і таму яна паступова “ўрастала” ў глебу. Тады нашыя продкі дабудоўвалі яе ўвышыню – і жылі так яшчэ колькі гадоў. Ага, пакуль не прыходзілі захопнікі. Трэба разумець адчуванне горада тых часоў: горад быў своеасаблівым караблём, са сваёй камандай. І ў гэты карабель хаваліся, калі з’яўляліся ворагі. Яны маглі спаліць усё ўшчэнт вакол горада, вакол замка – але захапіць цагляныя ўмацаванні было вельмі цяжка. Асэнсаванне гэтага прыходзіць, калі ўглядаешся ў Камянецкую вежу.
– У ёй можна было пераседзець любога непрыяцеля. На той час такая вежа была самай сучаснай зброяй: залез і сядзі, ніхто цябе не дастане. Калі прыходзілі захопнікі, гараджане бралі ўсе свае скарбы і замыкаліся ў вежы. У ёй была вада, ежа – таму можна было сядзець і чакаць, пакуль вораг не сыдзе. Калі параўноўваць з сучаснасцю, гэта касмічная станцыя для аўтаномнага палёту.
А цяпер ніякіх касмічных станцый. Брэст – цікавы цэнтрам горад. Ёсць што паглядзець, ёсць што паслухаць – нам з экскурсіяй дапамагло агенцтва “DreamTravel», тэл. 8-016-223-60-43, +375-298-230-230. Але на Брэсцкую крэпасць і іншыя турыстычныя месцы бракуе часу: трэба спяшацца ў Горадню.
Спахмурнела. Як на яўрэйскія кучкі, неба сыпанула ледзянымі крупамі. Завыў, заскавытаў халодны вецер – выязджаем з Брэста. І як тут не ўспомніць афрыканку?
– Вы, беларусы, заўсёды тужлівыя…
А як тут не засумаваць? А як тут не тужыць? Калі такое – усё жыццё і цягам дзясяткаў пакаленняў. Вельмі трапна сказаў Кузьма Чорны, не памятаю ў якім творы, але прыкладны сэнс такі: “Іван сеў на лаву. І страшэнны сум агарнуў яго. Сум па ўсім свеце і па самім сабе…”
А вы кажаце – Афрыка. Нам бы вашае сонца, мы б таксама скакалі, як Доктар Албан.
Чакайце трэцюю частку.
Зміцер Навіцкі.
Фота – Глеб Малафееў.