Вашай увазе — праект кампаніі «Будзьма беларусамі!» «Жывая гісторыя». Партнёр праекту — сайт abw.by.
«Выязджайце ў Смаргонь, там дзевачкі — агонь…” — пад гукі старадаўніх беларускіх песняў прачынаемся ў Кобрыне. Вялікае наша княства, ад мора да Мінскага мора, таму недалёка мы ад’ехаліся ад Брэста і заначавалі ў мястэчку Кобрын (глядзіце першую і другую часткі).
“Калі ў 1586 Кобрын атрымала каралева-ўдава Ганна Ягелонка, дачка Боны Сфорцы і Жыгімонта Старога, актыўная ў палітычных і гаспадарчых справах, каб стымуляваць развіццё рамёстваў і гандлю, павялічыць даходнасць гарадской гаспадаркі, каралева надала Кобрыну магдэбургскае права…” — так кажа пра горад “Вікіпедыя”.
І сапраўды: дзякуючы ці то магдэбургскаму праву, ці то “Дажынкам” Кобрын выглядае файным мястэчкам, у якім добра было б сустрэць старасць: у сваім маёнтку, з кілішкам каньяку і добрай цыгарай.
Менавіта так, ну, можа, без цыгары сустракаў сваю старасць у Кобрыне расійскі маршал Сувораў. Шпацыруем па мястэчку, разглядаем кобрынскіх прыгажунь, заходзім у музей Суворава.
— Недалеко от Кобрина наш российский полководец Александр Суворов наголову разбил польское войско… — расказвае экскурсавод, але мы маўчым, чухаем патыліцу і слухаем далей.
Па шчырасці, усё правільна кажуць у музеі: Сувораў — сапраўды геній. Слабы здароўем, хілы, як беларусы кажуць, нягеглы — ён быў геніем сваёй справы. Не прайграў ніводнай бітвы, быў найлепшым на ўсю імперыю па вайсковай справе. Прафесіянал, з дапамогай якога ўсходняя суседка стала той краінай, якой стала.
Маўчым у музеі, слухаем аповед далей: як Сувораў жыў у Кобрыне, як ветліва яго прымалі мясцовыя жыхары і як задушыў ён паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, узнятае палякамі на беларускай тэрыторыі, шмат тады палякаў палягло…
Тут я не вытрымаў, і аказаўся.
— Прабачце, але чаму палякі? І чаму Сувораў — наш? Чаму вы не расказваеце, што тады мы былі Чачнёй для Расійскай імперыі: што ні пакаленне, то паўстанне. Давайце будзем аб’ектыўнымі: гэта цяпер мы рускія, але з «беларушчынай» у крыві. Але тады нашы дзяды змагаліся супраць Суворава! А не якія-небудзь міфічныя палякі.
Лепш бы я атамную бомбу ў тым музеі ўзарваў. Як там казаў Сувораў? “Мы рускія і таму пераможам!” Перамаглі і нас: і ў 1794 годзе, і ў 1864, і ў 2012 у кобрынскім музеі. Лахі пад пахі і ўцяклі мы з таго музея. Стаім на вуліцы, аддыхваемся.
А потым далей едзем. За спінаю — Кобрын, у якім хацелася б бачыць два музеі. Я за тое, каб насупраць музея Суворава зрабіць музей Тадэвуша Касцюшкі.
Тым часам едзем у Горадню. Ну, скажу я вам, цяжкавата было нашым вялікім князям і набілітэту з’язджацца на соймы ў Горадню. Лясы, пушчы, гушчары і балоты — яны і цяпер у гэтай мясцовасці такія, што як збочыш з дарогі, адразу пачнеш паляванне на зубра. “Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы…” — што ж Гусоўскі нічога пра дарогі Падляшша не напісаў?
Прадзіраючыся праз каналы, канавы, бруд і каляіны, адразу разумееш, навошта паселішчам давалі магдэбургскае права на “суровым корані”. Якраз у такіх мясцінах, на Падляшшы, нават у вёсак было магдэбургскае права. Бо без паслабленняў не выжыць, не перамагчы пушчу і балота.
Белавежскім воўкам вые рухавік нашага аўтамабіля, быццам пытаецца ў нас: хлопцы, вам што, добрай шашы было мала? І сапраўды: ёсць жа асфальт, едзь, глядзі на ружанскія палацы і былыя маёнткі ды слухай спевы і напевы. Але ж палезлі партызанскімі сцежкамі ў самыя нетры.
Затое цікава, прыгожа. У кожнай краіны свая прыгажосць, а Беларусь бярэ за сэрца стрыманасцю фарбаў. У гэтую пару медытатыўнае ўсё. Вось-вось прырода стрэліць кветкамі і птушкамі, але пакуль усё сцішылася перад скачком.
http://budzma.org/wp-content/gallery/navicki3/budzma-org_7346.jpg
“Ом мані пад ме хум, ом мані пад ме хум”, — спявае баявы ліцвінскі кліч фатограф, мінаем Нёман, я цісну газ, і ўрэшце — Горадня!
Заўсёды любіў гэты горад: за зруйнаваную ўжо плошчу, за надпіс “Гродна-Космас-Усход”, за панкаўскі ўнівер з доўгімі валасамі, за атмасферу — подых еўрапейскай навальніцы. За вуліцу Савецкую, за прыгажуняў-дзяўчат. За тое, што ён ёсць. Горадні мае шчырыя віваты: гэта беларускі Піцер асабіста для мяне.
— Прывітанне, шаноўнае спадарства, — нас сустракае журналіст, гід і перакладчык Вітольд Уладзіміравіч Іваноўскі. Чалавек-глыба — глыба ведаў і патрыятызму.
Ездзім па гарадзенскай брукаванцы і слухаем апавяданні пра мінуўшчыну горада, засяроджваючыся на самым цікавым. І ездзіць трэба шмат: кожны будынак насычаны гісторыяй. Стаіш, глядзіш на Нёман — і здаецца, што зараз паплывуць ладдзі, а ў замку пачнецца сейм з вялікімі князямі.
Як у амаль кожнага беларускага горада, у Горадні шмат яўрэйскіх каранёў. Любы беларускі горад — гэта не толькі магдэбургскае права, але і яўрэі, якія ў розныя часы складалі да 80% насельніцтва. Як так? Чаму?
— Усё проста, — кажа Вітольд Уладзіміравіч. — Магдэбургскае права, цэхі — усё гэта спрыяла таму, што ў беларускіх гарадах было вельмі шмат высокапрафесійных, адукаваных людзей. І ўсе гэтыя людзі былі вывезеныя ў палон падчас “Крывавага Патопу” 1654—1667 гадоў. Тады маскоўскія войскі разбурылі вельмі шмат нашых гарадоў, а людзей павялі ў палон: у Маскве потым існавалі нават “ліцвінскія вёскі” з нашых людзей. Яўрэяў забраць не маглі: яны ніколі не пераходзілі ў праваслаўную веру. Таму калі сышлі беларусы, асноўную ролю ў нашых гарадах пачалі граць яўрэі…
Стаім, разглядаем гарадзенскую сінагогу і разумеем, як нашая нацыя зрабілася “сялянскай”: менавіта пасля “патопу” пачаў адбывацца заняпад нашай цывілізацыі, каб у ХХ стагоддзі сысці ў межы “плуг, сала, чарка ды шкварка”.
Але і беларусам ёсць чым ганарыцца. Сведчанне таму — Барысаглебская царква, пабудаваная ў ХІІ стагоддзі.
Цагляная, з “галаснікамі” ў сценах — схаванымі глечыкамі дзеля добрай акустыкі храма, — на той час яна была фантастыкай. Ёю з’яўляецца і цяпер: дзякуй Богу, ацалела ў войнах і разбурэннях, якія віхурай прайшліся за ўсе вякі па нашай краіне.
— Раней, за савецкім часам, камсамольцы стралялі па царкве з вінтовак ды пісталетаў — яе крыжы на для іх былі мішэнню…
Ціха цяпер у царкве. Мінуў час разбурэння і стрэлаў: час будаваць новае, сваё. Лядовыя палацы, стадыёны, бізнэс-цэнтры: нягледзячы на ўсе нюансы, добра, што ёсць грошы і мір, каб будаваць. Будаваць трэба і нацыю, і мову, і культуру — таму і ездзім мы, матляемся па краіне. Каб расказаць пра нашы гарады ды пра магдэбургскае права, якое шмат дало нашай краіне.
Прыкладна так думаеш, узіраючыся ў Горадню: у гэтым горадзе няма ні мінскай азіятчыны, ні савецкага прысмаку Брэста. Ёсць атмасфера, ёсць Еўропа. Ёсць адчуванне, што ў цэнтры па-ранейшаму стаіць ратуша. У ёй сядзяць бурмістр, лаўнікі — і ўсе пільна дбаюць пра дабрабыт горада і гараджан.
А ў нядзелі гарадзенцы ходзяць у касцёл. Каб памаліцца пану Богу, папрасіць за ўсіх блізкіх, родных. І памаліцца за краіну: якая ні ёсць, але свая. Пакуль яшчэ незалежная, пакуль з гісторыяй, якую трэба ведаць.
Каб зразумець, што ты не рускі, не паляк і не яўрэй. Ты — беларус: ты з Горадні, Магілёва ці Вілейкі. Ты — беларус. Памежнік паміж расійскім молатам і кавадлам Захаду. Ты той, хто зведаў і права Магдэбурга, і ланцугі імперыі, і стрэлы шмайсера ў спіну, але застаўся жыць. Магчыма, каб прыехаць у Горадню з сынам ці дачкой, па горадзе прайсціся. І ўсё ім расказаць: пра права Магдэбурга, Вітаўта, Ягайлу. Сувораў, Кобрын, Брэст, Нясвіж, Мінск. Усё адно. Але каб жыць з паднятай галавой. Каб быць не ўскрайкам, крэсамі, каб быць сабой, гісторыю павінен ведаць.
З такімі думкамі п’ем гарбату, з замілаваннем паглядаючы на шчаслівых гарадзенцаў.
Стомленыя і шчаслівыя, едзем дадому. Вандроўка скончаная: Мінск — Стоўбцы — Нясвіж — Пружаны — Брэст — Кобрын — Горадня. Усё гэта розныя гарады. Але аб’ядноўвае іх адно: усе жылі па нормах магдэбургскага права. І калі праехаць нашым маршрутам, можна ўбачыць, што па гарадах гэта заўважна. Ёсць нават думка, што права гэтае і цяпер было б зусім не лішнім.
Дахаты едзем.
Чакайце новых вандровак.
Зміцер Навіцкі. Фота Глеба Малафеева.
P.S. У Горадні нам дапамагала агенцтва «Немново Тур» — сайт nemnovotour.by. Тэлефоны для кантакту: +375 152 74 29 43, 8— 029-601-16-37.