Кірмашы праектаў у Магілёве — справа для кампаніі “Будзьма беларусамі!” заўсёды прыемная. Найперш (цяжка стрымацца) стэрыльная ва ўсіх сэнсах гэтага слова шаша на Магілёў — не дарога, а шчырае задавальненне. А галоўнае, вядома, — гараджане, сярод якіх мы ўжо маем як сталую публіку, так і новыя, натхнёныя творчымі ідэямі твары.
Учора да агульнага пазітыву дадалося яшчэ і надвор’е.“Ці дадзена нам зразумець, каму дзячыць за цеплыню”, — няспынна грала ў галаве першая беларускамоўная песня Андрэя Макарэвіча. І пытаннем гэтым задаешся не толькі наконт надвор’я. Удзячнасцю прасякаешся і да горада, і да магілёўцаў, да іх аптымізму, бязмежнай актыўнасці ініцыятыўнасці.
10 сакавіка ў Магілёве адбыўся чацвёрты “Кірмаш праектаў” ад кампаніі “Будзьма!”. Усе прадстаўленыя крэатыўныя ідэі былі аб’яднаныя адной тэмай: як палепшыць гарадскую прастору Магілёва, зрабіць горад прывабным для турыстаў і жыхароў і якое месца ў гэтым займае гісторыя і культура. Сваё меркаванне на “Кірмашы” змаглі выказаць як спецыяльна запрошаныя эксперты: Ігар Пушкін (гісторык, краязнавец), Дзмітры Ляпейка (рэдактар інфармацыйнага агенцтва “Магілёўскія ведамасці”), так і кожны прысутны.
Цікава адзначыць, што аўтары адразу трох ідэй, не згаворваючыся, прадставілі праекты пра магілёўскую Трыумфальную арку і страчаны за саветамі архітэктурны помнік — Іосіфаўскі сабор.
Сабор Святога Іосіфа і Трыумфальная арка ў Магілёве — выбітныя для горада гістарычныя з’явы, вакол значнасці якіх дагэтуль віруюць спрэчкі ў колах адмыслоўцаў. Праз гэтую арку ў 1780 годзе праязджала расійская імператрыца Кацярына II. А першыя камяні ў падмурак будучага храма ў гонар сваёй сустрэчы паклалі разам Кацярына II і аўстрыйскі манарх Іосіф II. У 1937 годзе храм быў зруйнаваны, а на яго месцы пачалі будаваць гасцініцу “Дняпро”. На арцы ж у 1950-я гады з’явіліся барэльефы Леніна і сярпа і молата, а пазней — мемарыяльныя дошкі, на якіх пералічаныя вызваленчыя часці і злучэнні Чырвонай Арміі.)
Дацэнт Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова Алесь Агееў распавядае: “Кожны год я даю сваім студэнтам крэатыўнае заданне — прапанаваць, чаго не хапае ці што варта было б змяніць у Магілёве. І кожны год тэма аркі і Іосіфаўскага сабора так ці інакш усплывае. І тое, што сёння на Кірмашы праектаў гэтая тэма зноў гучыць, пацвярджае, што вырашаць гэтую сітуацыю час ужо сапраўды надышоў”.
Самая юная з удзельнікаў Кірмашу праектаў, студэнтка Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова Алёна Зубакова, прапанавала паставіць помнік Іосіфаўскаму сабору каля Трыумфальнай аркі. Помнік мяркуецца выканаць у форме кнігі: на адной старонцы — макет сабора, а на другой — кароткія звесткі і цікавыя легенды, звязаныя з ім.
Ігар Пушкін параіў Алёне рабіць больш смелыя, крэатыўныя прапановы: “Я чакаў ад маладога пакалення якіх-небудзь светлавых галаграмаў. Уявіце, днём мы бачым гасцініцу, а ноччу на ёй узнікае фасад Іосіфаўскага сабора! Давайце спрабаваць рэалізоўваць больш маштабныя праекты!”
Аляксандр Лазараў, прадстаўнік інфармацыйная супольнасці “Магілёў LIVE”, прапанаваў перанесці мемарыяльныя шыльды з аркі да помніка танку, які стаіць на пляцоўцы па вуліцы Якубоўскага, а саму пляцоўку перайменаваць у Плошчу Перамогі. Такім чынам Магілёў вяртае сабе сапраўдную Трыумфальную арку і Плошчу Перамогі, якая да сярэдзіны 1980-х гадоў існавала ў горадзе.
Эксперты і зала сышліся на тым, што ідэя Аляксандра — хіба самы бяспройгрышны напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі праект. Спадар Ляпейка ж адзначыў, што Плошчы перамогі ёсць у кожным горадзе, а хацелася б ствараць у Магілёве нешта адметнае. Адказам яму сталі падрыхтаваныя для “Кірмашу” наступныя чатыры праекты.
Алена Барысава, галоўны рэдактар тэлеканала “Магілёў-2” і прадстаўніца “Цэнтра гарадскіх ініцыятываў”, распавяла пра Магілёў, якога мы не бачым, і прадставіла праект “Тэра інкогніта”.
У яго межах плануецца ўсталяванне памятных знакаў-макетаў зруйнаваных у Магілёве помнікаў дойлідства. Для пачатку гэта будзе 5 пунктаў: 1. Ля таго самага гатэля “Дняпро” (Саборная плошча і Іосіфаўскі сабор); 2. У будучым парку Падміколле (Пакроўская царква, касцёл Св. Антонія, Халодная сінагога); 3. На плошчы Славы (Губернатарская плошча і Замак); 4. Ля музея этнаграфіі (Езуіцкі касцёл Св. Ксаверыя, Богаяўленскі манастыр (Брацкая друкарня Спірыдона Собаля), сінагога на Віленскай); 5. Ля плошчы Арджанікідзэ, на Вале Каніскага (Спаса-Праабражэнская царква і Званіца (Астранамічная вежа), Фарны касцёл, Алейная брама).
Зала жыва адгукнулася на прапанову абмеркаваць праект, што ёсць найлепшым сведчаннем — ідэя даўно спее ў горадзе. Адразу ж згадалі Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якое прафесійна робіць макеты страчаных помнікаў. Спадарыню Алену засыпалі пытаннямі і прапановамі: макеты са шкла ці бронзы? А можа, тратуарная плітка ці кустоўе па перыметры былых будынкаў? Мяркуючы па гарачым абмеркаванні з боку гісторыкаў з досведам гарадскіх практык, з упэўненасцю можна скажаць: хутка ў Магілёве з’явяцца адметныя месцы.
Аляксандр Агееў натхніўся на добраўпарадкаванне раёна “Саломенка”, у якім сам і жыве. Плануецца: стрыт-арт, драўляная (а можа, і саламяная) скульптура, дзіцячыя пляцоўкі. “Канцэпцыю варта яшчэ распрацоўваць, — тлумачыць спадар Аляксандр. — Мне было цікава звярнуцца да вас, каб разумець, ці патрэбна гэта людзям”.
Зала пагадзілася, што праект можа стаць добрым штуршком для развіцця мясцовага самакіравання (агульную канцэпцыю варта ж неяк узгадніць і абмеркаваць з жыхарамі дамоў), а таксама і крэатыўным прыкладам для іншых раёнаў.
— Чым ваш раён будзе адрознівацца ад таго кітчу, які я бачу ў сваім двары? — пацікавіўся ў калегі Ігар Пушкін.
— Ваш двор мяне і натхніў! — парыраваў Аляксандр Агееў. — Галоўная мэта праекта — каб у маім двары не было такіх самадзейных вожыкаў і слонікаў!
Ідэю надаць яскравыя мастацкія адценні ў “палітру” горада прапанаваў Аляксандр Буракоў — змяніць назву прыпынку грамадскага транспарту каля Тэатра лялек (цяпер гэта “Плошча Леніна”) і ўпрыгожыць прыпыначны каркас тэматычным аздабленнем. Па словах прысутных экспертаў па пытаннях гарадской тапаніміцы, вялікай праблемы ва ўзгадненні перайменавання прыпынку не мусіць быць. Больш за тое — перайменаванне спросціць арыентацыю ў горадзе (цяпер побач знаходзіцца адразу некалькі прыпынкаў з такой назвай). Што да праекта аздаблення — публіка прапанавала некалькі вартых увагі ідэй у дадатак: правесці калонкі і “ў жывым эфіры” трансляваць для мінакоў спектаклі, якія ідуць у тэатры; падчас гарадскіх святаў арганізоўваць на прыпынку невялічкія прадстаўленні з удзелам актораў тэатра.
А каб з гарадскіх святаў не хацелася як мага хутчэй і далей збегчы, прадстаўнік “Цэнтра гарадскіх ініцыятываў” Дзяніс Васількоў прапанаваў праект гарадскога фестывалю — “Гарадскі пікнік”. Натхняліся яго распрацоўшчыкі мінскім Freaky Summer Party і сусветнымі святам студэнцтва Ювеналіі. Плануецца правесці Пікнік ужо ў траўні, а падчас яго аб’яднасць абітурыентаў і крэатыўныя візітоўкі мясцовых ВНУ, музыкаў і мастакоў, вечарыны і спартовыя спаборніцтвы па пляжным валейболе. Канцэпцыя яшчэ ў распрацоўцы, але галоўнае ў праекта ўжо ёсць — ініцыятыўная і натхнёная група арганізатараў.
Ужо традыцыйна для “Кірмашоў праектаў”, кожны праект хацелася абмяркоўваць і абмяркоўваць. Галоўныя высновы і адчуванні, якія застаюцца пасля: магілёўцы прагнуць свежых, смелых па крэатыве і маштабе ідэй, дбаюць пра культурны імідж горада і гатовыя працаваць на яго развіццё. Кожны праект, а дакладней канцэпцыю варта дапрацоўваць, улічваючы і экспертнае меркаванне, і меркаванне грамадскасці. Мастацкі прадукт высокай якасці на грунце мясцовай гісторыі замест кітчу — галоўнае патрабаванне ад прысутных гараджан да новых гарадскіх аб’ектаў з сімвалічным зместам.
Адзнакі ўсім праектам ад аўдыторыі, а таксама іх разгорнутыя прэзентацыі глядзіце ТУТ.
Адзін з галоўных навыкаў, які ўжо маюць магілёўцы, — гэта ўсведамленне, што задачы самі сабой не вырашаюцца. Дзеянне, а не чаканне — шлях да паляпшэння і ўзбагачэння культурніцкага жыцця горада. Мы бачым тут аптымізм і ўпэўненасць у вачах. І, што найбольш важна, — у Магілёве апантаныя сваім горадам культурніцкія актывісты здольныя згуртоўвацца і самаарганізоўвацца: “Цэнтр гарадскіх ініцыятываў” з’явіўся пасля таго, як “Кірмаш праектаў” падштурхнуў цікавых людзей да публічнай прэзентацыі сваіх ідэй і прадэманстраваў, што можна дабіцца выніку, калі дзейнічаць разам. Літаральна за апошнія паўтара года ў Магілёве былі рэалізаваныя адметныя задумы — “Палатно гісторыі ў стылі графіці”, “Зялёныя святкі”, “Паэзія ў метро”, “Мастацтва на колах”.
— Магілёў не прападзе! Гэта ўжо відавочна, — выхопліваеш упэўненыя словы Кацярыны Раманчык, рэгіянальнага каардынатара кампаніі “Будзьма!”, на зваротным шляху ў Мінск. Хай усе і надалей атрымліваецца!
А кампанія “Будзьма беларусамі!” заўсёды гатовая выступіць камунікацыйнай пляцоўкай для натхнення і вызначэння крокаў да таго ўзроўню культуры, якім мы будзем ганарыцца.. Пішыце нам на razam@budzma.org!
Шчыра дзякуем за кансультацыйную падтрымку ў падрыхтоўцы “Кірмашу праектаў” старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў Антону Астаповічу, навукоўцу, даследчыку і выкладчыку ў галіне гісторыі, гарадской ідэнтычнасці Сцяпану Стурэйку.
Будзьма разам!
Тэкст — Лізавета Неўмяржыцкая
Фота — Аляксей Сталяроў