Надзеў майку «Будзьма беларусамі»? Зняўся на фоцік? Дасылай фотку на адрас “Будзьма разам!” — атрымай прыз!
Паўтара году грамадская ініцыятыва «Будзьма беларусамі!» актыўна дарыла майкі і торбачкі з сімволікай кампаніі. Мы, вядома, хацелі, каб вы займаліся з імі чыста беларускімі заняткамі: у бела-чырвоных майках танчылі пад “Крамбамбулю”, а ў палатнянай торбе цягалі новы ўраджай тапінамбураў. Але трэба прызнацца, мы былі абсалютна не супраць, каб вы з нашымі падарункамі займаліся зусім не беларускімі заняткамі – у будзьмаўскіх майках пазіравалі на вярблюдах на фоне егіпецкіх пірамід, а ў торбачцы трымалі ноўтбук ці кацяня.
Цяпер мы хочам, каб з нашымі майкамі і торбамі вы перамаглі у фотаконкурсе і атрымалі прыз. Для гэтага дастаткова зняць на фотакамеру сябе ці сваіх сяброў, заспетых падчас цікавых заняткаў ці ў незвычайных позах у будзьмаўскіх майках ці з будзьмаўскімі торбамі, і даслаць свой здымак нам.
УМОВЫ КОНКУРСУ
1. Дасылаем свой лічбаваны здымак на [email protected] з пазнакай T-шотка.
2. Заходзім на інтэрнэт-старонку budzma.org, дзе ў раздзеле «Фотаконкурс» глядзім свае здымкі, а таксама на працы іншых удзельнікаў. (з’явіцца зусім хутка)
3. Галасуем за ўпадабаную фотку (не сваю!). Здымак з самай высокай колькасцю галасоў перамагае, а яго аўтар(ка) атрымлівае прыз.
ПРЫЗЫ
Прыз 1. Маем надзею, што абмеркаванню далейшых фотаподзвігаў і фотапозаў цалкам паспрыяе рамантычная (сяброўская) вячэра на дваіх у мінскай рэстарацыі «Камяніца», што знаходзіцца ля парку Горкага. Зарукай сяброўскай (рамантычнай) гутаркі і нязмушанай пачосткі, пэўна, будзе не толькі вышуканы выбар страваў айчыннай кухні, але і абслугоўванне на беларускай мове.
Прыз 2. Сюрпрыз! Грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!» захоўвае за сабой права ўганараваць срэбнага прызёра конкурсу каштоўным прэзентам.
ТЭРМІНЫ ПАДАЧЫ
Дасылайце свае здымкі на пададзеную вышэй электронную пошту цэлы фотапад (прабачце, лістапад).
Будзьма з прызам!
(с) Фота — barilotti