У жніўні 2024 года беларускі хаб «Новая зямля» ў Беластоку шукаў сродкі на працяг працы. Тады ўстанове былі патрэбныя грошы на аплату арэнды. У студзені 2025 года пляцоўка пераехала на новае месца. Пра фінансавае становішча хаба і яго дзейнасць цяпер «Будзьма беларусамі» паразмаўляла з прадстаўніцай пляцоўкі Надзеяй Салаўёвай.
Хаб «Новая зямля» адкрыўся ў Беластоку 3 снежня 2022 года. Пляцоўка аб’яднала беларускіх эмігрантаў новай хвалі, мясцовую дыяспару і беларускую меншасць, якая жыве ў Польшчы. За гэты час у хабе прайшло больш за 900 мерапрыемстваў: канцэртаў, кінапраглядаў, выстаў, лекцый і іншых імпрэз. Большасць з іх былі бясплатнымі. Акрамя таго, у хабе працавалі групы псіхалагічнай падтрымкі, клуб гістарычнай рэканструкцыі, мастацкая школа, дзіцячыя гурткі і іншыя клубы і студыі. Імпрэзы праходзяць амаль штодня. Тут таксама стварылі бібліятэку і краму беларускіх кніг.
За апошні час фінансавае становішча пляцоўкі не палепшылася, кажа Надзея. Цяпер хаб спрабуе аказваць паслугі за грошы для ўсіх жыхароў Беластока. Мэта такой дзейнасці — заробленыя грошы выдаткоўваць на бясплатныя імпрэзы для беларусаў.
«Што тычыцца гэтай задумы і бізнесу, то ён ідзе не вельмі добра. Бо ў нас не хапае рэсурсаў чалавечых і фінансавых. Праектаў усё менш і менш. Яны не пакрываюць арэнду зусім, — сказала Надзея. — Маленькія часовыя і чалавечыя рэсурсы [у працы хаба задзейнічана тры чалавекі — Budzma.org] сыходзяць на тое, каб прывабіць мясцовае насельніцтва — палякаў. Гэта вельмі складана зрабіць, калі ты тут замежнік».
Надзея кажа, што беларусы могуць падтрымаць хаб, наведваючы платныя мерапрыемствы. Таксама можна зрабіць данат на сайце пляцоўкі. Грошы, якія атрымліваецца сабраць такім чынам — каля 500 злотых у месяц, выдаткоўваюць на арэнду памяшкання, якая складае восем тысяч злотых у месяц.
У пэўны момант арганізатары хаба вырашылі «стаць на камерцыйныя рэйкі». Вось ужо дзевяць месяцаў — такі тэрмін хаб размяшчаецца ў новым памяшканні — пляцоўка спрабуе працаваць як тайм-кафэ.
«Гэта схема не новая. Я ведаю, што шмат хто па такой схеме працуе ў ЗША, напрыклад, для ўкраінскай дыяспары, — распавядае Надзея. — Тым больш, тайм-кафэ былі даволі распаўсюджаныя і папулярныя ў Беларусі. Тут, у Польшчы, такога няма, у Беластоку такога няма. Мы тут дыназаўры з гэтым канцэптам. Палякі не разумеюць, што гэта такое і чаму яны мусяць плаціць за гадзіну працы. Але з-за таго, што мы адкрытыя з рання да вечара, цікаўнасць у палякаў прачынаецца. Яны прыходзяць і пытаюць, што тут».
Паводле слоў Надзеі, яна разумее, што Беларусь зараз не ў павестцы.
«Рэсурсаў на Беларусь менш, і мы прадбачылі, што таксама не будзем мець гэтых рэсурсаў. Мы б зачыніліся ў жніўні 2024 года, але вырашылі яшчэ троху пакорпацца», — кажа яна.
Менеджарка прасторы лічыць, што хаб ідзе па плане развіцця, але не хапае чалавечых рэсурсаў. Яна адзначыла, што арганізацыя не можа наняць людзей з-за недахопу грошай, што стварае «такое замкнёнае кола». Праца на валанцёрстве магчымая, але нядоўга, лічыць Надзея.
«Зразумела, былі валанцёры, якія займаліся і пэўны час нешта рабілі, але потым сышлі, потым новыя. І такія арэлі атрымліваюцца», — распавядае Надзея.
Яна дадала, што прасоўванне ў сацсетках «таксама прасела, бо няма каму імі займацца».
Надзея адзначыла, што зараз хаб знаходзіцца ў «стрэсавай сітуацыі» і мае «зусім мала мерапрыемстваў». На яе думку, гэта звязана з тым, што «людзі ўжо асіміляваліся і інтэграваліся».
«Зразумела, што мы гэта робім не на прафесійнай аснове. Гэта робяць людзі, якія пасля працы яшчэ намагаюцца неяк падтрымліваць і салідарнасць, і дапамогу беларусам. І беларускасць тут несці», — сказала Надзея, дадаўшы, што яе цешыць, калі прыходзяць палякі і чытаюць кірыліцай на беларускай мове. «Нашы шыльды і надпісы, якія ёсць».
Надзея адзначыла, што новае памяшканне лепшае за папярэдняе. Яна патлумачыла, што яно «бліжэй да цэнтра, яно прыгляднае» і выходзіць на адну з цэнтральных вуліц.
«Яно светлае, вялікае, яно больш функцыянальнае, як мне падаецца, чым тое, якое было. Бо тут маем некалькі пакояў», — дадала яна.
Надзея падкрэслівае, што нядзелю аддаюць цалкам пад бясплатныя беларускія імпрэзы.
«Ад рання да вечара можна займаць любы з трох пакояў для сваіх мерапрыемстваў і задумаў».
Надзея абяцае, што хаб і надалей будзе развіваць і падтрымліваць беларускасць і заклікае ўсіх, хто хоча, браць і карыстацца памяшканнем.
Надзея кажа, што «святло ў канцы тунэля» можа з’явіцца, калі хаб стане месцам прыцягнення беларусаў Беластока, дзе кожны можа рэалізаваць сваю задуму і на гэтым зарабіць.
Ёй хочацца, каб «на імпрэзы хадзілі палякі, беларусы». Каб гэта было месца, дзе не толькі беларусы, але і палякі маглі замовіць залю для ўрачыстасцяў, імпрэз і правесці нешта сваё. А ідэальны вынік, каб «мы зараблялі ў тры разы болей, чым нам трэба. Хаця б тры разы па арэндзе ў месяц».
Надзея паведаміла, што дзякуючы інтэграцыйнаму праекту хаб зараз можа аказваць кансультацыйныя паслугі адносна атрымання часовага побыту (ВНЖ), легалізацыі, працаўладкавання, курсаў і закладання ІП. Надзея пацвердзіла, што кансультацыі бясплатныя, але пакуль «людзі звяртаюцца мала».
«Мы збіраем запыты, а потым шукаем спецыялістаў, якія могуць на іх адказаць», — апісала яна механізм працы.
Надзея паведаміла, што акрамя тайм-кафэ, дзе за гадзіну трэба заплаціць 15 злотых, у хабе можна замовіць майстар-клас. Таксама там размяшчаецца відэастудыя з патрэбным абсталяваннем, «якой няма аналагаў у Беластоку». Яе арэнда без тэхнічнага спецыяліста каштуе 100 злотых за гадзіну.
На пляцоўцы хаба ёсць і невялічкая крама для продажу хэндмэйду, які робяць беларусы ў Беластоку. Таму Надзея заклікае ўсіх рамеснікаў прыносіць свае вырабы на продаж, каб падтрымаць хаб.
Антон Шаранкевіч, Budzma.org