У гарадзенскай этна-краме “Цудоўня” ў межах праекту “Наша 500-годнасць: сустрэчы з вядомымі беларускімі творцамі” прайшла творчая вечарына беларускага паэта і даследчыка літаратуры Міхася Скоблы. Ён прадставіў адразу дзве свае новыя кнігі – эсэістычную “Саркафагі страху” і паэтычную – “Камізэлька для Месяца”. Героі першай – выбітныя беларускія творцы Ларыса Геніюш, Рыгор Барадулін, Язэп Драздовіч, Зоська Верас, Алесь Салавей, Ніл Гілевіч, Іван Лепешаў, Уладзімір Някляеў, Данута Бічэль, Хрысціна Лялько, Міхась Стральцоў, Юры Туронак, Анатоль Вярцінскі, Леанід Галубовіч ды інш. Тры эсэ ў кнізе звязаныя з украінскай тэматыкай – “Украінскі фронт Васіля Быкава, “Страшны сон Васіля Стуса”, “Крымская аўтаномія Маскіма Багдановіча” (дарэчы, у 2017 г. за “Саркафагі страху” аўтар атрымаў у Кіеве Міжнародную літаратурную прэмію “Воін святла”). Другая прэзентаваная кніга – “Камізэлька для Месяца” – таксама была нядаўна адзначаная прэміяй “Гліняны Вялес”. Сталічны госць расказаў пра свае даследчыцкія пошукі, а таксама прачытаў з дзясятак вершаў і адказаў на пытанні прысутных. Адно з іх гучала так: у чым жывучасць паэзіі? Паэт адказаў: “Паэтычная мова надзвычай лаканічная. У двух-трох радках верша можна сказаць вельмі шмат. Вось вам прыклад з паэта-франтавіка Аляксея Пысіна: “Стралковая рота сопку ўзяла… Пад намі зямля, над намі зямля”. Васіль Быкаў на гэтую тэму напісаў бы аповесць, а Пысіну спатрэбілася два радкі. Прытым заўважце: сучасныя кампутары здольныя апрацаваць мільёны аперацый за секунду, але паэтычны шэдэўр стварыць не могуць. Таму будучыня ў паэзіі “прыўкрасная”, калі пакарыстацца словам аўтара рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Расказаў М. Скобла і пра выдадзеныя ім зборнікі спадчыны Зоські Верас, Мікалая Улашчыка, Міхася Стральцова і падзяліўся планамі выдаць у гэтым годзе “Сапегаўскую энцыклапедыю”, куды ўвойдуць жыццяпісы князёў Сапегаў, апісанні іх маёнткаў і г.д.
Якуб Сушчынскі