Цалкам незаўважна на фоне апошніх падзеяў праходзіць 100-годдзе Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Супрацоўнікі на юбілей не забыліся і зладзілі выставу з найбольш відовішчных і цікавых экспанатаў.
Пачатак музею стагоддзе таму паклаў краязнавец і збіральнік Юзаф Ядкоўскі. Як толькі Горадня замацавалася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай, мясцовыя ўлады прынялі рашэнне стварыць тут музей. Апроч культурнай стаяла і палітычная задача: давесці, што Гарадзеншчына — польскі рэгіён паводле сваёй гісторыі. Пад музей аддалі Стары замак, які сёння знаходзіцца на рэканструкцыі.
Тым не менш менавіта тады, у 1920-м, калі да канца не сціхла яшчэ Грамадзянская вайна, стартаваў збор калекцыяў: у Замак паплылі экспанаты, якія мы і сёння можам назіраць на выставе.
Раскажам пра топ-10 выстаўленых рарытэтаў.
Ключ ад магдэбургскага горада

Такія сімвалічныя ключы раней захоўваліся ў кожным горадзе Рэчы Паспалітай, што меў магдэбургскае права. Адначасна гэта адзін з першых экспанатаў музея. Яго ў 1920-м Ядкоўскаму перадалі з гарадскога магістрата: маўляў, ключ захоўваецца пры гарадской радзе з незапамятных часоў... Сам Ядкоўскі датаваў рэліквію XVIII стагоддзем.
Ключ — магутны сімвал горада. Такія ключы ўручаліся каралям, якія заязджалі ў Горадню, як сімвал лаяльнасці падданых. А ў мінулым годзе гэты ключ вазілі на выставу ў Магдэбург: экспазіцыя там была прысвечаная 1000-годдзю магдэбургскага права. У Беларусі ж такі ключ усяго адзін — унікум.
Цікава, што падобны ключ можна ўбачыць у Мінску на плошчы Свабоды. Не арыгінал, ясна, але сімвалічны напамін. Яго ў руках трымае бронзавы войт.
«Акваманіл», вадаліў, рукамыйнік...
Называць можна па-рознаму, а па факце гэта бронзавая полая скульптура ў форме ўзброенага вершніка. Усярэдзіну залівалася вада, каб мыць рукі: выходзіла вада акурат праз конскія ноздры. Акваманілы — гэта антычная традыцыя, якая перакачавала ў мусульманскі свет, а пасля крыжовых паходаў — у Еўропу. Вадаліваў спачатку выкарыстоўвалі ў храмах, каб святары мылі рукі, а пасля і на дваранскіх бяседах: елі тады збольшага рукамі.
У Горадні захоўваецца ажно два вадалівы, адлітыя недзе ў Нямеччыне ў ХІ-ХІІ стст. Адзін знойдзены ў Каложскай царкве і месціцца ў Музеі гісторыі рэлігіі. Другі — у Гісторыка-археалагічным музеі. Яго прывезлі з Харкаўшчыны. Як ён туды трапіў?.. Імаверна, гэта быў каштоўны прэзент з далёкага замежжа або ваенны трафей.
Ладдзя, якая яшчэ не стала вежай
Прыйшоўшы з Усходу, шахматы зрабіліся вельмі папулярнай гульнёй у сярэднявечнай Еўропе. У тым ліку на славянскіх землях. А ў Горадні проста кландайк: шахматныя фігуры і нават фрагменты дошак археолагі тут знаходзяць ад 1930-х гадоў і да сённяшняга дня. Гэта фігуркі з каменю, косці, дрэва. Як рэалістычныя, так і зусім простыя, схематычныя.
Ладдзя — перліна калекцыі музея. Гэта мініяцюрная скульптурка ў форме карабля, на якім вісіць некалькі шчытоў, на палубе сядзяць людзі (ваяры, гандляры?). Нават у савецкай манаграфіі «Шахматы Древней Руси» ладдзю з Горадні змясцілі на вокладку — як найпрыгажэйшую.
Цікава, што і цяпер у шахматах фігура завецца ладдзёй, хоць выконваецца ўжо ў форме замкавай вежы. Гэта пазнейшая еўрапейская традыцыя. У нашым жа выпадку назва адпавядае зместу. Ладдзя — значыць карабель.
«Крыж мужных» Балаховіча
Узнагароды легендарнага Станіслава Булак-Балаховіча — з’ява вельмі спрэчная. Невядома, ці ўручаліся яны непасрэдна падчас Грамадзянскай вайны. Затое добра вядома, што генерал з паплечнікамі выпускаў іх ужо ў 1930-я. Крыжы атрымлівалі як былыя камбатанты, так і асобы, якім хацелася быць «камбатантамі». Крыжы выпускала фірма ў Варшаве, а кошт знака складаў прыкладна 120 злотых.
Балаховіч нават сабраў «капітулу» — сход паплечнікаў, якія разглядалі кандыдатуры на ўзнагароджванне і былі «ў долі». Такія сабе рыцары Круглага стала... Пазней «капітула» развалілася, крыжы перасталі ўручаць.
У музеі захоўваецца два варыянты крыжа — звычайны і зменшаная копія (так званы «фрачнік», каб насіць на цывільнай вопратцы на банкеты). Цікава, што за савецкім часам крыжы ляжалі ў раздзеле з узнагародамі нацыстаў: відаць, выява чэрапа выклікала такія асацыяцыі, а каталогаў і інтэрнэту не было.
Скарб дантыста або «каса юдэнрата»
Увесну 2018-га на паддашшы старой камяніцы на вуліцы 2-я Працоўная ў Горадні рабочыя знайшлі іржавую скрыначку памерам са стары мабільнік. Усярэдзіне аказаліся загорнутыя ў паперу залатыя прадметы: манеты розных краінаў ад XVIIІ да пачатку ХХ ст., медалі, пярсцёнкі і нават зубныя каронкі. Лічыцца, што «закладка» была зробленая пасля 1941 года.
Найбольш імаверная версія такая: схованка належала аднаму з вязняў яўрэйскага гета, якое немцы стварылі ў тым раёне. Магчыма, ён быў дантыстам: акрамя саміх каронак у скарбе быў таксама хімікат для вырабу каронак. Іншая версія — зборны скарб быў касай або часткай касы юдэнрата (яўрэйскага самакіравання ўсярэдзіне гета). Як бачым, уласнік так і не скарыстаўся гэтым золатам...
Залаты пояс накшталт слуцкага
Ці не кожны беларус чуў пра слуцкія паясы. У паэтычнай версіі Багдановіча іх «тчэ забыўшыся рука...» слуцкіх дзяўчатаў (насамрэч не, бо гэтым займаліся мужчыны). Таксама мы чулі, што цэлых слуцкіх паясоў у Беларусі амаль не засталося: павывозілі, пусцілі на золата або парэзалі ды перакроілі, напрыклад, на арнаты святароў.
Слуцкі пояс — папулярная дэталь гардэробу шляхціча часоў Рэчы Паспалітай. Сапраўдны шык! Але пасля Слуцка такія паясы рабілі і ў іншых кутках дзяржавы. Напрыклад, прадстаўлены на выставе пояс быў выраблены ў мануфактуры Ліпкава пад Варшавай у пачатку XVIII ст. У ім прысутнічае сапраўдная залатая ніць, таму рэч каштоўная не толькі як спадчына мінулага. А ў музей ён трапіў напрыканцы 1990-х: дапамаглі набыць спонсары.
Увага! Зніжкі на калекцыю дызайнерскіх аксесуараў ад budzma-krama.by па матывах Слуцкіх паясоў
Скарб ад’ютанта Касцюшкі
Ці не самы каштоўны скарб са збораў музея займае цэлую вітрыну. Багата аздобленая булава, два срэбраныя кубкі з устаўленымі манетамі, гербавае сталовае срэбра, узнагароды... Разам — 68 прадметаў. Усё гэта было знойдзена памежнікамі ў 1989 годзе: капалі яміну пад слуп, а тут такое!
Уладальнікам часткі рэчаў быў вядомы гісторык, пісьменнік, ад’ютант Тадэвуша Касцюшкі Юльян Урсын-Нямцэвіч. Рэшта — асабістыя рэчы ягоных сваякоў ды нашчадкаў, уладальнікаў сядзібы ў вёсцы Цецераўка. Апошні ўладальнік маёнтка Ежы Урсын-Нямцэвіч схаваў скарб у верасні 1939-га, перад прыходам бальшавікоў.
Сын таго апошняга ўладальніка дажыў у эміграцыі да 2000-х. Ён яшчэ памятаў, як яны з бацькам закопвалі скарб. Паводле яго, у скарбе мелася быць яшчэ і шабля часоў позняй Рэчы Паспалітай, але... у рукі музейшчыкаў яна так і не трапіла.
Гулянка мушкецёраў: з рыцарамі, дамамі і гербам Гданьска
Самы аб’ёмны экспанат выставы — вялізная канапа-куфар, багата аздобленая побытавымі сцэнамі. Рэч практычная: падымаеш сядзенне і кладзеш туды сваё багацце. Адначасна — твор мастацтва. На дрэве выразаная сцэна бяседы з удзелам вусатых мужчынаў у капелюшах і батфортах: рыхтык героі раманаў Дзюма. Побач — барэльефы з рыцарамі, дамамі і зусім невялікі герб Гданьска.
Музейшчыкі датуюць канапу XVIII стагоддзем. Такія рэчы маглі трапляць у наш горад і ў тыя часы, але лёс канкрэтна гэтага асобніка адсачыць цяжка. Музей набыў яго ў камісіёнцы ўжо ў паваенны час. Цалкам магчыма, што мэблю прывёз як трафей нехта з савецкіх афіцэраў пасля 1945-га.
Адзіны з дзесяці бюстаў Панятоўскага
Масіўны бюст з выявай апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага належыць французскаму скульптару Лебрэну. Цікава, што той адліваў новага Панятоўскага кожны год... 10 гадоў — 10 бюстаў! Тэарэтычна, калі б захаваліся ўсе асобнікі, можна было б прасачыць, як змянялася знешнасць манарха на фоне краху ягонай дзяржавы.
Але захаваўся толькі гэты — адзіны. Доўгі час ён стаяў у Дамініканскім касцёле ў Горадні: там была аформленая цэлая каменная экспазіцыя, прысвечаная каралю. Касцёл разабралі ў часы Расійскай імперыі — бюст пераехаў у гімназію побач. Пасля гімназію зачынілі, і бюст апынуўся ў музеі.
Бюст выглядае вельмі масіўным і зусім непад’ёмным, але калі зірнуць знізу... то ён пусты! На шчасце музейшчыкаў, якія пераносяць экспанаты з выставы на выставу.
Выданні і дакументы Ядкоўскга
Кола замыкаецца На адным са стэндаў прадстаўленыя музейныя гадавікі ды іншыя паперы, якія ў 1920-я выдаваў стваральнік музея Юзаф Ядкоўскі. Там ён справаздачыўся пра экскурсіі ды экспедыцыі сваёй установы. Пісаў, што і адкуль прыйшло ў музей. Не забываўся таксама на спонсараў, якія падтрымлівалі музей у замку.
Сёння музей выдае навуковыя зборнікі ў форме «Краязнаўчых запісак», мае старонку ў інтэрнэце, канал на Youtube, дзе супрацоўнікі расказваюць пра цікавыя экспанаты. Прыйдзе час — і гэтая праца таксама стане часткай гісторыі. Кола зноўку замкнецца.
Алесь Кіркевіч, budzma.by
фота — Аляксандр Саенка
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!