Што паглядзець на Астравеччыне? Частка пятая

Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Гэтым разам завяршаем вандроўку па Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Тут нас чакае шмат цікавых прыродных і архітэктурных помнікаў, важных для гісторыі нашага краю імёнаў, месцаў памяці. Сёння наведаем адметны касцёл, збудаваны ў стылі сармацкага барока, звязаны з гісторыяй манахаў-аўгусцінцаў у Міхалішках, самы высокі храм Беларусі ў Гервятах і таямнічую драўляную капліцу пачатку ХХ стагоддзя ў вёсцы Дубок.


1.jpgФота: planetabelarus.by

Чытайце яшчэ:

Вандруем разам з «Будзьма!» па Астравецкім раёне. Частка чацвёртая

Што паглядзець на Астравеччыне. Частка трэцяя

Частка другая

Частка першая

Міхалішкі

Найперш сёння рапануем рушыць у вёску Міхалішкі, якая ўпершыню ўзгадваецца ў 1518 годзе як маёнтак ваяводы Троцкага Рыгора Станкавіча Осціка. У маёнтка часта змяняліся гаспадары: Радзівілы, Пронскія, Пузыні. 24 чэрвеня 1604 года Міхалішкі набыў Ян Цыпрыян Бжастоўскі, архітэктурную спадчыну якога мы можам пабачыць у Міхалішках і сёння.

2.jpgФота: planetabelarus.by

3.jpgФота: planetabelarus.by

Вядома, што ў 1622 годзе ён фундаваў тут будаўніцтва кляштара аўгусцінаў і шпіталя пры ім. Барочны кляштар, як і сядзіба Бжастоўскіх, былі зруйнаваныя за савецкім часам, але мураваны касцёл, асвечаны ў гонар Міхаіла Арханёла, які на той час лічыўся галоўным заступнікам ВКЛ, узведзены пры кляштары ў 1653 годзе ў стылі сармацкага барока, захаваўся да нашых дзён.

4.jpgСядзіба Бжастоўскіх, 1871

5.jpgКасцёл у Міхалішках, 1871

Касцёл быў спраектаваны выбітным віленскім архітэктарам Кшыштафам Пенсам, які заснаваў цэлую дынастыю мясцовых архітэктараў і дэкаратараў. Пад касцёлам месцілася крыпта, дзе хавалі Бжастоўскіх, але яна была разрабаваная. Храм у Міхалішках — першы на нашай тэрыторыі, узведзены ў стылі сармацкага барока.

6.jpgФота: planetabelarus.by

7.jpg7 Фота: planetabelarus.by

Кампазіцыя касцёла вылучаецца сваёй сціпласцю, масіўнасцю, манументальнасцю. Храм аддалена нагадвае некаторыя храмы абарончага тыпу, але насамрэч ніякай абарончай функцыі будынак не выконваў. Моцна ўражвае кантраст паміж аскетычным знешнім выглядам касцёла і ягоным унутраным аздабленнем у стылі барока, зробленым напрыканцы ХVII стагоддзя дэкаратарамі, якія стварылі выбітны інтэр’ер касцёла Святых Пятра і Паўла ў Вільні на Антокалі.

8.jpgКасцёл св. Пятра і Паўла, Вільня

9.jpgКасцёл св. Пятра і Паўла, Вільня

Асабліва багатым дэкорам адрозніваецца двух’ярусны галоўны алтар з вітымі калонамі. У яго ніжнім ярусе знаходзіцца каштоўная ікона Святога Міхаіла Арханёла, выкананая ў XVIII стагоддзі. Кантраст паміж вонкавым і ўнутраным убраннем храма, па задумцы аўтараў, павінен быў рабіць моцнае ўражанне на вернікаў. Спраўляецца з гэтай функцыяй касцёл і да цяперашняга часу. Варта звярнуць увагу на барэльефы касцёла, што былі выкананы ў 1684–1700 гадах і ў арыгінальным выглядзе захаваліся па сёння.

10.jpgФота: planetabelarus.by

11.jpgФота: wikimedia.com

У 1832 годзе, пасля Лістападаўскага паўстання, кляштар аўгусцінаў ліквідавалі, а храм стаў парафіяльным. Касцёл быў пашкоджаны па Першай сусветнай вайне, але за польскім часам, у 1920-я, адрэстаўраваны. Такім мы можам пабачыць яго сёння ў вёсцы Міхалішкі.

12.jpgФота: planetabelarus.by

13.jpgФота: catolic.by

Ёсць у вёсцы Міхалішкі і яшчэ некалькі невялікіх, але цікавых славутасцяў. Так, на мясцовых могілках захавалася каталіцкая капліца, пабудаваная ў 1857 годзе. Дадзеная капліца была цалкам адрэстаўраваная і сёння знаходзіцца ў добрым стане. А ў цэнтры вёскі маецца некалькі будынкаў першай паловы ХХ стагоддзя, якія ўжо можна аднесці да шараговай гістарычнай забудовы вёскі.

14.jpgФота: poshyk.info

Гервяты

Пасля Міхалішкаў прапануем наведаць даўняе мястэчка гістарычнай Віленшчыны, сёння вёску Гервяты на рацэ Лоша, якая ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах ажно ў 1434 годзе. Ужо ў 1536 годзе вядома, што біскуп Віленскі Ян заснаваў тут першы драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы. А пад 1563 годам Гервяты ўжо ўзгадваюцца як мястэчка з прывілеем праводзіць кірмашы. Вядома, што ў ХІХ стагоддзі і ажно да прыйсця савецкай улады ў 1939 годзе Гервяты належалі роду Дамейкаў.

16.jpgФота: planetabelarus.by

17.jpgГервяты да 1941

Сёння асноўнай славутасцю Гервятаў з’яўляецца неагатычны касцёл Найсвяцейшай Тройцы, збудаваны ў 1899–1903 гг. на сродкі князя Альшэўскага, самы высокі ў Беларусі. Ягоная вышыня больш за шэсцьдзесят метраў, амаль з дваццаціпавярховы дом.

18.jpgФота: planetabelarus.by

19.jpgФота: planetabelarus.by

Месца ўзвядзення храма было абранае не надта ўдала: грунтовыя воды ўвесь час размывалі падмурак. Каб выправіць сітуацыю, будаўнікі былі вымушаны змяніць рэчышча ракі Лоша, на якой размяшчаюцца Гервяты. А на яе беразе адмыслова пад будаўніцтва касцёла была ўзведзена цагельня.

20.jpgФота: planetabelarus.by

21.jpgФота: planetabelarus.by

Шпіль касцёла завершаны крыжам, які здалёк падаецца маленькім, а насамрэч мае вышыню каля шасці метраў. Касцёл не атынкаваны, апроч вокнаў і часткова вежаў, ён уражвае вялікай колькасцю гатычных элементаў, з нагоды чаго яго часта параўноўваюць з Кёльнскім саборам. Адметна, што з моманту асвячэння касцёл Найсвяцейшай Тройцы не зачыняўся і дзейнічаў нават за савецкім часам.

22.jpgФота: traveling.by

23.jpgФота: traveling.by

Апроч касцёла ў Гервятах варта наведаць будынак старога млына, дзе зараз месцяцца рэстарацыя і гатэль. Сам млын быў узведзены напрыканцы ХІХ стагоддзя. Будынак складзены ў стылі «фахвек», які найбольш распаўсюджаны на тэрыторыі Нямеччыны. За савецкім часам будынак колішняга млына ў Гервятах быў у запусценні і пачаў занепадаць. Аднак у 1980-х пачаліся будаўнічыя працы. А ўжо ў нашым тысячагоддзі ў яго з’явіліся зацікаўленыя ўласнікі, якія зрабілі з млына цікавы і патрэбны аб’ект для турыстаў і месцічаў.

24.jpgФота: planetabelarus.by

Дубок

Апошнім нашым прыпынкам на Астравеччыне прапануем зрабіць вёску Дубок. Дубок адметны тым, што тут адбываецца самая таямнічая імша ў Беларусі. Усяго раз на год, у першую нядзелю ліпеня, пасярод лесу на беразе ракі Вялля збіраюцца вернікі на малітву. Штогод у мясцовай лясной каплічцы на фэст Маці Божай Нястомнай Дапамогі або Курганскай збіраецца некалькі сотняў хрысціянаў.

25.jpgФота: planetabelarus.by

26.jpgФота: planetabelarus.by

Каб дабрацца на малітву, трэба ўзыходзіць на ўзгорак (курган), ісці па слізкай траве праз лес каля чатырох з паловай кіламетраў. Імшу, як правіла, спраўляе святар з суседніх Жодзішкаў. У самой вёсцы Дубок жылымі засталіся ўсяго некалькі хатаў, а колькасць наведнікаў фэсту такая вялікая за кошт гасцей суседніх раёнаў і Літвы, на памежжы з якой месціцца вёска.

27.jpgФота: planetabelarus.by

28.jpgФота: planetabelarus. by

Існуе меркаванне, што традыцыя святочнай імшы прымеркаваная да свята Св. Яна і больш старажытнага язычніцкага Купалля, таму і адбываецца напачатку ліпеня. Сама каплічка, якую варта пабачыць у Дубку, узведзена ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства ў 1929 годзе па тыпе трохнефавай бязвежавай базілікі. На галоўным фасадзе можна пабачыць скульптуру Укрыжаванага Хрыста, дах касцёла завершаны металічным каваным крыжом рукі мясцовага майстра.

29.jpgФота: @mi_ku_apx

30.jpgФота: @mi_ku_apx

Варта звярнуць увагу ў аздабленні храма на цікавае спалучэнне хрысціянскай і прыроднай тэматыкі: дах капліцы на святочную імшу ўпрыгожваюць вянкамі і дубовымі галінкамі, па абодва бакі ад уваходу можна заўважыць ільвіныя пашчы. Варта завітаць у Дубок, каб пабачыць такое цікавае спалучэнне рэлігійных сюжэтаў і іх увасаблення ў народнай творчасці.

31.jpgФота: @mi_ku_apx

32.jpgФота: @mi_ku_apx

Вандруйце разам з «Будзьма!». ПЖ