Да 18 кастрычніка прымаюцца заявы на ўдзел у музычным конкурсе «Bandscan:Belarus». Гэта беларуска-швэдзкі праект, па выніку пераможца мае паехаць у Швэцыю, ляўрэаты атрымаюць каштоўныя прызы. Конкурс пройдзе ў некалькі этапаў зь лістапада 2008 году па студзень 2009. Арэнай для канцэртаў стане клюб «Гудвін» у Менску, адборачныя туры таксама плянуецца правесьці ў Баранавічах і Віцебску.
У канцэртах будуць браць удзел беларускія канкурсанты і адна швэдзкая група ў якасьці госьця. Кожная беларуская група мае выканаць тры кампазыцыі ўласнага сачыненьня. Лепшыя гурты, якія пройдуць у наступны раўнд, вызначаць гледачы канцэрту. Такім чынам, арганізатары «Bandscan:Belarus» плянуюць такую структуру:
— У першым раўндзе адбудзецца два канцэрты па шэсьць гуртоў у кожным
— У другім — адзін канцэрт шасьці гуртоў (трапяць па тры лепшыя гурты зь першых двух канцэртаў)
— У трэцім — фінале — адзін канцэрт шасьці гуртоў (па два гурты з кожнага гораду)
Па выніках фінальнага канцэрту адзін гурт будзе запрошаны ў Швэцыю, астатнія — атрымаюць каштоўныя прыз (музычнае абсталяваньне).
Каб узяць удзел у адборы ў Менску трэба даслаць заяву на э-мэйл [email protected] з наступнай інфармацыяй: назва гурта, стыль, склад (імя — інструмэнт), біяграфічная даведка, спасылка на сайт ды іншыя віртуальныя рэсурсы, зьвязаныя з гуртом, фота або лога.
Заявы прымаюцца да 18 кастрычніка.
ТГ