“Кім будуць беларускія дзеткі, калі вырастуць?” – дыскутавалі на ток-шоў ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” у Брэсце.
У цёплы сонечны дзень у кавярні “New York Coffee” сабраліся неабыякавыя бацькі і дзеці, каб абмеркаваць перспектывы навучання на беларускай мове ў адукацыйных установах і выхаванне беларускасці ў сем’ях. Пытанне надзвычай актуальнае і злабадзённае, бо штогод колькасць дзяцей, якія навучаюцца па-беларуску, змяншаецца, а беларускай мовы ў побыце робіцца ўсё меней.
Імпрэза пачалася з таго, што рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Марыя Шарый распавяла прысутным пра мэты і задачы кампаніі, а таксама пра вынікі яе працы за 8 гадоў існавання.
Затым мадэратар сустрэчы, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Гродзенскім рэгіёне Хрысціна Марчук паказала спецыяльна падрыхтаваную для ток-шоў апытанку, у якой жыхары Горадні давалі свае нетрывіяльныя адказы на пытанне “Што значыць выхаваць дзіця беларусам?”.
У якасці запрошаных экспертаў гэтым разам выступілі людзі з самым розным досведам выхавання і навучання па-беларуску і ў беларускай традыцыі: Таццяна Малашчанка, актыўная маці, яе дачка Яся, Святлана Чакушка і Ганна Архіпенка, стваральніцы праекта “Забаўлянкі для Янкі”; Аляксандра Грынь, вядоўца курсаў “Мова Нанова дзецям” у Брэсце, настаўніца пачатковых класаў.
Адказваючы на пытанне вядоўцы, што такое выхаваць дзіця беларусам, маці трох дзяцей Таццяна Малашчанка сказала: “Выхаваць дзіця здаровым, таму што здароўе чалавека ў гэтым і заключаецца, каб дзіця выхоўвалася менавіта на роднай мове, на матчынай мове. Таму што замяніць гэта нельга нічым. Для мяне выхаваць дзіця па-беларуску – гэта калі яно будзе не толькі размаўляць на беларускай мове, але і ведаць сваю гісторыю і сваю культуру”.
Аляксандра Грынь прыгадала ўласны досвед, калі яна вучылася ў рускамоўнай школе, не любіла беларускую мову і зайздросціла дзецям вайскоўцаў, вызваленым ад яе вывучэння. Зварот да беларушчыны пачаўся, калі спадарыня Аляксандра трапіла ў асяроддзе беларускамоўных падлеткаў. Таксама яна падзякавала сваім універсітэцкім выкладчыкам, якія прывілі любоў да гісторыі.
Распавядаючы пра выхаванне беларускасці ў неспрыяльных умовах, спадарыня Аляксандра адзначыла: “Не трэба размахваць мовай, як сцягам. Калі людзі проста камунікуюць на беларускай мове – для іх гэта проста натуральна. Мне здаецца, што гэта вельмі важна. Калі ёсць людзі ў асяродку, якія размаўляюць па-беларуску, – гэтага ўжо цалкам дастаткова”.
Маладая маці Ганна Архіпенка згадала пра асабісты прыклад : “Каб дзяцей выхоўваць беларусамі, трэба пачынаць з сябе”. Яе думку працягнула Святлана Чакушка: “Я згодная, што перш за ўсё трэба пачынаць з сябе, бо дзеці глядзяць на сваіх бацькоў і пераймаюць гэты самы важны і самы першы прыклад. На маю суб’ектыўную думку, таксама вельмі важна не губляць карані, сувязь з продкамі, з родам, з зямлёй, каб дзеці не адчувалі сябе чужымі”.
Яся, дачка Таццяны Малашчанкі, якая навучаецца ў адзіным беларускамоўным класе ў Баранавічах, распавяла, што адчувае адрознасць ад іншых дзяцей, але не лічыць гэта чымсьці дрэнным: “Чым больш чалавек індывідуальны, тым лепей. Не трэба быць падобным да ўсіх”.
Таццяна Малашчанка падзялілася ўласным досведам хатняга выхавання. На яе думку, найлепшы спосаб “уваходу мовы ў вушы дзяцей” – пераклады мультфільмаў, музыка, фільмы і кнігі.
Аляксандра Грынь распавяла, што курсы “Мова Нанова дзецям” у Брэсце наведвае каля 40 дзяцей. Іхныя бацькі часцяком не размаўляць па-беларуску, але хочуць, каб дзеці ведалі родную мову. Аднак з цягам часу па-беларуску разам з дзецьмі пачынаюць гаварыць і дарослыя.
Ганна Архіпенка распавяла пра адукацыйны праект “Забаўлянкі для Янкі”, на які яе натхніў сынок Янка. Гэты праект адрасаваны сем’ям, якія жадаюць выхоўваць сваіх дзетак сапраўднымі беларусамі. У мінулым годзе ў Віцебску адбыўся шэраг сустрэч-семінараў для маладых бацькоў і дзяцей, на якіх асвятляліся самыя розныя пытанні, так ці іначай звязаныя з беларускай традыцыйнай культурай.
Цягам дыскусіі спікеры і слухачы прыйшлі да высновы, што задумвацца пра нацыянальную ідэнтычнасць свайго дзіцяці лепш як мага раней. Калі дзіця вырасце, яму будзе прасцей, бо не трэба будзе траціць сілы і час на пошук сябе. Не варта забывацца і на беларускую традыцыйную культуру, якая мае багаты досвед народнай педагогікі. І адна з галоўных думак – трэба заўжды памятаць пра свае карані.
Яраслаў Імхоўскі
Фота: Зарына Кандрацьева