У Варшаве пройдзе open air беларускіх казак. Пра ўнікальную праграму паразмаўлялі з яе кампазітарам Андрэем Еўдакімавым

22.08.2023 Культура

Ужо больш як 6 гадоў беларускі праект «Дыяфільм live» паказвае старыя дыяфільмы — на вялікім экране, з жывой музыкай і аўтарскай агучкай. Выкарыстоўвае звычайна толькі аналагавую тэхніку і толькі артэфактныя стужкі. Атрымліваецца амаль як у дзяцінстве: калі бацькі ў таямнічым казачным паўзмроку паказвалі табе каляровыя гісторыі. Беларускія ж акцёры і музыканты надаюць ім новае жыццё і з кожнага свайго выступу ствараюць маленькі цуд.


А 24 жніўня на падворку Музея вольнай Беларусі ў Варшаве артысты пакажуць дыяфільмы з новай праграмы «Беларускія казкі на стужках». Пра ўнікальную падзею ў фармаце open air паразмаўлялі з кампазітарам і музыкантам праекта Андрэем Еўдакімавым.

Andrej-Eudakimau
Андрэй Еўдакімаў, фота Artur Hilbrecht

— У гэтым годзе ў нас атрымалася ажыццявіць ідэю стварэння беларускіх дыяфільмаў. Раней у нас часта пыталіся, чаму мы не паказваем беларускія казкі. А мы папросту не маглі знайсці стужкі, якія б падыходзілі нам для працы. Гісторыя вытворчасці дыяфільмаў у Беларусі была нядоўгай, усяго з 1990 па 1996 гады, ды і былі гэта пераважна адукацыйныя гісторыі. Таму мы захацелі стварыць свае ўласныя беларускія дыяфільмы. То-бок стужкі з казкамі ў фармаце «дыяфільм» паводле сучасных беларускіх аўтараў, —  распавядае Андрэй. 

Diafilm live
Артысты праекта Алена Гіранок і Аляксандр Яфрэмаў. Фота Паўла Савіцкага

У новую праграму ўвайшлі казкі і вершы Надзеі Ясмінскай, Вольгі Гапеевай, Андрэя Хадановіча, Андрэя Скурко і Івана Бурсава ў перакладзе Рыгора Барадуліна. Малюнкі стварылі Ліля Бусарава, Вераніка Чайка, Вольга Кузьміч, Марта Герашчанка і Святлана Міхалап. Пасля карцінкі раздрукавалі і сфатаграфавалі на пазітыўныя стужкі, для якіх артысты зрабілі сваю аўтарскую агучку. «Так, як мы заўсёды гэта робім», — працягвае Андрэй.

— Можна сказаць, што гэта важная падзея не толькі для нас, але і для гісторыі беларускага дыяфільму, а можа быць і для ўсёй беларускай культуры. 

Прэм’ера праграмы адбылася ў Познані: большасць удзельнікаў праекта зараз базуецца менавіта там, тлумачыць Андрэй. Не так даўно адбыўся і варшаўскі паказ — у тэатры TR Warszawa.

Diafilm live
Прэм'ера праграмы «Беларускія казкі на стужках» у TR Warszawa, фота Паўла Савіцкага

— Андрэй, якая была атмасфера на вашых імпрэзах?

— Вельмі цёплая і прыемная. Гледачы прасілі нават паўтарыць пару казак.

Цікава, што прыходзяць людзі, якія шмат разоў былі на нашых паказах яшчэ ў Мінску. А ёсць і тыя, хто толькі пазнаёміўся з намі. Вельмі прыемна чуць, што наша творчасць — гэта тое, што трэба паказваць людзям цяпер, у нашыя нялёгкія часы.

Diafilm live
Паказ у TR Warszawa, фота Паўла Савіцкага

— У Варшаве вы будзеце дэманстраваць дыяфільмы на падворку Музея вольнай Беларусі. Мяркую, будзе атмасферна!

— Сапраўды, 24 жніўня адбудзецца open air паказ. Мы пакажам частку казак з нашай новай беларускай праграмы, але будзе і некалькі старых стужак.

Гэта падзея вельмі важная для нас, бо ў Мінску ў нашага праекта была традыцыя кожнае лета рабіць оупэн эйр паказ дыяфільмаў. І толькі зараз абставіны склаліся так, што мы амаль поўным складам сабраліся разам. Таму наш паказ — гэта не толькі магчымасць паглядзець гісторыі на стужках на вялікім экране ды ў агучцы праекту «Дыяфільм live». Гэта таксама працяг нашай уласнай традыцыі. Магчыма, на паказе ў Варшаве будзе той, хто ўжо прыходзіў на нашыя мінскія оўпэн-эйры. 24 жніўня мы зайграем амаль поўным складам, будзе 5 чалавек з шасці.

— Як паўплывала на жыццё праекта эміграцыя яго ўдзельнікаў?

— За апошнія тры гады мы сабраліся поўным складам толькі аднойчы, год таму на фестывалі ў Познані. Для мяне асабіста гэта як жыццё праекта напалову. Калі мы жылі ў адным горадзе разам, хадзілі па адных вуліцах і былі ў адным культурным кантэксце, гэта адлюстроўвалася ў творчасці. Калі зараз мы збіраемся разам толькі час ад часу, і кантэкст вакол нас розны, то гэта ўжо іншы этап развіцця праекта. Апошнім часам у нас значна больш выступаў, мы зрабілі новую праграму і яшчэ плануем некалькі канцэртаў і фестываляў у Польшчы. Напрыклад, будзем хутка ў Беластоку, Сопаце і Лодзі. 

Зараз праект больш жывы, чым раней. Але ў той жа час, пасля мы ізноў будзем у розных месцах, і праект ізноў будзе на паўзе або існаваць у павольным фармаце і няпоўным складзе.

Natallia-Livanava
Артыстка праекта Наталля Ліванава, фота Паўла Савіцкага

З іншага боку, меланхалічна разважае Андрэй, так можа нарадзіцца і нешта новае. Бо мы ўсе мяняемся, змяняецца жыццё і абставіны, і цяжка сказаць што будзе далей...

— Але мы дакладна сказалі яшчэ далёка не ўсё, што маглі б сказаць праз гэты праект. Мне было б цікава спрабаваць новыя музычныя падыходы, хацелася б адысці ад саміх дыяфільмаў і на падставе ўжо зробленага матэрыялу зняць кліпы ці кароткія фільмы. Хацелася б зрабіць новую праграму для дарослых. Зрабіць канцэрт з жывымі музыкамі. Шляхоў развіцця яшчэ шмат, можа быць яшчэ шмат ідэй і эксперыментаў. Пабачым, як будзе складвацца лёс.

Andrej-Eudakimau
Андрэй Еўдакімаў, фота Паўла Савіцкага

afisha

Паліна Часноўская, budzma.org

Чытайце яшчэ: Што паглядзець дзеткам: беларускія мультфільмы