Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 13-14 красавіка

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Лекцыя і варкшоп «Гарадскі агарод», а таксама майстар-клас па саламяных павуках у Мінску, стрыжка авечак у Азярцы, экскурсія па Гародні, спектакль Светы Бень «Беспрацоўнае дрэва» ў Берліне, птушыны шпацыр у Тбілісі, прэзентацыя «Дзіцячага сьпеўніка» ў Вільні, першая беларуская музычная прэмія ў эміграцыі ў Варшаве, беларускія танцы ў Гданьску, канцэрты, выставы, батлейка і лекцыі — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.


Беларусь

Мінск і Мінская вобласць

Лекцыя і варкшоп «Гарадскі агарод» у Мінску

Afiša

У суботу, 13 красавіка, гарадская ферма «Марыс Мар» ладзіць у прасторы «Flame Place» лекцыю- варкшоп «Гарадскі агарод».

Спікер — спадар Вячаслаў, студэнт-урбанолаг БрДУ імя Пушкіна, гатовы шчыра падзяліцца ведамі пра сусветны досвед стварэння гарадскіх агародзікаў і іх сацыяльна важныя функцыі. 
Што такое інклюзіўнасць асяроддзя і якія магчымасці яна адкрывае для грамадства? 

Гэтыя пытанні разгледзяць на прыкладзе агародзіка Мар. 

Універсальныя ўрабністычныя веды, якія вы здабудзеце на працягу лекцыі-варкшопа, можна будзе прымяніць да любой гарадской прасторы.

Уваход вольны, ад данатаў не адмовяцца. Рэгіструйцеся па спасылцы.

Майстар-клас па саламяных павуках у Мінску

Afiša

У суботу, 13 красавіка, у галерэі «Цэнтр» ладзяць майстар-клас па пляценні саламяных павукоў.

Гэты традыцыйны абярэг ад злых духаў прымацоўваўся ў вясковых хатах да столі над сталом, каля чырвонага кута.

Кожны ўдзельнік атрымае карысныя практычныя веды і зробіць асабістага саламянага павука, які таксама будзе валодаць ахоўнымі функцыямі. 

Занятак праводзіць Таццяна Сцяпурка, выкладчыца мастацкага каледжа імя Глебава. 

Стрыжка авечак у Азярцы

Afiša

У суботу, 13 красавіка, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы — імпрэза «Стрыжка авечак».

Авечка з’яўлялася адной з важнейшых хатніх жывёл для продкаў беларусаў. Яе воўна шырока выкарыстоўвалася ў якасці матэрыялу для вырабу тканіны, адзення і абутку. 

Гэты промысел атрымаў асаблівую распаўсюджанасць на ўсходняй частцы Беларусі і меў назву валюшнае рамяство ці шапавальства. 

Стрыглі авечак два разы на год — вясной і восенню. Працэс быў дужа важным, бо ад атрыманай сыравіны залежала якасць вырабу і заробак майстра. 

То прыязджайце даведацца больш пра традыцыю стрыжкі авечак.

Вас чакае: Экскурсія па выставе «Шапавальства»; Майстар-клас па вырабу авечак з нітак і кардону; Майстар-клас па маляванню авечкі тэхнікай «набіванка»; Майстар-клас па беларускім танцам і гульням.

Гродна 

Тэатралізаваная экскурсія, прадказанні і дэсерт: экскурсія па Гародні

Afiša


У суботу, 13 красавіка, музей гісторыі рэлігіі кліча на шпацыр па Гародні.

Вось вам 5 прычын, каб пайсці: ⠀ 

Паглыбіцца ў сямейны побыт другой паловы XIX стагоддзі. 

Прадэгуставаць аўтарскі дэсерт.⠀ 

Прагуляцца па горадзе ў інтэрактыўным фармаце.⠀ 

Тэатралізаваная экскурсія, прадказанні і дэсерт: экскурсія па Гародні ⠀ Прадказанні склала сама Эліза Ажэшка! ⠀ ⠀ 

Навучыцца распазнаваць лекавыя травы і згуляць у фанты. 

Германія

Берлін

Спектакль Светы Бень «Беспрацоўнае дрэва» ў Берліне

Afiša

13 красавіка, у суботу, Света Бень грае ў Берліне спектакль для ўсёй сям’і «Беспрацоўнае дрэва».

Запрашаюцца дзеці ад 5 гадоў і добра выхаваныя дарослыя.

Гэта гісторыя дрэва, якое змушана пакінуць парк, дзе ўсё сваё жыццё прапрацавала... дрэвам. Яго чакае дарога, напоўненая прыгодамі — то цудоўнымі, то небяспечнымі, а то і абсалютна нечаканымі. 

У гэтым монаспектаклі выкарыстоўваюцца тэатральныя лялькі і аб’екты, створаныя берлінскай мастачкай Лінай Хесінай. 

Грузія 

Тбілісі

Птушыны шпацыр з Віктарам Фенчуком у Тбілісі

Afiša

У нядзелю, 14 красавіка, беларусаў Тбілісі клічуць на другі птушыны шпацыр — гэтым разам па парку Панічала.

Весці шпацыр будзе Віктар Фянчук, беларускі арнітолаг, вядомы сваёй працай па ахове дзікай прыроды.

Вы пройдзеце сцяжынамі аднаго з найцікавейшых месцаў Тбілісі з пункту гледжання бёрдвотчынгу ці птушкарства — парку Панічала. Тут маецца разнастайнасць экасістэм і відаў птушыных. Таму чакае вас шмат розных цікавостак. 

Шпацыры — гэта мікс экскурсіі, самастойнага назірання і ўзаемадзеяння з іншымі. Баланс кожны абірае для сабе сам. 

Літва

Вільня

Прэзентацыя «Дзіцячага сьпеўніка» ў Вільні

Afiša

Спеўны сход запрашае ўсіх дзяцей і дарослых на адну з важных і знакавых падзей — прэзентацыю «Дзіцячага сьпеўніка».

Менавіта ў Вільні ў 1925 годзе першы спеўнік для дзяцей быў упершыню падрыхтаваны і выдадзены за кошт аўтара. Укладальнік — вядомы збіральнік фальклору, педагог Антон Грыневіч. Сёння — амаль сто гадоў пасля першага выдання — зборнік атрымаў дрогое жыццё.

Дата: 13.04

Час: 18:00

Месца: Цэнтр беларускай культуры і супольнасці, Vilniaus g. 20, Вільня

У праграме:

— музычна-інтэрактыўная праграма з Сержуком Доўгушавым;

— дзіцячы спеўны сход;

— выступ вакальнага гурта «Valoški»;

— прэзентацыя выдання і аўтограф-сесія.

Уваход вольны (данаты вітаюцца).

Польшча 

Варшава

Першая беларуская музычная прэмія ў эміграцыі ў Варшаве

Afiša

У суботу, 13 красавіка, у Scena Chmielna адбудзецца першая беларуская музычная прэмія ў эміграцыі.

Барацьба за званне найлепшых, яркія музычныя выступы і, безумоўна, сюрпрызы — усё, чаго вам не хапала. 

Адмысловыя акустычныя госці імпрэзы — Юры Стыльскі, Алесь-Францішак Мышкевіч і гурт «Atesta»

Afterparty — Сяргей Пукст!

Гданьск

Беларускія танцы ў Гданьску

Afiša

У суботу, 13 красавіка, абуджайцеся ўжо ад зімовага сну ды прыходзьце танчыць традыцыйныя танцы!

Грае капэла Яўгена Барышнікава! 

Без спойлераў, але ж: такой колькасці беларускіх музыкаў на танцах у Гданьску яшчэ не было! 

Паказваць танцавальныя элементы будзе Марыя Латышава. 

Для ўдзелу дастаткова мець ногі і добры настрой, усё астатняе раскажуць і пакажуць на месцы. 


Лодзь

Акустычны Такінданг у Лодзі

Afiša


У суботу, 13 красавіка, у Лодзі грае акустычны канцэрт Андрусь Такінданг.

Час: 19:00 (час мясцовы)

Месца: прастора «Jesteśmy», ul. Jaracza 13, Лодзь 

Завітвайце!

Познань

Лекцыя «Неасветлены бок беларускага руху пачатку XX стагоддзя» ў Познані

Afiša

У нядзелю, 14 красавіка, беларусаў Познані запрашаюць на батлейку «Карусь Каганец» і мінілекцыю «Неасветлены бок беларускага руху пачатку XX стагоддзя».

Батлейка будзе не жыўцом, але ў відэазапісе.

Вы даведаецеся: 

адкуль у нашым краі з’явіліся батлейкі;

 ці батлейка ёсць дзіцячаю забаваю; 

хто такі Карусь Каганец і чаму ён блукаў удзень па Менску з ліхтаром;

 якім чынам падзеі 2020 года перагукаюцца з падзеямі больш чым стогадовай даўніны;

 якая карысць з батлейкі сёння.