Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 17-18 лютага

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» ў Вільні, варкшоп па лінарыце ў Мінску, этнавечарына ў Гомелі, лекцыя Кацярыны Ваданосавай у Варшаве, беларуская дыктоўка ва Уроцлаве, выставы, майстар-класы, канцэрты, спектаклі — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.



Беларусь


Мінск і Мінская вобласць

Варкшоп па лінарыце ў Мінску

Afiša

У нядзелю, 18 лютага, у краме «Гарбатная Пошта» ладзяць варшкоп па лінарыце.

За кароткі час вы засвоіце лінагравюрную тэхніку і навучыцеся самастойна рабіць адбіткі. Мінімум тэорыі, максімум практыкі! 

Дзень усіх закаханых у Дукорскім маёнтку

Afiša

17 і 18 лютага ў Дукорскім маёнтку чакаюць усіх закаханых адзначыць цудоўнае свята і насалодзіцца рамантычнай атмасферай у гістарычным месцы!

Абяцаюць вельмі насычаную праграму. Завітвайце!


Грамніцы ў Азярцы

Afiša

У суботу, 17 лютага, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы святкуюць Грамніцы. Грамніцы — дзень сустрэчы зімы з летам, свята свечкі і «жывога агню». 

Гэта адно з нерухомых святаў народнага календара, якое адзначаецца 2 лютага ў каталікоў і 15 лютага ў праваслаўных. 

У гэты дзень можна было ўпершыню пачуць гром і ўбачыць, як мільгае бліскавіца. 

Асаблівае значэнне надавалася грамнічнай свечцы, якую выраблялі сваімі рукамі. Кожны гаспадар ведаў, што гэтая свечка дапаможа засцерагчы хату ад усялякай бяды. 

Віцебск

Майстар-клас «Дызайн майго жыцця» ў Віцебску

Afiša


У суботу, 17 лютага, асветніцкі праект «Навука па-за сабой» кліча на майстар-клас «Дызайн майго жыцця».

На сустрэчы абмяркуюць: 

Што робіць наша жыццё шчаслівым? 

Як можна кіраваць сваім жыццём? 

Ці складаней марыць і рухацца да сваіх мэт з узростам?

Сустрэча пройдзе пад слоганам «Кожны з нас дызайнер уласнага жыцця».

Гомель

Этнавечарына «Зіма з летам сустракалася...» ў Гомелі

Afiša

У суботу, 17 лютага, у філіяле Веткаўскага музея — этнавечарына «Зіма з летам сустракалася...». 

Гэтая вечарына будзе прысвечана аднаму з найвялікшых святаў — Стрэчанню / Грамніцам. 
Праваслаўная царква 15 лютага святкуе Стрэчанне, якое адзначаецца як сустрэча старазапаветнай і новазапаветнай традыцый і веравызнанняў. 

У Беларусі існуе і другая назва свята — Грамніцы. Мяркуюць, што назва паходзіць ад язычніцкага бога Грамаўніка (Перуна) — бога веснавых навальніц і дажджоў, якія спрыялі расліннасці. 

З прыходам хрысціянства, магічна-ахоўную ролю сталі выконваць асвечаныя свечкі, якія захавалі дахрысціянскую назву — грамніцы. У народзе гэта знакавая і лёсавызначальная падзея. 

Стрэчанне ўспрымацца як прыродна-касмічнае «Стрэчанне». Са Стрэчання пачыналі ўжо рыхтавацца да вясны — гаспадары ладзілі, аглядалі, рамантавалі прылады, патрэбныя для веснавых заняткаў: «Да Грамніц не скідай з рук рукавіц, а як прайшлі Грамніцы, то ўжо не патрэбны рукавіцы». 

То прыходзьце адчуць атмасферу і сілу народных звычаяў ды традыцый! 

Падчас імпрэзы ўпрыгожаць елку кветкамі (чаму і навошта — дазнаецеся на імпрэзе), будуць спяваць стрэчаньскія песні, вадзіць вясновыя карагоды, танчыць народныя танцы! 

Па добрай традыцыі стол збіраюць у складчыну! 

Прыносьце любыя смаколікі (і не толькі салодкія): яешню, пірагі, бліны, печаны гарбуз, мёд, бульбу, каўбасу, сала, сыр, закруткі, цукеркі, печыва, любыя іншыя вамі любімыя ласункі. 

Германія

Гамбург

Альгерд Бахарэвіч і Юлія Цімафеева ў Гамбургу

Afiša

17 лютага ў Гамбургу ў кнігарні адбудзецца сустрэча з Альгердам Бахарэвічам і Юліяй Цімафеевай у Гамбургу,

Беларускія аўтары, якія з канца 2020 года жывуць у выгнанні, прадставяць свае новыя кнігі ў нямецкім перакладзе, апавядуць пра бягучую сітуацыю ў Беларусі і свае гісторыі выгнання, пазнаёмяць публіку з беларускай культурай і мовай.

ЗША

Чыкага

Варштат па беларускіх танцах у Чыкага

Afiša

У нядзелю, 18 лютага, беларусаў Чыкага клічуць танчыць беларускія танцы. Вядоўца — спадар Глеб, які займаўся народнымі танцамі з дзяцінства і з радасцю распавядзе пра іх гісторыю і навучыць вас танчыць, як сапраўдныя беларусы. 

Літва

Вільня

Паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» ў Вільні

Afiša

У маштабнай праграме фестывалю, які арганізоўваецца Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў, — абвяшчэнне лаўрэата Літаратурнай прэміі Міхася Стральцова і лаўрэатаў Прэміі Цёткі, гутаркі з паэтамі і празаікамі Падляшша, літаратурны вечар сучаснай літоўскай паэзіі ў беларускіх перакладах, каля 2 двух дзясяткаў прэзентацый новых паэтычных кніг і першы канцэрт гурта FILAMATY (супольны канцэптуальны праект гурта RELIKT і музыкі Уладзя Лянкевіча).

Падчас асноўных імпрэзаў фестывалю 17 і 18 лютага ў клубе «Павільёнас» працуюць кропкі продажу беларускай кнігі, а таксама вядзецца анлайн-трансляцыя ў сацыяльныя сеткі Bellit.info.

Польшча

Варшава

Беларускі традыцыйны строй: лекцыя Кацярыны Ваданосавай у Варшаве

Afiša

У нядзелю, 18 лютага, Кацярына Ваданосава чытае ў Беларускім Доме інтэрактыўную лекцыю пра беларускі традыцыйны строй.

Гэта будзе лекцыя-расповяд-паказ-стэндап-пропаведзь пра беларускія традыцыйныя касцюмы. 

Завітвайце пачуць кароткі экскурс у гісторыю строя і ўбачыць больш за дзясятак строяў, зробленых рукамі спадарыні Кацярыны! 

Кракаў

Лекцыя «Грунвальдская бітва» ў Кракаве

Afiša

У суботу, 17 лютага, у GUTENBERG CLUB — новая гістарычная сустрэча!  Гэтым разам Андрэй Бандарэнка распавядзе пра падзеі Грунвальдскай бітвы.

15 ліпеня 1410 года адбылася адна з найважнейшых падзей у лёсах некалькiх народаў Усходняй Еўропы. На палях пад вёскай Грунвальд польскiя i лiтоўскiя войскі нанеслі знiшчальную паразу Тэўтонскаму Ордэну, назаўжды зламаўшы яго магутнасць. 

Вы ўбачыце, як разгортвалася адна з найслаўнейшых бiтваў нашай гiсторыi з пункту гледжання сучаснай навукi, а таксама разгледзіце найбольш вядомыя мiфы i стэрэатыпы, з ёй звязаныя. 


Уроцлаў

Беларуская дыктоўка ва Уроцлаве

Afiša

У суботу, 17 лютага, ва Уроцлаве — новая сустрэча «Мовы нанова», прысвечаная Дню роднай мовы. Прапануюць напісаць дыктоўку!

Таксама даведаецеся болей пра Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны — адно з найстарэйшых у Беларусі няўрадавых грамадскіх аб’яднанняў. 

Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, Пётр Садоўскі, Алег Трусаў — гэта толькі пачатак спісу выбітных асоб, звязаных з дзейнасцю ТБМ, арганізацыі, якая мела найшырэйшую сетку рэгіянальных суполак і замежных аддзяленняў. 

Уваход вольны. Рэгістрацыі не патрэбна.

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.