Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 18-19 траўня

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Ночы музеяў па розных гарадах Беларусі і замежжа, лекцыя-дэгустацыя «Гісторыя салодкіх блюд» ад шэф-кухаркі Алены Мікульчык і салаўіны шпацыр з арнітолагам у Мінску, круглы стол у Віцебску, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава, экскурсія па габрэйскім Беластоку, веснавое свята з Сержуком Доўгушавым ў Мінесоце, канцэрты, выставы, спектаклі — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ. 


Беларусь

Мінск

Ноч музеяў у Купалавым доме ў Мінску

Afiša

У суботу, 18 траўня, у музеі Янкі Купалы адбудзецца інтэрактыўная праграма «∞ х 10 = ?» да Ночы музеяў.

Прыходзьце адчуць магію этнічнай музыкі і моц старадаўніх матываў у сучасным выкананні. Вас будуць чараваць гукі жаночага вакалу, колавай ліры, ірландскага бузукі і запальная перкусія. 

Лекцыя-дэгустацыя «Гісторыя салодкіх блюд» ад шэф-кухаркі Алены Мікульчык у Мінску

Afiša

У суботу, 18 траўня, музей Якуба Коласа кліча на лекцыю-дэгустацыю «Гісторыя салодкіх блюд» ад шэф-кухаркі Алены Мікульчык. 

Вы даведаецеся гісторыю стварэння і развіцця салодкіх блюд і зможаце паспытаць смачны і незвычайны дэсерт. 

Ноч музеяў на Коласавай сядзібе «Ласток»

Afiša

У суботу, 18 траўня, музей Якуба Коласа ладзіць з нагоды Ночы музеяў вандроўку на сядзібу Коласа «Ласток».

Ласток — адзіная аўтэнтычная сядзіба, якая захавалася з часоў дзяцінства паэта. 

Гасцей сядзібы чакае насычаная тэатралізаваная праграма. На сядзібе вас сустрэнуць дзядзька Антось, Міхал, маці і маленькі Кастусь! 

Кожны зможа акунуцца ў атмасферу дзяцінства паэта, патрапіць на экскурсію па мемарыяльнай сядзібе, паўдзельнічаць у майстар-класе па стварэнні абярэгаў і паслухаць народную музыку. 

Салаўіны шпацыр з арнітолагам у Мінску

Afiša

У нядзелю, 19 траўня, кампанія «Дзікая прырода» кліча слухаць салаўёў у Мінску разам з арнітолагам Аляксандрам Вінчэўскім.

Падчас прагулкі спадар Аляксандр раскажа шмат цікавостак пра птушак. 

Вы зможаце задаць яму і свае пытаннечкі. 

Бярыце з сабой бінокль і добры настрой. 

Каб трапіць на шпацыр, далучайцеся да «Дзікага клуба» па спасылцы

Віцебск

Круглы стол «Салдат Перамогі Васіль Быкаў» у Віцебску

Afiša

У суботу, 18 траўня, у абласной бібліятэцы адбудзецца круглы стол «Салдат Перамогі Васіль Быкаў». 

Ён прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Уладзіміравіча Быкава. 

У працы круглага стала бяруць ўдзел пісьменнікі, літаратуразнаўцы, гісторыкі, супрацоўнікі Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, гарадских бібліятэк. 

Гомель

«Магія пляцення»: Ноч музеяў у Гомелі

Afiša

У суботу, 18 траўня, філіял Веткаўскага музея далучаецца да Ночы музеяў.

Праграма вельмі насычаная. Завітвайце!

Гродна

Чароўная ноч музеяў у Старым і Новым замку ў Гродне

Afiša

У суботу, 18 траўня, гісторыка-археалагічны музей далучаецца да Ночы музеяў.

Падрыхтавалі праграму, якая перанясе вас у свет магіі і цудаў. (Амаль па слядах Гары Потэра.)


Вас чакае: 

● Урокі прадказанняў

 ● Урокі гербалогіі 

● Квіз чараўнікоў 

● «Хобі гульні»

 ● Кавер-версіі сусветных хітоў 

● Музычны праект «Вочы»

 ● Феерверк.


ЗША

Мінесота

Веснавое свята з Сержуком Доўгушавым ў Мінесоце

Afiša

У суботу, 18 траўня, беларусаў Мінесоты запрашаюць на веснавое свята з Сержуком Доўгушавым.


У праграме: 

прэзентацыя «Дзіцячага спеўніка» 

музычна-інтэрактыўная праграма для дзяцей і дарослых 

Беларускія гульні, спевы, карагоды і танцы! 

Літва

Вільня

Ноч музеяў з Башлыкевічам у Вільні

Afiša

У суботу, 18 траўня, у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры — імпрэза да Ночы музеяў.

Вас чакае канцэрт Сяргея Башлыкевіча, саліста гурта «Leibonik».

А яшчэ: 

Кірмаш майстроў

 Адкрыццё выставы Алега Аблажэя 

Майстар-клас па гліне 

Пастанова вулічнага тэатра 

Батлейка

 Майстар-клас па сярэднявечных танцах 

Актыўнасці для дзяцей (аквагрым, майстар-класы, бінга-квэст).


Польшча

Беласток

Экскурсія па габрэйскім Беластоку

Afiša

У нядзелю, 19 траўня, беларусаў Беластока клічуць на беларускамоўную экскурсію па габрэйскім Беластоку.

Будуць размаўляць пра гісторыю габрэяў у Беластоку: калі яны з’явіліся ў горадзе? Дзе сяліліся? Як жылі? 

Пагавораць і пра паўстанне ў беластоцкім гета, і агулам пра культуру, традыцыі, і прыватныя гісторыі. 

Завітаеце да помніка спаленай сінагозе, пабачыце на былы яўрэйскі" гандлёвы цэнтр", паразмаўляеце пра эсперанта і яе стваральніка і пра гета, безумоўна. 

Варшава

Канцэрт да Дня нараджэння Аляксандра Кулінковіча ў Варшаве

Afiša


У суботу, 18 траўня, у Варшаве святкуюць дзень народзінаў Аляксандра Кулінковіча, нязменнага лідара «Neuro Dubel».

Усе найлепшыя хіты гурта заспяваюць: Зоя Сахончык (Зьмяя), Алесь Лютыч (:B:N:), Алесь-Францішак Мышкевіч (The Superbullz), Дзяніс Тарасенка (РСП), Аляксандр Памідораў.

Уроцлаў

Юля Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Сяргей Шупа і Андрэй Янушкевіч ва Уроцлаве

Afiša

18 траўня ўсіх жадаючых чакаюць Юля Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Сяргей Шупа і Андрэй Янушкевіч на літаратурнай сустрэчы.
У праграме:

Прэзентацыі кнігі Юлі Цімафеевай «Мінскі дзённік», а таксама паэтычнага зборніка «Воўчыя ягады» і паэмы Ільлі Камінскага «Рэспубліка глухіх», якую яна пераклала на беларускую мову разам з Вальжынай Морт.

Сяргей Шупа прадставіць новыя кнігі «Вясны»: свае пераклады Мойшэ Кульбака («Зэлменяне»), Юргіса Кунчынаса («Туўла») і Антанаса Шкемы («Белы саван»). 

Андрэй Янушкевіч раскажа пра навінкі беларускага кнігавыдання і стан, у якім працуюць беларускія выдавецтвы, а таксама прывязе свежанадрукаваныя кнігі.

Альгерд Бахарэвіч пазнаёміць усіх прысутных з новым прыгодніцкім раманам «Капітан Лятучая Рыба».

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай АФІШЫ.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.