22 студзеня 2022 года пасля цяжкой хваробы пайшоў з жыцця Сямён Сямёнавіч Панізоўцаў. Ён не дажыў да 80 гадоў.
Нарадзіўся Сямён Панізоўцаў 12 лютага 1942 года. Ён атрымаў сярэднеспэцыяльную адукацыю і 45 гадоў адпрацаваў кіраўніком авіямадэльнага і фотагурткоў Чэрыкаўскага Дому піянераў і школьнікаў. Аднак у 2006 годзе спецыяліста вышэйшай катэгорыі, выдатніка народнай асветы звольнілі з працы, бо ён быў кіраўніком раённай суполкі БНФ.
На спаборніцтвах па авіямадэляванні вясковыя хлопцы з Чэрыкава становіліся чэмпіёнамі Беларусі. Маючы выключны арганізацыйны талент у працы з дзецьмі, Сямён Панізоўцаў у Чэрыкаве здолеў стварыць сваю сапраўдную школу авіямадэльнага спорту.
Шмат гадоў Сямён Панізоўцаў узначальваў раённую арганізацыю БНФ, працаваў на ніве нацыянальнага адраджэння, узнімаў праблемы негатыўных наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС для паўднёва-усходніх раёнаў Магілёўскай вобласці.
У якасці незалежнага журналіста Сямён Панізоўцаў актыўна супрацоўнічаў з крычаўскай газетай “Вольны горад”, на працягу шэрагу гадоў з’яўляўся аўтарам інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён”, пэўны час выдаваў уласную маланакладную газету для жыхароў Чэрыкаўскага раёна.
Апошнія гады Сямён Панізоўцаў змагаўся з цяжкім анкалагічным захворваннем. Пахаваюць Сямёна Сямёнавіча Панізоўцава 24 студзеня далёка ад роднага Чэрыкава, так вырашылі яго родныя.
Рэдакцыя Budzma.org выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім журналіста.