15 сакавіка, на 59 годзе раптоўна пайшоў з жыцця Усевалад Свентахоўскі, мастак-графік, дызайнер, каліграф, паведамляе Беларускі саюз мастакоў.
Развітанне з Усеваладам Свентахоўскім адбудзецца сёння, 16 сакавіка, а 15-й гадзіне ў крэматорыі на Паўночных могілках.
Усевалад Свентахоўскі нарадзіўся ў Мiнску. Скончыў Мiнскую мастацкую вучэльню імя А. Глебава (1986) i Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (1993). Вучыўся ў Аляксея Зінчука, Вячаслава Семянько, Паўла Семчанкі, Уладзіміра Васюка. Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1995 г. У мастацкіх выставах браў удзел з 1993 г. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі (1999–2016), Расіі (Масква, 2008, 2012; Санкт-Пецярбург, 2008), Сербіі (2012, 2013), Польшчы (Торунь, 2012), Літве (Клайпеда, 2014). Працаваў у галіне графічнага дызайну, кніжнай графікі, каліграфічнага мастацтва.
«Каліграфія можа быць інструментам, які можа стварыць культурную і здаровую будучыню. Сёння вельмі важна клапаціцца пра заўтрашні дзень. Калі сфармаваць у сябе правільнае стаўленне да ліста, а затым заняцца ім ушчыльную, то можна палепшыць якасць уласнага жыцця», — казаў Усевалад Свентахоўскі пра сваё захапленне каліграфіяй.
Шмат гадоў Усевалад Свентахоўскі выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Працы Усевалада Свентахоўскага