Пераварот Стракапытава: як у 1919-м замест БНР у Гомелі абвясцілі Расійскую Народную Рэспубліку

24.03.2025 Гісторыя
25 сакавіка 1918 года Гомель быў абвешчаны неад’емнай часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Роўна праз год пасля гэтага ў горадзе па-над Сожам пасля зрынання бальшавіцкай улады была абвешчаная Расійская Народная Рэспубліка (РНР). Які статус меў Гомель на той час? Хто такі Стракапытаў і як яму ўдалося захапіць уладу? Якім чынам успыхнула паўстанне і як мясцовае насельніцтва ставілася да паўстанцаў? Прасочым за палітычнымі дзівосамі мінулага.

«Грамадзяне! Адкіньце гіпноз. Агляніцеся, раздумайцеся, зразумейце — світае. Набліжаецца прамяністы дзень. Бальшавікі здаюцца вам моцнымі, бо вы стаіце на каленях. Устаньце з каленяў!» З адозвы Палескага Паўстанчага Камітэта пад кіраўніцтвам Уладзіміра Стракапытава ў сакавіку 1919 года.

01-kamunary.jpgПомнік у Гомелі, прысвечаны падзеям сакавіка 1919 года. Фота: городгомель.бел

А што ўвогуле са статусам Гомеля ў гэты час?

Калі сёння кожнаму вядома, што Гомель — другі па колькасці насельніцтва горад Беларусі, дык на пачатак 1919 года ўсё было больш чым не адназначна. Давайце коратка зірнем на складаную палітычную сітуацыю. Падчас Першай сусветнай вайны, 1 сакавіка 1918 года Гомель быў заняты нямецкімі войскамі.

У тым жа месяцы, а менавіта 25 сакавіка, калі была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, Гомель быў названы неад’емнай часткай БНР. Сюды прызначылі павятовага старшыню БНР, пачалі дзейнічаць іншыя органы навастворанай дзяржавы. Разам з тым вайна працягвалася, нямецкія войскі знаходзіліся ў Гомелі.

Напрыканцы 1918 года там з’явіліся ўкраінскія фармаванні пад кіраўніцтвам Сымона Пятлюры, якія завалодалі горадам і абвясцілі аб стварэнні Гомельскай Дырэкторыі УНР.

1 студзеня 1919 года бальшавікамі Гомель быў фармальна далучаны да створанай БССР. Але ўсяго праз 16 дзён «старэйшыя партыйныя босы» з Масквы адрэзалі Гомельшчыну і ўключылі ў склад РСФСР.

Пасля з’яўлення савецкай адміністрацыі ў Гомелі адразу пачалі дзейнічаць розныя надзвычайныя камісіі, якія займаліся прымусовымі закупкамі і рэквізіцыямі. Цэны рэзка выраслі, тавары сталі недасяжнымі для гараджанаў. Асноўная частка харчоў і адзення ішла на ўтрыманне Чырвонай арміі, але нават жаўнеры заставаліся ў галечы і голадзе.

Вайскоўцы часта пачалі самастойна канфіскоўваць прадукты ў насельніцтва. Абурэнне людзей узмацніў загад аб прымусовай ваеннай падрыхтоўцы і мабілізацыі, што выклікала масавае дэзерцірства і супраціў мясцовага насельніцтва.

Падчас гэтых бясконцых зменаў улады і адбыліся падзеі, якія надоўга запомніліся жыхарам горада.

Хто такі Стракапытаў

02-strakapytau.jpgУладзімір Стракапытаў. Фота: russianestonia.eu

28-гадовы капітан расійскай царскай арміі (з чэрвеня 1918-га Чырвонай арміі) Уладзімір Стракапытаў, народжаны ў Туле, верагодна, і не здагадваўся аб існаванні нейкіх там беларусаў. Нішто ў яго дзейнасці і захаваных дакументах не паказвае на адваротнае. Гэта быў афіцэр, які на ўраджайнай глебе палітычных пературбацыяў паспрабаваў ухапіцца за «нічыйную ўладу» ў выпадковым для яго месцы.

Больш за тое, у яго гэта атрымалася. Яго вайсковыя часткі вызвалілі Гомель ад бальшавіцкіх бандаў. Да паўстання на наступны дзень далучылася і Рэчыца. І хто ведае, што магло быць далей, калі б не чырвонае падмацаванне. Але давайце па чарзе.

Гомельскае паўстанне

04-pomnik.jpgМанумент у Гомелі ў аздабленні транспаранта «Лепшым помнікам пакутнікам 25-29 сакавіка будзе перамога камунізму», 1930-я гг. Фота з Вікіпедыі

Дзеля змагання з украінскімі войскамі Пятлюры бальшавікі скіравалі ў раён Гомеля падмацаванне — вайскоўцаў 67-га і 68-га палкоў Тульскай брыгады Чырвонай арміі. У сакавіку 1919 года яны трапілі пад моцны абстрэл ля Оўруча і вырашылі самавольна адступіць да Гомеля. Далейшы план быў нечаканым: вайскоўцы збіраліся ехаць далей ад ненавіснай вайны, углыб Расіі, праз Бранск у родную Тулу.

Аднак малады афіцэр Стракапытаў пераканаў іх, што падобная авантура — звычайнае самагубства і заклікаў самім ствараць новую, на іх погляд, цывілізаваную ўладу. Пад згаджальныя воклічы васьмі тысячаў жаўнераў сам Стракапытаў быў абвешчаны кіраўніком паўстанцаў.

Дакументы сведчаць:

«Я вымавіў кароткую прамову, даказваючы, што на Бранск ехаць нельга, што Троцкі нас за сыход з фронту не памілуе. Што мы спачатку ўмацуемся тут, а потым паглядзім, што рабіць. Скончыў прамову: „Няхай жыве Устаноўчы Збор!“. Раздаліся галасы: „Раз ты ўзяўся, ты і вядзі нас“. 

 Ніколі ні пра што падобнае я не марыў і не рыхтаваўся. Але, знаходзячыся пад гіпнозам натоўпу, у стане афекту, не маючы ў такой грандыёзнай справе ніводнага саўдзельніка, я сказаў: добра, бяру на сябе кіраўніцтва брыгадай, але з умовай поўнага падпарадкавання. На што атрымаў аднадушную згоду натоўпу звыш тысячы чалавек».

24 сакавіка 1919 года жаўнеры 67-га і 68-га палкоў Тульскай брыгады Чырвонай арміі, стомленыя галечай, паднялі мяцеж супраць савецкай улады ў Гомелі. Паўстанцы ўзялі горад: чыгунка, тэлеграф і склады артылерыі трапілі ў іх рукі. Усе органы бальшавікоў таксама былі захопленыя.

Цікава, што войска Стракапытава налічвала каля 8 тысячаў чалавек, у той час, як так званая «законная» ўлада ў Гомелі мела пры сабе ўсяго прыблізна 300 чэкістаў. Пераважная большасць нават не былі мясцовымі, а ўваходзілі ў склад інтэрнацыянальнай роты. Сярод іх было і шмат кітайцаў.

Збольшага за беларускі Гомель у гэты час змагаліся прыхадні. Каля 10 гадзінаў вечара паўстанцы захапілі турму і вызвалілі палітычных вязняў або, як пазней казалі бальшавікі, «розны контррэвалюцыйны зброд». Галоўныя ж часткі паўстанцаў ноччу з 24 на 25 сакавіка ўвайшлі ў асноўнае супрацьстаянне, якое разгортвалася ў гатэлі «Савой», дзе бальшавікі арганізавалі абарону.

У будынку тым часам было каля 150 бальшавікоў. Пачаўся з двух бакоў упарты бой. Тым не менш камісары і супрацоўнікі ЧК хутка адчулі сваю ізаляцыю — насельніцтва не жадала бараніць рэжым, які прыносіў гора і беднасць.

Пасля цяжкага абстрэлу з артылерыі чырвоныя камісары здаліся. Калі бальшавікоў, што засталіся ў жывых, вывелі з гатэля, як піша гісторык Юрка Віцьбіч, іх пачалі збіваць гамяльчане. Найбольш дасталося ненавіснаму для жыхароў горада старшыні ЧК Івану Ланге. З вялікай цяжкасцю абараніўшы тых, што здаліся, ад самасуду, паўстанцы давялі іх да турмы і кінулі ў камеры. Сюды ж адпраўлялі ўсіх арыштаваных у горадзе камуністаў і падазроных.

Паўстанне перамагло.

06-dom.jpg
Савецкая шыльда аб Стракапытаўскім паўстанні 1919 года. Фота: городгомель.бел

Па горадзе быў расклеены падпісаны напярэдадні загад № 1 «камандуючага войскамі Стракапытава», першы пункт загаду абвяшчаў:

«24 сакавіка я, па абранні паўстанцкім камітэтам, узяў на сябе абавязкі камандуючага войскамі Гомельскай групы, якія паўсталі супраць урада Троцкага і Леніна. Грамадзяне, скіньце гіпноз! Азірніцеся, падумайце, зразумейце, світае. Блізкі прамяністы дзень. Бальшавікі здаюцца вам моцнымі, таму што вы стаіце на каленях. Устаньце з каленаў!

Нашыя лозунгі:
1. Уся ўлада Устаноўчаму Сходу.
2. Спалучэнне прыватнай і дзяржаўнай ініцыятывы ў галіне гандлю і прамысловасці, у залежнасці ад рэальных патрабаванняў гаспадарчага жыцця краіны.
3. Жалезныя законы аб ахове працы.
4. Правядзенне ў жыццё грамадзянскіх свабодаў.
5. Зямля — народу.
6. Уступленне Расійскай рэспублікі ў лігу народаў.

Паўстанцкі камітэт Палесся».

25 сакавіка ў Гомелі была абвешчаная «Расійская Народная Рэспубліка». На чале яе стаў «Палескі паўстанцкі камітэт». Уладзімір Стракапытаў абвясціў сябе кіраўніком 1-й арміяй Расійскай Народнай Рэспублікі, заклікаў жыхароў падтрымаць паўстанне. Мясцовыя спачувалі паўстанцам, але не адважыліся ўзяць у рукі зброю і сустрэць армію бальшавікоў.

«Наяўнасьць Палескага Паўстанчага Камітэту цалкам выключае магчымасьць абвінаваціць Стракапытава ў імкненьні стаць ваенным дыктатарам. Разам з тым трэба ўлічыць, што Стракапытаў быў ня толькі выканаўцам волі Камітэту, але і адным зь яго кіраўнікоў», — пісаў беларускі гісторык Юрка Віцьбіч.

Нядоўга грала музыка

«Ніхто больш не возьме вашых братоў і дзяцей на забой. Сяляне! Біце ў набат, ганіце савецкую сволач з вашых паселішчаў, затрымлівайце падазроных, выбірайце паўстанцкія камітэты ў сёлах, вёсках, мястэчках і ўручайце ім часова ўсю ўладу». З адозвы Уладзіміра Стракапытава ў сакавіку 1919 года

05-staronka.jpg
Першая старонка даклада Яўгеніі Бош, якую прыслалі чэкісты з Масквы ў 1919 годзе. Фота: Расійскі дзяржаўны архіў сацыяльна-палітычнай гісторыі

Як піша даследчык Юры Глушакоў, першыя нешматлікія савецкія часткі, кінутыя да Гомеля, былі без праблемаў адбітыя паўстанцамі, што надало ім упэўненасці ва ўласных сілах. Але паступова з поўдня да Гомеля сталі падыходзіць буйныя сілы Чырвонай арміі і сялянскія добраахвотніцкія атрады. А 28 сакавіка адбыўся эпізод, які фактычна змяніў ход падзей.

Справа адбылася каля чыгуначнай станцыі. Адна з падышоўшых батарэй, спачуваючы паўстанцам, не стала абстрэльваць Палескі вакзал. І тады станцыю, дзе сядзеў штаб «новай улады Стракапытава», атакаваў невялікі атрад чырвоных курсантаў.

18 байцоў прынялі бой з 200 «стракапытаўцамі» і, страціўшы двух чалавек, адышлі. Але, абстраляўшы з вінтовак штаб, магілёўскія курсанты, самі таго не ведаючы, вырашылі лёс Гомеля.

«Цяжка сабе ўявіць, — узгадваў адзін з відавочцаў паўстання афіцэр Сяргей дэ Маньян, — якая пачалася паніка. Усе дзеячы штаба, палкавыя пісары літаральна растварыліся ў паветры. Людзі страцілі чалавечае аблічча і імкнуліся толькі схавацца як магчыма далей ад няшчаснай станцыі».

Пасля гэтага ўсе камандзіры былі выкліканыя ў штаб, дзе па «неспакойнай постаці» камандуючага «1-й арміяй РНР» Стракапытава стала зразумелым: Гомель будзе пакінуты. Камуністы знаходзіліся з падмацаваннем амаль вакол усяго горада. Перад выхадам з Гомеля паўстанцы забілі каля 25 чэкістаў з ліку тых, якіх узялі ў палон.

Як піша гісторык Юры Глушакоў, 31 сакавіка 1919 года пад Калінкавічамі адбылася нарада афіцэраў. Там, паводле сведчаньня паўстанца дэ Маньяна, нягледзячы на асобныя пярэчанні, Стракапытаў вырашыў адмовіцца ад штурму Калінкавічаў, кінуць эшалоны з артылерыяй і захопленай у Гомелі маёмасцю і пешшу прабівацца на злучэнне з часткамі Украінскай Народнай Рэспублікі. 

1 красавіка паўстанцы на лодках фарсіравалі Прыпяць ля Барбарова і выйшлі на тэрыторыю, занятую арміяй УНР.

Замест эпілогу

03-strakapytau.jpg
Уладзімір Стракапытаў у старэйшым узросце. Фота: russianestonia.eu

Імёнамі забітых чэкістаў Мікалая Білецкага, Івана Ланге, Зоі Песінай, Сяргея Бочкіна і Барыса Аўэрбаха ў Гомелі былі названыя вуліцы. У самым цэнтры горада камунарам быў усталяваны помнік.

Гомель заставаўся ў складзе камуністычнай Расіі да самага канца 1926 года, калі нарэшце быў вернуты пад умоўны беларускі кантроль тых жа бальшавікоў.

Уладзімір Стракапытаў пасля баявых дзеянняў у Гомелі працягваў выступаць са зброяй у руках супраць камуністаў, але ўжо ў іншых месцах. Яго жыццё было гвалтоўна абарванае НКУС у 1941 годзе ў Эстоніі, дзе пасля акупацыі гэтай балтыйскай краіны ён быў арыштаваны і расстраляны.

Павал Хадзінскі, budzma. org