Першамая. Казка для дарослых ад Яны Вольскай

Яна Вольская распавядае першамайскую казку пра мары, працу і самарэалізацыю.

Maliunak Liavona VoĺskahaМалюнак Лявона Вольскага

Яна выйшла на станцыі мэтро Першамайская і пашыбавала па вуліцы Леніна ў бок канцэртовай залі, якую ў прастамоўі называлі «каза». У «казе» адбываўся ўнікальны балетны вечар з дзвюма легендамі на адной сцэне. Усе квіткі былі прададзеныя ўжо за тыдзень да прэм’еры.

Мая Міхайлаўна пабачыла абрыс знаёмага будынку — элегантны бэтонны прастакутнік з двума шэрагамі лесьвіцаў, якія вялі да шкляных дзьвярэй на ўваходзе. Колькі гадоў яна мінала задуменныя берагі Сьвіслачы і ўздымалася па гэтых прыступках!

«Раз-два-тры-чатыры», — палічыла Мая Міхайлаўна крокі для левай нагі.
«Раз-два-тры-чатыры», — для правай.

На ўваходзе яна звыкла павіталася з ахоўнікам-вахцёрам.

— Пропуск, — строга і запытальна паглядзеў той.

Яна працягнула свой пропуск і цярпліва чакала, пакуль ахоўнік сканаваў вачыма дакумэнт.

— У парадку, — млява адрапартаваў ён і пазяхнуў.

Яна забрала пропуск, схавала яго ў кішэню і шаснула ў падсобку.

Папярэдні ахоўнік, Валянцін Юліянавіч, адстаўны афіцэр на пэнсіі, быў душэўным чалавекам. Але некалькі месяцаў таму ў яго абвастрыўся рэўматызм — пачаліся лекаваньне ды рэабілітацыя, і пакуль ён аднаўляўся, на пост ахоўніка прызначылі новага, маладога ды абыякавага Пецю. Мажны і лянівы Пеця нудзіўся, а з нуды правяраў усё з падвоенай стараннасьцю.

Праз хвіліну ён зазірнуў у падсобку:

— Праз паўгадзіны скончыцца, а дзясятай здаю на сыгналізацыю, — важна паведаміў ён.

Гэта азначала, што Мая Міхайлаўна мела яшчэ гадзіну. Яна сабрала свой рыштунак, падрыхтавалася і з-за кулісаў вызірнула на сцэну. Сьвятло сафітаў засьляпіла ёй вочы. У яе зашумела ўвушшу, нібыта ад аглушальных аплядысмэнтаў. Яна зрабіла некалькі «па» па сцэне, павярнулася і палічыла: «раз-два-тры-чатыры» для левай нагі, «раз-два-тры-чатыры» для правай.

— Ну проста Адэта-Адылія, толькі са швабрай, — рагатнуў Пеця, зайшоўшы ў канцэртовую залю.

Мая не зьвяртала ні на кога ўвагі. Яна круцілася па сцэне са шчоткай у захопленым танцы. Ёй было дзевяць гадоў, калі цётка прывяла яе ў балетную школу. Як сёньня, Мая памятала гэты дзень — першага мая, у дзень працы і вясны.

— Мая Міхайлаўна, — прадставілася яна.

— А прозьвішча вашае не Плісецкая? — усьміхнуўся ў вусы адзін з чальцоў камісіі.

Мая разгубілася і не зразумела пытаньня. Яна паказала свой нумар і пабачыла, што камісія ўхвальна зашамацела.

— Але позна, — адказаў усё той жа вусаты ўсьмешлівы чалец камісіі ейнай цётцы пасьля выступу. — Мы прымаем дзяўчатаў толькі да сямі гадоў.

Яго марна паспрабавалі пераканаць, а пасьля расстроенай Маі цётка набыла марозіва і звадзіла ў парк.

«Зь першым мая, з чым яшчэ — ня знаю, апроч маю, я ня маю, што сказаць», — неслася з радыёкропкі, і Мая рабіла пліе, батманы і глісэ вакол вядра з вадой, падрыхтаванага да прыборкі.

— Ці можна яшчэ пачакаць крыху, пакуль мы зьбярэм камутацыю і тэхніку са сцэны? — зьвярнуўся да Маі супрацоўнік балетнай трупы.

— Заля аплачаная да дзявятай, — раздражнёна агрызнулася яна і працягнула свае сатэ і турнэ.

Яна Вольская, Budzma.org

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць.