“Пікселі” (ЗША, 2015)
Рэйтынг: 12+
Жанр: фантастычны баявік
Працягласць: 106 хвілін
Рэжысёр – Крыс Каламбус (“Адзін дома”, “Гары Потэр” першыя 2 часткі, “Мачахі”)
У ролях: Адам Сэндлер, Кевін Джэймс, Мішэль Монахэн, Пітэр Дынклейдж, Джош Гад.
Прэм’ера ў Мінску: 23 ліпеня 2015
Колькі непатрэбных ведаў і навыкаў набывае чалавек за сваё жыццё? Мы цвёрда ўпэўненыя, што “London is the capital of Great Britain”. Ведаем розніцу паміж ямбам і харэем. І нават трыганаметрычнае ўраўненне можам рашыць. Як часта гэта дапамагала нам у рэальным жыцці? Вось і ўменне гуляць на аўтаматах ці ў камп’ютарныя гульні да грамадска карысных рэчаў аднесці цяжка. Хутчэй наадварот.
Але калі верыць фільму “Пікселі”, уладальнікі гэтага навыку могуць стаць апошняй надзеяй чалавецтва. Для гэтага ў космас трэба было адправіць капсулу з пасланнем іншаземнаму розуму. Дзе, сярод іншай інфармацыі, былі запісы спаборніцтваў па класічных аркадных гульнях: Donkey Kong, Pac-Man, Centipede.
Міралюбівы пасыл іншапланецяне прынялі за аб’яўленне вайны. І па традыцыі (прыгадаем Mortal Kombat) лёс планет павінен вырашыцца ў бойках да трох перамог. А змагацца зямлянам давядзецца з персанажамі гэтых самых гульняў.
Зразумела, што перамагчы Пэкмэна і Змейку ў рэальным жыцці могуць толькі тыя, хто лепш за ўсё гэта рабіў на ігравым аўтамаце. Кампанія падабралася даволі адметная: вечны няўдачнік з нерэалізаваным патэнцыялам, небарака з паранаідальным складам розуму і карлік, схільны да крымінальнага ладу жыцця. Дапамагаць ім будуць крыху недарэчны прэзідэнт ЗША, прыгажуня-палкоўнік-навукоўца і яшчэ цэлая кіпа каларытных, але заштампаваных персанажаў.
Наогул стэрэатыпаў і здзекаў з логікі ў фільме хапае. Іншая справа, што чараўніку Крысу Каламбусу ўдалося з гэткай мешаніны вылепіць стужку надзіва цікавую і смешную. Хоць і не без недахопаў.
Сама ідэя знішчэння Зямлі ператварэннем у пікселі (а дакладней, у вокселі) упершыню з’явілася ў “Футураме”. Потым у 2010 годзе выйшла кароткаметражка Патрыка Жана “Пікселі”. Там васьмібітныя істоты весела і задзірыста пазбавілі Зямлю прывычнай нам формы.
Задума для вялікага экрана перспектыўная. Па-першае, яе арыгінальнасць вылучае стужку сярод сіквелаў-прыквелаў-працягаў. Па-другое, тэматыка адкрывае неймаверныя прасторы для настальгіі і ўспамінаў пра “светлыя васьмідзясятыя”.
Як тут не прыгадаць “Кунг Ф’юры” (“Kung Fury”) Дэвіда Сандберга, што ўзарваў інтэрнэт. Узровень тэстастэрону, звар’яцеласці і пафасу робіць гэтую паўгадзінную стужку сапраўднай квінтэсенцыяй класічнага баевіка. Нешта такое магло атрымацца ў Джорджа Міллера ці Квенціна Таранціна, але не ў Крыса Каламбуса.
Калі хто не памятае, нагадаю, што менавіта гэты чалавек падарыў нашаму дзяцінству першыя дзве часткі “Адзін дома” і “Гары Потэра”. Не згадваючы ўжо пра “Двухсотгадовага чалавека” і “Місіс Даўтфайр”. Гэта значыць, што жорсткай вакханаліі чакаць не прыходзіцца. Напэўна, не апошнюю ролю ў выбары рэжысёра сыграла жаданне прадзюсараў зрабіць фільм больш універсальным: і для сучасных падлеткаў, і для тых, хто быў падлеткам у васьмідзясятых.
Атрымалася не зусім удала. Напрыклад, некаторыя жарты для дванаццацігадовых дзяцей былі занадта дарослымі. Акрамя таго, шматлікія рэверансы класічным стужкам пра прышэльцаў таксама пройдуць міма маладога пакалення.
Тут, дарэчы, усплывае яшчэ адна праблема ўспрымання. Арыентаваліся аўтары ў першую чаргу на амерыканскую аўдыторыю. Зразумела, што настальгічныя ўспаміны – справа далікатная. Амерыканец ніколі ў жыцці не зразумее солі ў фразе “Людк, а Людк!” Так і беларускі сярэднестатыстычны глядач пазнае ў “Пікселях” толькі маладую Мадонну і СіСі Кэпвела з Санта-Барбары. А так губляецца і не ўспрымаецца значная частка атмасферы.
Магчыма, у гэтым прычына такіх разгромных рэцэнзій і водгукаў. Між тым, кіно зусім не дрэннае. Нелады з логікай героі часцяком апраўдваюць адно перад адным. Стэрэатыпныя з першага погляду персанажы знаходзяць чым здзівіць. Так, ад прыхільнікаў тэорый змовы мы даведаемся, што на самай справе Кенэдзі страляў першым. Жартаў хапае, і зала смяялася.
Адна з галоўных прэтэнзій – Адам Сэндлер. Апошнім часам ён з фільма ў фільм іграе самога сябе. Гумар у стужках з ім – так сабе і вельмі на аматара. Але ў “Пікселях” Сэндлера вельмі ўдала разбавілі іншымі акцёрамі. Наогул, каст падабралі адменна, асабліва на другарадныя ролі: Дэн Экрайд, Браян Кокс, Шон Бін. Традыцыйна за лёс апошняга перажываў увесь кінатэатр.
Сапраўднай зоркай стужкі стаў Пітэр Дынклейдж. Адносна мала экраннага часу, але кожнае з’яўленне было трыумфальным. Асабліва ўражваў іх кантрасны дуэт з тэнісісткай Серэнай Уільямс.
Яскрава выступілі і героі відэагульняў. Праўда, Пэкмэн перайшоў на бок зла. Зноў-такі, калі ў свой час не праходзіў узровень за ўзроўнем за гэтага “калабка”, наўрад ці зразумееш боль галоўных герояў ад гэтай навіны.
Пра спецэфекты асобна казаць няма чаго. Усё бачна па трэйлеры: яскрава і відовішчна.
У выніку маем з першага погляду прымітыўную “сэндлераўскую” камедыю, якая на самай справе аказваецца моцнай камедыйнай стужкай з вялізным пластом адсылак да васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя і ўгарным сцёбам над разнастайнымі клішэ нашага сучаснага жыцця.
Вольга Шкрадзюк