Прэм’ера спектаклю тэатра танца Post Scriptum — гэта вам не абы-якое мерапрыемства. Таму тут — і ўвесь цвет берасцейскай інтэлігенцыі, і адсутнасць вольных месцаў у зале. Білеты прадаліся яшчэ за некалькі дзён да паказу, таму дзяўчына, што раз-пораз выбягала з залы ў хол, выносіла запрашальнікі, уласнікам якіх пашчасціла сядзець на дастаўленых крэслах.
Такі ажыятаж з першага погляду выглядае дзіўным. Тэатру танца Post Scriptum усяго 3 гады, яго кіраўніца Вольга Багнюк не мае міжнароднага прызнання, а сам паказ адбываецца далёка не ў найлепшай зале горада. А яшчэ на прэм’еру платны ўваход. 20 тысяч — гэта цяпер, канечне, не грошы, аднак за культуру наш народ не прывык плаціць нават столькі.
Справа, відаць, у самой асобе харэографа. Вось ёсць такія маладыя прафесіяналы, здольныя аб’яднаць вакол сабе людзей з самымі рознымі інтарэсамі, але таксама і прафесіяналаў. Таму няма чаго здзіўляцца, калі, напрыклад, вядомая берасцейская мастачка Марыя Радзько таксама аказваецца задзейнічаная ў спектаклі.
“Унутры мяне вада”
Гэта не паўтарэнне ўрокаў анатоміі — гэта і ёсць новы спектакль Post Scriptum. Непадрыхтаванаму гледачу зразумець паўгадзіннае дзейства трохі складана. Прычым тут вада, калі гаворка ідзе пра каханне, як і ў папярэдняй, дэбютнай працы Вольгі Багнюк “Лабараторыя ўспамінаў”? Чаму акцёры-танцоры носяцца з нейкімі вёдрамі? І мінімум тлумачэнняў са сцэны. Гэта ж кантэмп, дзе ўся філасофія пастаноўкі перадаецца ў рухах, а не ў словах.
Рэжысёрка раскрывае ідэю так: “Вада — гэта, па-першае, метафара мінулага, якое застаецца ў чалавеку. Па-другое, вада — гэта ачышчэнне і вызваленне”. “Ачышчалі” галоўную гераіню, якую сыграла сама Вольга, у самым канцы спектаклю, абліўшы яе двума вёдрамі вады. Як сказалі за кулісамі, халоднай.
Пластычныя спектаклі — штучны тавар
Вольга Багнюк — прафесійны харэограф, закончыла Беларускі дзяржаўны інстытут культуры. Аднак працаваць на сцэне ёй больш падабаецца з аматарамі. Кантэмп дазваляе і гэта, бо ніякіх правіл тут не існуе. Ёсць думка і ёсць пачуццё, якое як хочаш, так і паказвай.
Праўда, адметнасць Post Scriptum не толькі ў даволі рэдкім яшчэ для нашай прасторы танцавальным стылі. Цікава, што калектыў бярэцца ставіць цэлыя спектаклі, хай сабе і невялікія, а займацца гэтым у Берасці больш ніхто не адважваецца. Сама Вольга гэтага не разумее, а таму, не дачакаўшыся паплечнікаў, узялася гадаваць іх сама. Акрамя тэатра танца, у яе ёсць яшчэ студыя, куды ходзяць дзеці і юнакі.
Сумны лёс папярэдняга спектаклю паказвае, што краіне нешта такое не зусім і патрэбна. Бо калектыў калі і выязджаў яго недзе паказваць, то не цалкам, а па частках. А што ж гэта ў такім разе за спектакль?
Ды і планы наконт новай рэчы пакуль не зусім зорныя. Паказаць праз пару тыдняў зноў на роднай сцэне ды вывезці фрагмент ў Мінск на Дзень тэатра.
Аднак развагі пра патрэбнасць-непатрэбнасць даравальныя толькі нам, хто ацэньвае з’яву збоку. Самой жа Вользе Багнюк і ўсім постскрыптумцам трэба проста займацца сваёй справай. І тады нават малапрэстыжная зала Цэнтра моладзевай творчасці перыядычна будзе месцам сустрэчы эліт.
Іна Хоміч