Праца ці кава. Новае freelance-месца – “Место”

Святы скончыліся, трэба сядаць за працу, а нямыты посуд дома муляе вочы? Зрабіце прасцей – кіньце дурныя думкі і бягом працаваць у кавярню! Мы працягваем пошук цікавых месцаў ў Мінску, дзе спалучаецца найлепшае – праца і кава! І сёння мы аглядаем – “Место”!


 

 Тэмпература на дварэ ўсё ніжэйшая, горад вяртаецца ў звыклы рытм, а колькасць працы за святы пачала скрабаць столь. Трэба з гэтым нешта рабіць! Думкі і нататкі ў заплечнік, кашалёк у кішэню – і наперад на чарговую вылазку па смачную каву і файнае месца для працоўнай пасядзелкі!

Гэтым разам я хацеў нарэшце вырвацца з гэтага бермудскага трохкутніка плошчы Якуба Коласа, плошчы Перамогі і Акадэміі навук, але ўжо амаль на мяжы ў вочы кінулася шыльда “Место кофе”. Я ўжо чуў пра гэтае месца, таму пакінуць без увагі гэтую кавярню немагчыма. Заходзім!

Унутры мяне сустракае даволі лямпавае і прыемнае месца ў лофтава-хіпстарскім стылі. Кавярня даволі маленькая, таму я хваляваўся, ці знойдзецца мне вольнае месца. Пашэнціла – і вось на маім стале вада з амерыкана, за спінай разетка, гатовая гасцінна прыняць мае зарадныя, ну а я дастаткова пабачыў, каб ацаніць гэтае месца па нашых традыцыйных крытэрах.

 

Месца

 

“Место” на тое і месца – знаходзіцца кавярня ў зручным месцы, прабачце за таўталогію. Хвілінная даступнасць да метро “Плошча Перамогі” і трамваяў, за некалькі крокаў прыпынак “соткі” – а што яшчэ трэба, каб перасоўвацца па асноўных артэрыях нашай сталіцы? За залатую сярэдзіну – кубак кавы!

 

Кава/гарбата

 Кавярню не дарма расхвальваюць – варыяцыі напояў зашкальваюць, прытым некаторыя назвы сярэдняму каваману могуць быць невядомыя. З класічнага тут толькі эспрэса, двайное эспрэса, амерыкана, гарбата, какава, капучына, латэ і глінтвейн. А астатняе – вельмі цікавыя і яўна смачныя варыяцыі, якія варта будзе паспрабаваць. Тут нават ёсць мандарынавая кава! Асабіста я такога яшчэ не бачыў, як і журавінавы раф, кававы сідр і г.д. Але самае галоўнае, што мяне ўразіла, – падача кавы. Упершыню за маё жыццё мне правільна падалі каву – з кубкам вады! І крыху пра саму каву: даўно не піў такога якаснага амерыкана, шчыра! За такую якасць і варыятыўнасць пастаўлю ажно 2 кубкі кавы!

 

Цэны

 За якасць трэба плаціць. Дыяпазон цэнаў тут, канечне, даволі шырокі – ад 3 да цэлых 7 рублёў за порцыю! Але не трэба палохацца. Асноўны набор для працоўнай атмасферы ў выглядзе амерыкана, эспрэса і двайнога эспрэса абыдзецца ўсяго 3-3,5 рублёў. Больш смачныя, але традыцыйныя напоі ў выглядзе капучына, раф і латэ – ад 3,7 да 5 рублёў за порцыю. Таму можна сказаць, што цэнавая палітыка ў кавярні займае залатую сярэдзіну – тут кожны знойдзе сабе нешта па таўшчыні свайго кашалька. Ёсць і розныя смачныя штукі, але тут нічога новага і дзіўнага, таму можна і не абмяркоўваць.

За залатую сярэдзіну – кубак кавы!

 

Разеткі

 Іх хапае, але, на жаль, яны не каля кожнага століка. Таму калі вы не паспелі заняць “правільнае” месца, то давядзецца пачакаць, калі нехта яго вызваліць. За няпоўную прысутнасць электрычнасці для нашых гаджэтаў – палова кубка кавы!

 

Wi-Fi

 Ён тут ёсць, і самае галоўнае – без гэтай недарэчнай рэгістрацыі праз смс! Пароль проста каля барысты, а хуткасць радуе – амаль 10 МБ/с. Адзіная прыдзірка толькі да адносна нізкай хуткасці адпраўкі дадзеных – нешта адпраўляць будзе даволі доўга. Але за хуткасць і стабільнасць працы – кубак кавы!

 

Прыбіральня

 Прысутнічае, і з ёй ніякіх праблем! За наяўнасць – яшчэ адзін кубак кавы.

 

Час працы

 Ну, тут можна зноў жаліцца на даволі хуткае закрыццё кавярні – яна працуе да 23.00. На жаль, гэта тыповая сітуацыя ў Мінску, бо такім месцам, што знаходзяцца ў жылых дамах, нельга працаваць пазней за гэты час. Але адкрываецца яна ў вельмі добры час для працы – а 9-й ранку. Таму за тыповы для горада час працы – яшчэ адзін кубак кавы.

 

Атмасфера і інтэр’ер

 Як я ўжо казаў, атмасфера лямпавая, няхай і крыху лофтавая. Выражаецца гэта ў тым, што асноўная большасць крэслаў тут без падушак і нейкага мяккага матэрыялу. Канечне, можна дачапіцца, але ж мы сюды працаваць прыйшлі, таму адносная жорсткасць матывуе працаваць, а не спаць. Музыка збольшага ў стылі індзі, грае ціха і сапраўды адчуваецца фонам. За ўвесь час працы тут не ўзнікла жадання надзець навушнікі. Таму за прыемную, працоўную і даволі ўтульную атмасферу – кубак кавы!

 

Забіць нельга памілаваць. Ставім канчатковую коску

 “Место” можна сапраўды назваць адной з найлепшых і самых даступных кавярняў горада. А самае галоўнае – з добрай якасцю абслугоўвання і кавай. Цэны добрыя, амерыкана смачнае, працаваць тут прыемна і для гэтага ёсць усё неабходнае, апроч магчымага чакання месца з разеткамі, хаця шанец такога не надта вялікі.


8,5/8

Ставім знак якасці і кажам шчыра: Freelance-friendly і вельмі смачна!

 

Глядзі таксама:

Праца ці кава. Coffee & kava

Праца ці кава. Wake up cafe

Праца ці кава. “Старыя традыцыі”

 

Багдан Сакалоў