14 лістапада ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы ў партэры сабраліся адна моладзь. Нават калі камусьці аказалася крыху «за трыццаць», усё роўна пастаноўка Цімафея Ільеўскага прымусіла перажыць нанова выдатныя і цяжкія моманты станаўлення сям’і. Так што свежыя пачуцці наведалі кожнага.
Рэжысёр спектакля Цімафей Ільеўскі і мастак-пастаноўшчык Аляксандр Балдакоў звярнуліся да незвычайнага жанру – фотакамедыі кахання. Здымкі суправаджаюць сцэнічнае дзеянне бесперапынна. Буйныя і дробныя планы на экранах іграюць такую ж важную ролю ў спектаклі як жывая ігра артыстаў. Чорна-белыя фатаграфіі розных гадоў, спраецыяваныя на белыя сцены, ствараюць адчуванне глыбокага пранікнення ў радасці і пакуты закаханых – Алены і Алёшы. Усё: колер, святло, геаметрыя прасторы, здаецца, вывераныя з такой дакладнасцю, што беспамылкова перадаюць пачуцці герояў.
Гісторыя кахання Алены і Алёшы расказана яснай, лёгкай, сучаснай мовай. Шмат танцавальных сюжэтаў, з гумарам і тонкім пачуццём меры створаных Валерыем Султанавым. Але ў спектаклі няма ніякага заляцання да маладога гледача. Ён закранае вельмі глыбокія перажыванні чалавека, які ўпершыню ў жыцці сутыкаецца з пакутлівым пачуццём адчужэння каханага і вучыцца жыць удваіх, не губляючы сябе.
Таццяна Шаламава, фота Аксаны Казлякоўскай, Вечерний Брест